Больш як 30 краін маюць патрэбу ў знешняй харчовай дапамозе, паведамляе Цэнтр навін ААН.
У выніку засухі, якую справакавала Эль-Ніньё, многія жыхары краін поўдня Афрыкі, а таксама Цэнтральнай Амерыкі і Карыбскага басейна сутыкнуліся з пагрозай сур’ёзнага недахопу прадуктаў харчавання. Прагнозы на ўраджай у 2016 годзе ў гэтых рэгіёнах далёка не суцяшальныя, гаворыцца ў новым дакладзе ФАО.
Яго аўтары адзначаюць, што цяпер 34 краіны, у тым ліку 27 краін, размешчаных на афрыканскім кантыненце, маюць патрэбу ў знешняй харчовай дапамозе. Паасобку ім не пад сілу справіцца з наступствамі засухі, паводкі і грамадзянскіх канфліктаў.
Сітуацыя з прадуктамі харчавання ў свеце пагаршаецца наступствамі грамадзянскіх канфліктаў, у тым ліку ў Сірыі, Емене і Іраку.
У іншых частках свету прагноз на ўраджай у бягучым пасяўным сезоне (асабліва на ўраджай азімых у паўночным паўшар’і) у цэлым спрыяльны. Згодна з раннімі прагнозамі, у 2016 годзе чакаецца добры ўраджай пшаніцы, у прыватнасці ў большасці краін Азіі.