Сістэма развіваецца дынамічна, але на якасці спыняцца трэба

- 11:21Дашкольная адукацыя, Рознае
Удзельнікаў рэспубліканскага семінара па дашкольнай адукацыі вітаў Слонім. Што зроблена і над чым трэба працаваць, абмяркоўвалі намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч, начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Давідовіч, прадстаўнікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, абласных інстытутаў развіцця адукацыі, дырэктары дзіцячых садоў і выхавальнікі. Пазнаёміцца з беларускім “дашкольным” вопытам прыехалі і казахскія калегі.
Каб кожнае дзіця магло хадзіць у садок

“Сістэма дашкольнай адукацыі Рэспублікі Беларусь развіваецца дынамічна. На працягу апошніх пяці гадоў паказчык развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі па ахопе дзяцей установамі дашкольнай адукацыі з’яўляецца адным з самых высокіх сярод краін СНД”, — звярнуўся да ўдзельнікаў семінара В.А.Будкевіч. Па даных сусветнага даклада па маніторынгу праграмы “Адукацыя для ўсіх” Рэспубліка Беларусь увайшла ў катэгорыю краін, дзе пачынаючы з 1999 года назіраецца прыкметны рост паказчыкаў ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй. Міжнародныя эксперты адзначылі, што ў нашай краіне, як і ў Славакіі, Чэхіі, Эстоніі, дашкольная адукацыя з’яўляецца ўсеагульнай.
Так, толькі ў трох з усіх краін СНД Паўночна-Усходняй і Усходняй Еўропы (Рэспубліка Беларусь, Расія, Украіна) ахоп дзяцей дашкольнай адукацыі ва ўзросце да 3 гадоў стабільна перавышае 15%. У Беларусі ён складае больш за 35%. Яшчэ вышэйшыя паказчыкі ў дзяцей старэйшага ўзросту. “Наша краіна ўстойліва займае лідзіруючую пазіцыю па ахопе дзяцей ад 3 да 6 гадоў установамі дашкольнай адукацыі. Гэта больш за 94% дзяцей. У сельскай мясцовасці гэты паказчык перавышае 77%”, — адзначыў В.А.Будкевіч. Пяцігадовыя дзеці ўсе наведваюць садок, дзе ўжо ідзе непасрэдная падрыхтоўка да школы. Такім чынам, з усёй рэспублікі каля 75% дзяцей ад года да шасці наведваюць установы дашкольнай адукацыі. У сельскай мясцовасці гэты паказчык ніжэйшы — 53,5%.
Наша краіна ўкладвае значныя інвестыцыі ў сістэму дашкольнай адукацыі. Да такой высновы прыйшлі міжнародныя эксперты. Калі больш дакладна, то сродкі, якія затрачваюцца на дашкольную адукацыю, складаюць прыблізна 1% ад ВУП. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у Еўропе. У Расіі, напрыклад, фінансаванне складае 0,7%, у Малдове — 0,8%, ва Украіне — 0,6%. Так, у гэтым годзе на ўтрыманне ўстаноў дашкольнай адукацыі з бюджэту рэспублікі выдзелена каля 7 трлн рублёў. У сярэднім выдаткаваная сума складае 20% ад агульных бягучых дзяржаўных расходаў на адукацыю. Для параўнання прывядзём наступную статыстыку. У 14 з 79 краін свету, па якіх ёсць даныя, на дашкольную адукацыю выдзяляецца крыху больш за 10% ад агульных бягучых дзяржаўных расходаў на адукацыю. Напрыклад, у Іспаніі і Францыі гэта 10 — 12%. У 65 краінах з гэтага спіса траціцца менш за 10%, у палове з іх гэты паказчык не дацягвае да 5%.
Каб дзеці маглі наведваць садкі, праводзіцца рэканструкцыя і капітальны рамонт устаноў дашкольнай адукацыі. Будуюцца і новыя. Так, у 2012 годзе ў краіне адкрыта 31 установа дашкольнай адукацыі больш чым на 3,5 тысячы месцаў. У гэтым годзе прафінансавана будаўніцтва 16 новых. Для маленькіх выхаванцаў, якія пражываюць у новых мікрараёнах Гродна, Гомеля, Мінска, арганізаваны спецыяльныя маршруты “Малышок”, “Дашкалёнак”. Транспарт па іх ходзіць уранку і ўвечары.
Пры арганізацыі работы сучасных дзіцячых садоў улічваецца графік работы бацькоў. Зараз, акрамя традыцыйных, ёсць групы кароткачасовага і кругласутачнага знаходжання, вячэрнія, адаптацыйныя, прагулачныя, групы выхаднога дня і сезонныя гульнявыя пляцоўкі. Некаторыя дзеці выхоўваюцца па вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі дома. Такі спосаб навучання практыкуецца ў Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях. Ствараюцца і сямейныя дзіцячыя сады. Такіх садоў у краіне налічваецца 17 — пераважна ў сельскай мясцовасці Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей.
Ва ўстановах дашкольнай адукацыі маленькія жыхары Беларусі маюць магчымасць атрымаць адукацыю на роднай мове. Кіраўніцтва аддзела адукацыі фарміруе групы, дзе выхаванне ідзе на беларускай, рускай, літоўскай і польскай мовах — у залежнасці ад сацыяльнага заказу і пажаданняў бацькоў.

Якаснае дашкольнае навучанне

Прыярытэтным кірункам развіцця дашкольнай адукацыі ў Беларусі на 2009 — 2014 гады, акрамя даступнасці, з’яўляецца і якасць адукацыі. “Ад якасці адукацыі залежыць аб’ём і ступень засваення дзецьмі атрыманых ведаў, ступень іх выкарыстання для асабістага і сацыяльнага развіцця і, як вынік, значнасць укладу ў развіццё краіны”, — адзначыла начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Давідовіч. Дарэчы, абмеркаванне праблем якасці адукацыі вядзецца і на міжнародным узроўні. Успомнім хаця б 2000 год, калі 164 краіны свету падпісалі дакумент “Дакарскія рамкі дзеянняў. Адукацыя для ўсіх”, адна з мэт якога (а іх усяго шэсць) — павышэнне якасці адукацыі ва ўсіх яе аспектах.
Асноўнымі параметрамі, па якіх ацэньвалася якасць адукацыйнага працэсу ў розных сістэмах дашкольнай адукацыі, у тым ліку і ў Рэспубліцы Беларусь, з’яўляюцца: якас ць праграм дашкольнай адукацыі (у нас гэта вучэбныя праграмы), якасць адукацыйнага працэсу, колькасць кваліфікаваных педагогаў і суадносіны дарослых і дзяцей у групе. Так, у краіне за апошні час узрасла ўвага да аказання адукацыйных паслуг для дзяцей ва ўзросце да двух гадоў. Таксама прымаюцца меры для эфектыўнага ўзаемадзеяння розных ведамстваў па пытанні адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту. Вопыт такога ўзаемадзеяння рэкамендаваны іншым краінам як мадэль арганізацыі гарызантальнага ўзаемадзеяння розных структур. Нарэшце, забяспечваецца якасць вучэбных выданняў, разлічаных як на выхавальнікаў, так і на выхаванцаў і іх бацькоў.

Кнігі для дашкольнікаў

У Рэспубліцы Беларусь створана айчынная школа навуковых даследаванняў у сферы дашкольнай адукацыі. Навукова-метадычныя кнігі па дашкольнай адукацыі, якія маюць грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, праходзяць абавязковую экспертызу. Так, аналізуецца навуковы складнік выдання. Падрыхтаваны рукапіс чытае і рэцэнзент. Часцей за ўсё гэта практык, які працуе ў сферы дашкольнай адукацыі. Ён вызначае мэтазгоднасць і зручнасць выкарыстання вучэбнага выдання. Што да аўтараў дапаможнікаў, то імі звычайна становяцца спецыялісты і навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, выкладчыкі кафедр устаноў вышэйшай адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых.
З 2008 па 2013 год было выдадзена каля сотні выданняў, якія накіраваны на дзяцей розных узроставых груп. Каб звязаць дашкольную і першую ступень агульнай сярэдняй адукацыі, распрацаваны вучэбна-метадычны комплекс “Мае першыя ўрокі”. Гэтыя кнігі ўстановы дашкольнай адукацыі набываюць цэнтралізавана.
Сярод выдадзеных дапаможнікаў спецыялісты выдзяляюць серыю “Свет дзяцінства”, “Умнейка”. Яны падыходзяць для дзяцей любога дашкольнага ўзросту. Аўтары кніг прапаноўваюць больш за 200 гульняў і заданняў. Кніжка разлічана як на педагога, так і на дзіця. Падрыхтаваны таксама электронны дадатак. Так, дзеці могуць пазнаёміцца з музычнымі творамі і творамі выяўленчага мастацтва. Упершыню падрыхтавана і беларуская версія “Свету дзяцінства”. Для рускамоўнага ж варыянта гэта ўжо не першае перавыданне.

Аўтарытэт прафесіі: катэгорыя і заробак

Калі ідзе гаворка пра сацыяльны статус педагога, з аднаго боку, маецца на ўвазе яго кваліфікацыйная катэгорыя, а з другога — грошы, якія ён атрымлівае за сваю работу. Такія статусныя пытанні разглядаліся на семінары. Аднак аб усім па парадку.
Атэстацыя педагога праходзіць на ўсіх узроўнях прафесійнага развіцця. Гэты працэс замацаваны дакументальна, перш за ўсё Інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў. Праўда, каб дастойна атэставацца, ведання інструкцыі мала.
У гэтым годзе Акадэмія паслядыпломнай адукацыі разам з рэгіянальнымі інстытутамі развіцця адукацыі распрацавала тры вучэбна-метадычныя дапаможнікі, якія складаюць аснову праграм павышэння кваліфікацыі. Гэтыя дапаможнікі маюць электронную версію, якую можна знайсці на сайце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў закладцы “Кафедра дашкольнай адукацыі”.
На гэтым жа сайце ў раздзеле “Кваліфікацыйны экзамен” змешчаны ўсе нарматыўныя, інфармацыйныя і рэкамендацыйныя матэрыялы. Кафедра дашкольнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі распрацавала два дапаможнікі, у якіх разглядаюцца пытанні атэстацыі. У першым, акрамя таго, што тлумачыцца працэдура атэстацыі, даецца разгорнутая праграма падрыхтоўкі да кваліфікацыйнага экзамену. Ёсць і спасылкі на сучасную неабходную літаратуру. Другі дапаможнік навучыць правільна абагульніць педагагічны вопыт устаноў дашкольнай адукацыі, дастойна яго прадставіць і абараніць.
Па заданні Міністэрства адукацыі Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі распрацаваны тэставыя заданні для выніковай атэстацыі выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, якія маюць другую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Пытанні адпавядаюць зместу трох вучэбна-метадычных дапаможнікаў, пра якія ішла гаворка вышэй. Мяркуецца, што іх можна выкарыстоўваць і на курсах павышэння кваліфікацыі, якія праходзяць у рэгіянальных інстытутах развіцця адукацыі.
Самі ж курсы па павышэнні кваліфікацыі ўсё больш пераходзяць у дыстанцыйны рэжым. Менавіта ў такой форме са студзеня 2014 года ў акадэміі пачнецца трохмесячная завочная стажыроўка кіраўнікоў устаноў адукацыі па трох вучэбных праграмах. Так што без умення віртуальна весці зносіны ўжо не абысціся.
Нягледзячы на распрацаванасць сістэмы дадатковай адукацыі, ёсць пэўныя недахопы ў вучэбных праграмах і іншай дакументацыі абласных інстытутаў развіцця адукацыі. Пра гэта гаварыла А.Л.Давідовіч. Па даных Дэпартамента кантролю якасці, змест вучэбных праграм павышэння кваліфікацыі да гэтага часу грунтуецца на мінулых праграмах. Новыя адукацыйныя стандарты дашкольнай адукацыі, зацверджаныя яшчэ ў 2011 годзе, амаль не прадстаўлены ў вучэбна-праграмнай дакументацыі гэтых устаноў. Часта адсутнічае і пералік вучэбных выданняў, якія атрымалі грыф Міністэрства адукацыі і рэкамендаваны Нацыянальным інстытутам адукацыі. “Гэта — трывожны факт, бо гэтыя структуры працуюць над павышэннем кваліфікацыі нашых спецыялістаў”, — рэзюмавала А.Л.Давідовіч.
Не апошняе месца ў павышэнні сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў адыгрывае і павышэнне заработнай платы. Для выхавальнікаў і іх памочнікаў яна вырасце хутчэй за ўсё за кошт павелічэння сумы даплат за катэгорыю. “Спадзяюся, мы зможам упэўніць адпаведныя структуры міністэрства працы і сацыяльнай абароны, міністэрства фінансаў і міністэрства эканомікі. Знойдзем аргументаваныя падыходы для ўстанаўлення справядлівай аплаты працы педагагічных работнікаў, у прыватнасці работнікаў дашкольных устаноў”, — сказаў В.А.Будкевіч. Што да маладых педагогаў, якія яшчэ не атрымалі кваліфікацыйную катэгорыю, то іх “апякаюць” мясцовыя ўлады.
Праўда, у нашай краіне ўжо ёсць прыклады дадатковага заахвочвання і падтрымкі педагагічных работнікаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Так, у Мінску рашэннем сесіі гарадскога Савета дэпутатаў устаноўлены штомесячныя даплаты выхавальнікам, памочнікам выхавальніка. У некаторых раёнах Магілёўскай і Мінскай абласцей пры заключэнні кантракта да водпуску дадаюцца 5 дадатковых каляндарных дзён з захаваннем заработнай платы. Калі так здарылася, што групу наведваюць больш дзяцей, чым належыць па норме, гэта таксама аплачваецца выхавальніку ў залежнасці ад колькасці дзяцей. Даплата ўстанаўліваецца штомесячна.
“Дзяржава, у тым ліку Міністэрства адукацыі, злёгку запазычвала педработнікам, таму што аб’ёмы работы і нагрузка вялікія”, — упэўнены В.А.Будкевіч. Намеснік міністра адзначыў, што Міністэрства адукацыі і галіновы прафсаюз разглядаюць пытанне змяншэння нагрузкі на выхавальнікаў.

Дашкольны вопыт Слонімшчыны

З гасцямі і ўдзельнікамі семінара сваім вопытам падзяліліся выхавальнікі і кіраўнікі дашкольных устаноў адукацыі Слонімшчыны. Перш-наперш наведалі яслі-сад №14 Слоніма, куды займацца ходзяць не толькі дзеці. Ужо не першы год там працуе “Мацярынская школа”, якую наведваюць будучыя мамы. Хтосьці чакае першае дзіця, хтосьці са з’яўленнем хлопчыка і дзяўчынкі атрымае статус мнагадзетнай сям’і. Удзельнікі семінара прыйшлі ў той час, калі мамы спявалі калыханку сваім дзеткам, якія хутка з’явяцца на свет. Мамы прызналіся, што атрымліваюць вялікую асалоду і заспакаенне ад гэтага.
Удзельнікаў семінара прыемна ўразілі ў яслях-садзе № 14 Слоніма заняткі “Чарадзейная нітка” па дзіцячым ручным ткацтве, якія распрацавала выхавальніца гэтага сада. Яна ж прыдумала і дзіцячы ткацкі станок са звычайна рамкі для карцін.
Адпачываюць і, галоўнае, аздараўліваюцца слонімскія дзеці ў санаторным ясле-садзе горада. Усе неабходныя здароўезберагальныя прыборы там ёсць. У садзе распрацавана сістэма арганізацыі дыетычнага харчавання для дзетак з рознымі захворваннямі.
У Слоніме ёсць і свой рэсурсны цэнтр “Спецыяльны яслі-сад”, які распрацоўвае метадычныя дапаможнікі для кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія працуюць ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Рэсурсны цэнтр прызнаны не толькі на Слонімшчыне. Сваім вопытам педагагічныя работнікі гэтага сада ўжо не адзін раз дзяліліся на Міжнародным навукова-практычным семінары “Дашкольная адукацыя: вопыт, праблемы, перспектывы”.
Добрым прыкладам таго, як умясціцца на невялікай тэрыторыі, стаў яслі-сад №12 філіяла Слонімскага Упраўлення магістральных газаправодаў адкрытага акцыянернага таварыства “Газпрамтрансгаз”. Калі надыходзіць ціхая гадзіна, ложкі выцягваюцца са спецыяльна адведзенай шафы, а пасля зноў хаваюцца за дзвярыма — і ў дзяцей больш месца для гульні.

Святлана ШЫЯН.
Фота аўтара.