Складнікі настаўніцкага шчасця

- 11:43Педагагічная майстэрня

Калі мы, выпускнікі педагагічных універсітэтаў, прыходзім у школу на сваё першае месца работы, то заўсёды думаем, што гэта ненадоўга, спадзяёмся на прэстыжныя пасады ў будучыні, марым аб цікавым, насычаным падзеямі жыцці. У выніку маладым педагогам застаецца невялікі выбар: або застацца і захоплена працаваць з маладым пакаленнем, заражаючы іх прагай пазнання свету, або не працаваць у школе зусім.

Каб чароўная кветка расцвіла

Не ўсе выбіраюць першы шлях, няпросты, напоўнены пошукамі сябе як асобы, праблемамі ўзаемаадносін з навучэнцамі, іх бацькамі, калегамі. Маладому настаўніку кожны дзень даводзіцца працаваць над сабой, удасканальвацца прафесійна, аналізаваць свае дасягненні і праблемныя сітуацыі. Гэта вечны стан барацьбы, якую кожны настаўнік вядзе не з кім-небудзь іншым. Гэта нябачная, але бесперапынная барацьба з самім сабой: за рост паспяховасці ў сваіх навучэнцаў, за паляпшэнне вучнёўскіх дасягненняў на розных узроўнях алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый, за тое, каб знайсці крыху часу павысіць свой прафесійны ўзровень, вывучаючы навінкі літаратуры па прадмеце, навучыцца выкарыстоўваць найноўшыя метады і тэхналогіі. Самае важнае пры гэтым — не спыняцца на дасягнутым, працягваць рознабакова развівацца, як бы цяжка ні было. Бо гэта і складае сутнасць педагога, яго жыццё і дзейнасць.

Таму маё педагагічнае крэда — “Удасканальвай сябе, і ўсё, што ты будзеш рабіць, будзе імкнуцца да дасканаласці”. З гэтым дэвізам я і працягваю працаваць з маімі навучэнцамі, узаемадзейнічаць з калегамі і, увогуле, будаваць свае адносіны з людзьмі.

Безумоўна, спосабы і сродкі ў дасягненні кожнай мэты таксама маюць значэнне. Вельмі важна ні ў якім выпадку не страціць давер, аўтарытэт у сваіх вучняў. Я ніколі не адмаўляю ім у дапамозе, заўсёды стараюся данесці неабходную інфармацыю дакладна і зразумела, разабрацца ў прычынах маленькіх няўдач, каб потым шлях здабывання ведаў не стаў праблемай, пакутай для няўпэўненых у сабе дзяцей. Я мару аб тым, каб, як чароўная кветка, гэтыя веды раслі і расцвіталі ў розумах і душах школьнікаў, ператвараючыся ў надзейную апору, тую базу ведаў і ўменняў, якую мы з імі так доўга і ўпарта стваралі і бераглі.

Многім людзям працэс навучання замежнай мове ўвогуле здаецца лёгкай, нязмушанай, простай справай, дзе можна не прыкладваць асаблівых намаганняў, і, не напружваючыся, працаваць з невялікай групай навучэнцаў на ўроку, абмяркоўваючы звычайныя жыццёвыя тэмы. Але варта ўдумацца ў мэту, якую рэалізоўвае настаўнік замежнай мовы на кожным сваім уроку, — фарміраванне полікультурнай асобы, і не кожны адразу зможа адказаць, як гэта трэба рабіць у сістэме.

Сістэма выкладання — гэта ўвогуле самае галоўнае ў працэсе работы кожнага педагога, бо без яе немагчымы высокі вынік узаемадзеяння настаўніка і вучня. Пераканана, што кожны вопытны настаўнік мае сваю ўласную, арыгінальную сістэму выкладання, дзякуючы якой вучань фарміруе свой багаж ведаў, удасканальвае набытыя ўменні і навыкі, а потым пераўзыходзіць свайго настаўніка, што з’яўляецца абсалютна натуральнай з’явай.

Пазбегнуць руціны

Кожны дзень, на кожным сваім уроку я не перастаю здзіўляцца, якімі гібкімі і падатлівымі могуць быць юныя розумы пры штодзённай рабоце, многія з іх імгненна запамінаюць той матэрыял, які выкладае ім настаўнік, усё — ад асобна ўзятага слова і выразу да самых тыповых словазлучэнняў, сказаў, вывадаў іх педагога. Мае вучні — гэта і ёсць, уласна кажучы, адлюстраванне маёй работы з імі. У іх маўленчай дзейнасці я адразу пазнаю сябе і, канечне, адразу дзіўлюся, потым радуюся і ганаруся. Адсюль і маё невычэрпнае жаданне быць і жыць у школе, вучыць і вучыцца, прафесійна расці і развівацца, што дазваляе забыць уласныя праблемы.

У сваёй педагагічнай дзейнасці я стараюся пазбегнуць руціны і сумных урокаў. Кожны ўрок, а асабліва ўрок кантролю ведаў і ўменняў, прапаноўваю школьнікам ператварыць у свята дэманстрацыі іх уласных дасягненняў, ніколі не параўноўваю больш і менш паспяховых навучэнцаў паміж сабой: у кожнага свае здольнасці, свой тэмп, свой узровень, свой лёс, нарэшце. Але лянота, безадказнасць і непавага ніколі не знойдуць у мяне падтрымкі. Мае вучні пра гэта ведаюць і стараюцца не засмучаць мяне, бо перакананы, што такім чынам яны фарміруюць у настаўніка ўласную думку пра сябе. А гэта для многіх высокаматываваных і інтэлектуальных дзяцей вельмі важна, гэта і іх асабісты аўтарытэт сярод педагогаў.


Свае ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы я стараюся зрабіць кожны раз пазнавальнымі, цікавымі, незвычайнымі, напоўненымі пошукам ведаў і развіццём новых уменняў. Калі група дзяцей мае аднолькавы ўзровень навучання, то на ўроках мне даводзіцца цяжка ад іх невычэрпнай энергіі, жадання хутчэй і правільней за ўсіх адказаць. Тады, вядома, мы разам прыдумваем, як зрабіць сістэму апытання больш эфектыўнай, каб ніхто не застаўся недаацэненым, кожны быў заўважаны і раўнамерна выкліканы настаўнікам. Пасля выпрацоўкі пэўнай стратэгіі работа на ўроку праходзіць дакладна, без лішніх пытанняў і ўзаемнай крыўды.

Асабліва актыўна працуюць мае вучні з матэрыялам, які прадугледжвае фарміраванне сацыякультурнай і краіназнаўчай кампетэнцыі. Большасці з іх цікава даведацца аб ладзе жыцця, звычках, традыцыях і звычаях народа краіны, мова якой вывучаецца. Пра гэта я магу паведаміць ім дастаткова шмат інфармацыі, прыводзячы ўласныя выпадкі з вопыту зносін з прадстаўнікамі нямецкага народа, прыводзячы пры гэтым яркія прыклады міжкультурнага і міжасобаснага ўзаемадзеяння.

Чаму нямецкаму народу многае бачыцца іначай, чым беларускаму? Чаму ў Германіі шмат старажытных гарадоў, цудоўных славутых мясцін, столькі казачных свят, непаўторны маляўнічы ландшафт, столькі ўвагі ўдзяляецца дзецям і моладзі, столькі створана для іх?

Колькі трэба ведаць і ўмець кожнаму педагогу, каб у найцікавейшай форме данесці неабходную інфармацыю да дзіцячага розуму, які прагне ведаў! Але асабліва важна, выкарыстоўваючы цікавы і даступны моўны матэрыял, не забыць таксама пра тое, што і ў сваёй краіне ёсць на што паглядзець, з чым пазнаёміцца і палюбіць усё гэта: гасцінны і прыязны беларускі народ, яркія традыцыі, каларытныя святы, прыгожыя і дагледжаныя гарады і вёскі.

Пра ўсё гэта мы з дзецьмі вучымся гаварыць на ўроках нямецкай мовы, пры гэтым крытычна мысліць і абгрунтоўваць думку кожнага з іх. Яны актыўна ўключаюцца ў дыялогі, абмеркаванні, дыскусіі, чаму таксама даводзіцца карпатліва і не спяшаючыся вучыцца.

Заўсёды ў “моўнай форме”

На жаль, я, настаўнік нямецкай мовы, не маю магчымасці ўдасканальваць уласныя маўленчыя веды, уменні і навыкі ў краінах, мова якіх вывучаецца. Таму я ствараю асяроддзе спантанных моўных зносін на сваіх уроках не толькі для сябе, але галоўным чынам для сваіх навучэнцаў. Штодзённа і на кожным уроку мы з навучэнцамі размаўляем на нямецкай мове, тут кожны мае перавагі: адны фарміруюць свае ўменні, іншыя развіваюць сваю замежную мову, а я як настаўнік удасканальваю і падаю ў гэтым прыклад, бо бесперапыннае ўспрыманне замежнай мовы таксама адыгрывае даволі вялікую ролю ў навучанні замежнай мове. У гэтым сэнсе я для кожнага майго вучня “адзіны немец”, з якім ім звыкла размаўляць без страху зрабіць памылку.

На этапе ўвядзення ў іншамоўныя зносіны я звяртаюся на нямецкай мове да кожнага з маіх падапечных, штодзённа пытаючыся аб іх самаадчуванні, настроі, школьных справах і праблемах, здароўі членаў сям’і, аб надвор’і і яго ўплыве на работу на ўроку. Канечне, адказы на ўсе гэтыя пытанні мне ўдалося атрымаць не адразу, а ў сістэме бесперапыннага пашырэння кола гэтых пытанняў і пошуку адказаў на іх на кожным з урокаў. Такім чынам, любы з навучэнцаў адчувае маю асаблівую ўвагу і станоўчыя адносіны да яго, сімпатыю да яго сям’і, бо я ж цікаўлюся ўсім гэтым і пытаюся ў яго на нямецкай мове.

У апошнія некалькі гадоў я прапаноўваю навучэнцам задаваць адно аднаму аналагічныя пытанні, прыдумваць свае, аўтарскія, часам каверзныя, каб урокі не страцілі сваёй жывасці і актуальнасці, каб кожны заўсёды знаходзіўся ў сваёй “моўнай форме” і не адбываўся працэс рэгрэсу.

Канечне, сапраўдныя жывыя зносіны з носьбітамі замежнай мовы нішто не заменіць. Таму я выкарыстоўваю любую магчымасць для такіх зносін: наведваю майстар-класы для педагогаў і разам з навучэнцамі — мерапрыемствы, якія праводзіць Інстытут Гётэ ў Мінску ў рамках супрацоўніцтва ў адной са школ нашага горада, дзе сама стараюся ўключыцца ў зносіны і арганізаваць іх для маіх навучэнцаў.

Безумоўна, дзецям нялёгка пачаць размаўляць на нямецкай мове, бо сапраўдны немец для іх быццам іншапланецянін, якога спачатку трэба добра разгледзець, а потым паверыць і прывыкнуць да таго, што ён разумее і гаворыць толькі на нямецкай. А ўсё гэта займае пэўную колькасць часу.

З гэтага навучальнага года мае навучэнцы пачалі практыкаваць зносіны з равеснікамі, выкарыстоўваючы электронную пошту, што, несумненна, садзейнічае павышэнню матывацыі да прадмета. У многіх з іх з’явілася магчымасць самастойнага развіцця ўменняў і навыкаў іншамоўных зносін з выкарыстаннем сучасных тэхналогій.

Такім чынам, усю маю дзейнасць на сённяшні момант можна ахарактарызаваць словамі брытанскага філосафа Алана Чалмерса: “Вялікія складнікі шчасця: мець, чым заняцца, што любіць і на што спадзявацца”. Усё гэта ў мяне ёсць, усё гэта мне падабаецца, без усяго гэтага я ўжо не ўяўляю свайго жыцця.

Інеса КРАСІКАВА,
настаўніца нямецкай мовы гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра.