Складнік поспеху — пераемнасць

- 14:05Навіны рэгіёнаў

За 55 гадоў існавання гэтая навучальная ўстанова Кобрына прайшла шлях ад працоўнай політэхнічнай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы № 4 да дзіцячага сада — сярэдняй школы № 4. За гэты час разам з назвай змяніліся статус, традыцыі і імідж установы. Нязменным засталося прызначэнне: фарміраваць веды, уменні і навыкі дзяцей, развіваць іх інтэлектуальныя, творчыя і фізічныя здольнасці.

Педагогі ўстановы пад кіраўніцтвам А.В.Фігурынай працуюць над стварэннем адзінага адукацыйнага асяроддзя, назапашваюць вопыт узаемадзеяння настаўнікаў і выхавальнікаў, шукаюць шляхі паспяховага фарміравання ў дзяцей сацыяльна значных кампетэнцый.
— Галоўны патэнцыял адзінага адукацыйнага асяроддзя складаюць педагогі-прафесіяналы, іх багаты і каштоўны вопыт, добрая матэрыяльная база, — лічыць дырэктар. — Вялікая ўвага ўдзяляецца праблеме пераемнасці адукацыі, адаптацыі дзяцей да навучання ў школе. У гэтым напрамку праводзіцца сістэмная іsm (1)(сайт) паслядоўная работа па паляпшэнні якасці сувязей дашкольнага і пачатковага звяна. Так, выхавальнікі наведваюць вучэбныя заняткі ў 1 класе, а настаўнікі пачатковых класаў — заняткі ў дашкольных групах. Знаёмства са спецыфікай планавання работы ў дзіцячым садку і тэматычнымі планамі правядзення школьных урокаў дазваляе педагогам абменьвацца вопытам, знаходзіць аптымальныя метады, прыёмы і формы работы, а таксама знаёміць з арганізацыяй жыцця і навучання дзяцей. Такое супрацоўніцтва фарміруе ў педагогаў разуменне значнасці працэсу развіцця дзіцяці, а не назапашвання ведаў, дапамагае захаваць здароўе выхаванцаў і выбраць аптымальныя спосабы індывідуальнага падыходу да будучых вучняў.
У 2000 годзе ва ўстанове быў створаны вучэбны цэнтр дашкольнай адукацыі “Малышок”, дзе 5-гадовыя дзеці праходзяць падрыхтоўку да школы. Гэты цэнтр карыстаецца папулярнасцю сярод бацькоў горада і цяпер. Заняткі праходзяць па групах (летась іх было 5) на платнай аснове.
Па словах А.В.Фігурынай, педагогі пачатковай школы выкарыстоўваюць у рабоце як традыцыйныя, так і сучасныя тэхналогіі і методыкі, а для павышэння эфектыўнасці навучання звяртаюцца да гульнявых прыёмаў, якія часта прымяняюцца ў дзіцячым садку.
Вялікая работа праводзіцца і на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Пасля вывучэння вопыту школ Брэста ў бягучым навучальным годзе на базе 5-х класаў былі адкрыты класы з наведваннем факультатыўных заняткаў грамадзянска-патрыятычнай і прававой накіраванасці. Прадметныя факультатывы наведваюць 79% вучняў. З мэтай развіцця іх творчых здольнасцей дзейнічае 21 аб’яднанне па інтарэсах.
Работа педагогаў у старшых класах накіравана на фарміраванне навуковага стылю мыслення школьнікаў, іх грамадзянска-патрыятычнага светапогляду і здольнасці да самастойнага здабывання ведаў. Дзеці вывучаюць прадметы на павышаным узроўні па фізіка-матэматычным (кадэцкі клас) і грамадазнаўчым (юрыдычны клас) напрамках.
— Пра эфектыўнасць работы ўстановы адукацыі сведчаць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па вучэбных прадметах (каля 60% учарашніх вучняў маюць вынікі вышэй чым сярэдні ўзровень па краіне), дынаміка паступлення выпускнікоў ва УВА (больш за 50% па школе і 100% сярод выхаванцаў ваенна-патрыятычных і юрыдычных класаў), працяг адукацыі па выбраных напрамках (каля 35%). Штогод вучні ваенна-патрыятычных класаў удзельнічаюць у міжнароднай змене “За гонар Айчыны”, а вучні юрыдычных класаў — у прававой алімпіядзе “Феміда”, — падагульняе А.В.Фігурына.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота з сайта sch4.kobrin.edu.by.