Skills Passport у руках нашага навучэнца

- 12:09World Skills

Пры падтрымцы нацыянальнага аператара WorldSkills Belarus Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, Саюза “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia) і фірмы “1С” навучэнец Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі Уладзіслаў Комар і нацыянальны эксперт намеснік начальніка інфармацыйна-аналітычнага цэнтра РІПА Вольга Міхайлаўна Бялоцкая прынялі ўдзел у II галіновым чэмпіянаце па стандартах WorldSkills у сферы інфармацыйных тэхналогій Digitalskills-2018 (Казань). Спаборніцтва было накіравана на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій, прыцягненне маладых кадраў у вытворчы сектар эканомікі і развіццё прафесійнай адукацыі.

Уладзіслаў Комар нам знаёмы з нацыянальнага чэмпіянату, які прайшоў у маі 2018 года. У прафесійнай кампетэнцыі “Праграмныя рашэнні для бізнесу” навучэнец выйграў “золата”. Зараз Уладзіслаў працягвае вучыцца ў Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі і сумяшчае вучобу з падрыхтоўкай у ІТ-акадэміі, якая створана на базе Парка высокіх тэхналогій.

Вольга Міхайлаўна Бялоцкая паведаміла, што парк аказвае істотную падтрымку ў падрыхтоўцы нашых канкурсантаў у кампетэнцыі ІТ-тэхналогій і аказваў істотную падтрымку ў падрыхтоўцы Уладзіслава Комара для выступлення ў расійскім чэмпіянаце. З гэтай мэтай сумесна з ІТ-акадэміяй была распрацавана праграма, па якой наш удзельнік рыхтаваўся да спаборніцтва. Асаблівасцю чэмпіянату стала тое, што распрацоўка праграмнага рашэння і дадатку ішла на некалькіх мовах праграмавання. Гэта, безумоўна, ускладняла задачу, але і павышала цікавасць канкурсантаў да прадстаўленых заданняў. Сама кампетэнцыя “Праграмныя рашэнні для бізнесу” была найбольш шматлікай. У ёй выступалі як студэнты УВА, так і спецыялісты, якія ўжо працуюць у арганізацыях ІТ-сферы. Некаторыя з іх прадстаўлялі такія магутныя карпарацыі, як “Расэнерга” і “Расатам”. У спецыялістаў такога ўзроўню ёсць так званыя Skills Passport, дзе адзначана, якімі функцыямі ў галіне інфармацыйных тэхналогій яны валодаюць.

Конкурсныя заданні былі накіраваны на аўтаматызацыю ўсёй работы дырэкцыі WorldSkills Russia, якую канкурсанты павінны былі выканаць за тры дні спаборніцтва. Па выніках конкурсу наш Уладзіслаў Комар выступіў даволі паспяхова і атрымаў Skills Passport.

Ала КЛЮЙКО.