Словы як кветкі, словы як краскі

- 11:18Адукацыйная прастора

У гэты дзень першы ўрок у пачатковых класах Квасоўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна адбыўся не як звычайны, а як спецыяльны ўрок праекта “Чытаем па-беларуску з Velcom”. У госці да школьнікаў завіталі каардынатар праекта, дарэчы, выпускніца Квасоўскай школы, Катажына Ваўкоўская і акцёр, журналіст Юрый Жыгамонт.

Вучні школы, а выкладанне тут вядзецца на беларускай мове, сталі аднымі з першых удзельнікаў мерапрыемства. Юрый Жыгамонт гаварыў з дзецьмі аб роднай мове, беларускіх пісьменніках, і гэта быў не маналог, а дыялог, удзельнікамі якога дзеці былі як роўныя, паказаўшы добрае веданне мовы.

— Вельмі прыемна і адказна было стаць удзельнікам гэтага цікавага праекта, — гаворыць дырэктар Квасоўскай сярэдняй школы Алег Хрыптовіч, — нашы дзеці паказалі сябе зацікаўленымі слухачамі і добрымі знаўцамі роднай мовы.

Сустрэчы ў гэты дзень адбыліся яшчэ ў дзевяці школах Гродна. А ў Новым замку ў гонар 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча адбыўся спецыяльны ўрок, прысвечаны гэтай даце. Удзел у ім прынялі навучэнцы Гродзенскай гарадской гімназіі, вядомыя беларускія пісьменніцы Раіса Баравікова і Алена Масла. Вершы Багдановіча разам са школьнікамі і гасцямі прачыталі дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка, загадчык музея Максіма Багдановіча Алена Рапінчук, тэлевядучыя Аляксандр Улейчык і Юрый Жыгамонт.

Як паведаміла Катажына Ваўкоўская, год назад кампанія Velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ініцыіравала сацыяльны праект па папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры “Чытаем па-беларуску з Velcom”. Да канца гэтага навучальнага года праект завітае ў 150 школ краіны. А на Гродзеншчыне да акцыі далучыліся ў навучальных установах Ваўкавыска, Слоніма, Навагрудка, Смаргоні.
Трэба адзначыць, што да чытальнікаў вершаў, якія былі заяўлены ў праграме ўрока ў Новым замку, далучыліся і добраахвотнікі. У падарунак ад пісьменнікаў гімназісты атрымалі кнігі беларускіх аўтараў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.