Скаўт аднойчы — скаўт назаўжды

- 10:33Апошнія запісы, Выхаванне, Рознае

Правядзенне выязных палатачных летнікаў для беларускіх скаўтаў — справа звычайная. У гэтым годзе такі лагер дзейнічаў на беразе Нёмана каля вёскі Кругліца Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. На працягу трох 9-дзённых змен скаўты і навічкі вучыліся і адпачывалі, мацуючы здароўе і сяброўства. 
У гэтым годзе ўпершыню мне пашчасціла пабываць у скаўцкім лагеры. Пасля першай змены, праведзенай у лагеры, я папрасіла бацькоў дазволіць мне застацца на другую, а потым і на трэцюю змену. Так я правяла сярод скаўтаў 25 дзён, і калі была б магчымасць, засталася там яшчэ.

Як мне паведамілі скаўт-лідары, традыцыі арганізоўваць скаўцкі палатачны лагер на беразе Нёмана ўжо 15 гадоў. Такія лагеры арганізоўваюцца не толькі тут, але і на рэчцы Уша і каля Лагойска.
У лагер дзеці могуць прыехаць з шасці гадоў. Я трапіла сюды толькі ў пятнаццаць і зараз вельмі шкадую, што не пазнаёмілася са скаўцкім рухам раней.
Першы скаўцкі атрад з’явіўся ў Мінску 6 студзеня 1988 года — менавіта з гэтага часу ў Беларусі стаў адраджацца скаўцкі рух. Зараз скаўцкія атрады і дружыны аб’яднаны ў Беларускую рэспубліканскую скаўцкую асацыяцыю. З сакавіка 1998 года асацыяцыя стала членам Сусветнай арганізацыі скаўцкага руху.
Кожны скаўт павінен ведаць, як распаліць вогнішча, закіпяціць на ім ваду і зварыць суп, умець карыстацца компасам, вязаць марскія вузлы, ведаць некалькі малітваў, гісторыю скаўтынгу, цікавіцца краязнаўствам. Менавіта такія веды можна атрымаць у лагеры.

Асновай скаўцкай арганізацыі з’яўляецца патруль (6—8 чалавек). Некалькі патрулёў утвараюць атрад, а атрады аб’яднаны ў дружыны, з якіх складаецца нацыянальная скаўцкая арганізацыя. У лагеры ў гэтым годзе былі тры дружыны: навічкоў 6—11 гадоў (“ваўчаняты” і “вавёрачкі”), дружына імя Барыса Саланевіча і дружына “Форт-Няміга”.

Тут вельмі лёгка знайсці паразуменне. І ты сам і да цябе ўсе незалежна ад узросту звяртаюцца на “ты”.
Прыязджаючы ў палатачны лагер, ты жывеш па іншых — скаўцкіх — законах. Іх усяго дзесяць:
1. Гонар для скаўта вышэй за ўсё.
2. Скаўт верны Богу і адданы Радзіме.
3. Доўг скаўта быць карысным і дапамагаць іншым.
4. Скаўт — сябар усім і брат кожнаму іншаму скаўту.
5. Скаўт ветлівы.
6. Скаўт — сябар жывёл і ўсёй прыроды.
7. Скаўт дысцыплінаваны, падпарадкоўваецца загадам сваіх бацькоў, начальніка патруля, скаўт-майстра.
8. Скаўт вясёлы і ніколі не падае духам.
9. Скаўт сціплы, ашчадны, паважае чужую ўласнасць.
10. Скаўт чысты ў думках, словах і справах.

Мэтай скаўцкага руху з’яўляецца садзейнічанне развіццю дзяцей і моладзі дзеля раскрыцця іх інтэлектуальнага, грамадскага і духоўнага патэнцыялу і выхавання грамадзянскай адказнасці. Скаўты набываюць уменні і навыкі праз уласны вопыт і самі плануюць сваё прагрэсіўнае развіццё, зрабіўшы выбар з мноства разнастайных відаў дзейнасці ў адпаведнасці са сваімі інтарэсамі. Менавіта праз гэтыя дзеянні скаўты развіваюць у сабе самастойнасць і патрэбу да самаўдасканалення праз удзел у грамадскім жыцці, набываюць навыкі самадзейнасці, праходзяць выпрабаванні і атрымліваюць званні і спецыяльнасці.
Скажыце, ці было ў вашым жыцці такое, каб у лагеры вас разбудзілі ў 2 гадзіны ночы па трывозе і пачалася начная гульня? Відаць, не. А гэта была гульня, дзе мы “забівалі” праціўніка, зрываючы з яго павязкі, імкнуліся “выжыць” самі і абараніць свой сцяг.

Вось што напісала пра гэты лагер Рыма Сомкіна, якая прыязджае сюды на працягу шасці гадоў: “Прыязджаючы ў лагер, ты забываешся пра ўсе праблемы, яны застаюцца ў цябе за спінай. Ты пакідаеш усё самае дрэннае і акунаешся ў свет зносін і сяброўства. У скаўцкім лагеры не бывае суму. Нават калі на нейкае імгненне табе стане сумна, людзі вакол не пакінуць цябе ў бядзе. Скаўты — гэта тыя, хто заўсёды побач з табой, нягледзячы ні на што. У лагеры ты жывеш іншым жыццём, там тваё жыццё напоўнена незвычайным святлом і радасцю”.
Зараз я разумею, што скаўцкі лагер падарыў мне самыя яркія ўражанні. І я вельмі шкадую, што толькі зараз пазнаёмілася са скаўтамі і скаўтынгам.

 

Паліна ФАЛАЛЕЕВА,
навучэнка 10 класа гімназіі № 24 Мінска.
Фота Кацярыны НІКІЦІНАЙ.