Скрынка дабра

- 12:41Нашы дзеці

У Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі прайшло мерапрыемства, арганізаванае Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь. Гэтая падзея завершыць дабрачынную акцыю па зборы “Скрынкі дабра”, якая праходзіла ў музеі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.

У перыяд навагодніх і калядных свят кожны чакае цудаў і чараўніцтва. Але мы не задумваемся пра тое, што часам нават звычайныя рэчы могуць стаць для некага вялікай радасцю. У пачатку снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачалася акцыя па зборы “Скрынкі дабра” ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” для Цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах.

Дарагое лячэнне часта не пакідае сем’ям сродкаў на маленькія радасці. Разам з наведвальнікамі музея яго супрацоўнікі хацелі даць магчымасць дзецям, якія доўгі час знаходзяцца ў бальніцы, адчуць святочны настрой і атрымаць падарункі. Дзякуючы дабрыні і спагадлівасці людзей, была сабрана вялікая колькасць цацак і развіццёвых гульняў, кніг, размалёвак і іншых матэрыялаў для творчасці. Усё гэта перададзена Цэнтру дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі 10 студзеня. Таксама ў гэты дзень супрацоўнікі музея правялі майстар-клас па вырабе народнай цацкі з тканіны “Калядны анёл”. На думку работнікаў музея, такая акцыя стане прыемным падарункам для дзяцей і іх бацькоў і дапаможа прыцягнуць увагу да праблем сем’яў, дзе хварэюць дзеці.

Прэс-служба Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.