Смачна есці, або Рэцэпт добрага адпачынку

- 12:45Выхаванне, Рознае

Поспех летняга аздараўлення дзяцей залежыць ад многіх фактараў. Асноўныя з іх можна прасачыць па намінацыях рэспубліканскага конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер з кругласутачным, дзённым знаходжаннем дзяцей, які штогадова праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. А намінацыі такія: “Лепшае добраўпарадкаванне лагера “Мой лагер — мой маленькі дом”, “Лепшае медыцынскае забеспячэнне дзяцей у аздараўленчым лагеры “Быць здаровым — гэта здорава!”, “Лепшая арганізацыя харчавання ў аздараўленчым лагеры “Здаровае харчаванне — здаровае дзіця” і “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета больш яркім”. Летась у намінацыі, што тычыцца харчавання, перамог дзіцячы аздараўленчы лагер імя Гагарына. Туды мы і накіраваліся, памятаючы, што без здаровага харчавання ніякі адпачынак не будзе ў радасць, асабліва адпачынак дзіцячы.

Перамога не першая

Лагер імя Гагарына знаходзіцца ў вёсцы Азёрны Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці побач з санаторыем “Волма”. Абодва належаць дзяржаўнаму прадпрыемству “Мінсктранс”. Адпаведна, адпачываюць у лагеры ў асноўным дзеці супрацоўнікаў прадпрыемства — мінскія школьнікі, усяго па 280 чалавек у кожную з чатырох 18-дзённых змен. Пуцёўка абыходзіцца бацькам у 450 тысяч рублёў — гэта 10% ад яе поўнага кошту.

Ля варот летніка нас сустракае яго начальнік, былая настаўніца фізкультуры сярэдняй школы № 108 Мінска Наталля Міхайлаўна Макейчык, якая ўжо некалькі гадоў цалкам прысвяціла сябе рабоце ў лагеры, з’яўляецца штатным супрацоўнікам “Мінсктранса”. І адразу, можна сказаць ад парога, Наталля Міхайлаўна пачынае для нас своеасаблівую экскурсію.


Паглядзець і сапраўды ёсць на што — у ходзе гутаркі высвятляецца, што лагер двойчы быў пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу ў намінацыі “Добраўпарадкаванне тэрыторыі”, перамог у намінацыі “Здаровае харчаванне — здаровае дзіця” не толькі летась, але і па выніках аздараўленчай кампаніі 2013 года, а пяць гадоў назад заняў першае месца ў намінацыі “Лепшае медыцынскае забеспячэнне”. Дадам, што ў 2014 годзе начальнік лагера атрымала з рук міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Станіславаўны Ананіч дыплом за актыўную прапаганду чытання ў ходзе рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”.

Вось так, слухаючы аповеды пра гісторыю лагера, яго падрыхтоўку да сезона, на якую прадпрыемства не шкадуе ні сіл, ні сродкаў, мы рухаемся да харчаблока і адміністрацыйных будынкаў летніка. Ідзём паміж домікаў 1970 года пабудовы, якія былі адрамантаваны не так даўно — цяпер тут двух- і трохмесныя пакоі для дзяцей сярэдняга і старэйшага ўзросту і чатырох-, пяцімесныя — для малодшых школьнікаў, пакой выхавальніка, санвузел. Крыху далей бачым і новыя домікі, якія тутэйшая дзятва ахрысціла “Рублёўкай”.

У кожнага з 26 домікаў, і старых, і новых, — сваё аблічча, свае ўпрыгажэнні, па-свойму ўпарадкаваная тэрыторыя. Тут і велізарныя шахматы, і трамвайчык, і вадаспады, і фламінга, і шмат чаго яшчэ. Побач — міні-басейны з падагрэвам і фільтрацыяй вады для кожнага атрада ў спецыяльных палатках. А сёлета ў лагеры, памятаючы пра Год культуры, стварылі алею замкаў Беларусі, і кожны домік — гэта ўжо не домік, а замак — Нясвіжскі, Лідскі і г.д.

Карацей, тое, што на базе лагера імя Гагарына ў свой час праходзіла падвядзенне вынікаў аздараўленчага сезона па Мінску, не здзіўляе ніколькі. Ствараюць такую прыгажосць і супрацоўнікі “Мінсктранса”, рыхтуючы летнікі да сезона, і педагогі, якія працуюць у лагеры. У асноўным гэта настаўнікі сталічных і мясцовых школ, а таксама студэнты. Усяго ў лагеры 40 выхавальнікаў, старшы выхавальнік, педагог-арганізатар, культарганізатар, педагогі дадатковай адукацыі, педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог, інструктар па фізкультуры, тэхперсанал.

Галоўнае — каманда

Так, спыняючыся ледзь не на кожным кроку, каб разгледзець домікі і тэрыторыю вакол іх, мы падыходзім да харчаблока, што размясціўся ў даволі вялікім будынку. Сталовая тут разлічана на 250 чалавек, так што дзеці змяшчаюцца ўсе, у адну змену, акрамя дзяжурнага атрада, які займае месца за столікамі пазней, выканаўшы ўсе свае абавязкі.

На парозе вытворчых цэхаў і кухні нас сустракае шэф-кухар Людміла Аляксандраўна Шкода. Яна працуе ў гэтым лагеры не першы год. Асноўнае ж месца работы Людмілы Аляксандраўны і многіх яе калег у летніку — камбінат школьнага харчавання Маскоўскага раёна Мінска. Так, непасрэднае месца работы нашай суразмоўніцы — сярэдняя школа № 145.


Экскурсія па харчаблоку, якую праводзяць для нас начальнік лагера і шэф-кухар, атрымліваецца даволі працяглай, бо памяшканняў тут шмат: цэх для гародніны, пакой сутачнага набору прадуктаў, мяса-рыбны цэх, цэх халоднай прадукцыі, варачны цэх, цэх выдачы гатовай прадукцыі, мыйнае памяшканне кухоннага посуду, мыйнае аддзяленне сталовага посуду, цэх для нарэзкі і захоўвання хлебабулачных вырабаў. А непасрэдна ў кухні нам з гордасцю дэманструюць параканвекцыйную печку з цеплавой расстойкай цеста, з якога тутэйшыя кухары робяць выпечку для дзяцей, каб не везці яе з горада, гатуюць іншыя стравы, а таксама механічную прыточна-выцяжную вентыляцыю, якая забяспечвае аптымальны мікраклімат для супрацоўнікаў. А яшчэ летась прадпрыемства набыло для лагера аўтамабіль з ізатэрмічным кузавам.

Пры гэтым усе памяшканні, уключаючы памяшканні для асабістай гігіены, размешчаны так, каб выключыць сустрэчны паток сырой і гатовай харчовай сыравіны і прадуктаў, чыстага і бруднага посуду.

— Перамога ў конкурсе адбылася дзякуючы ўдзелу кожнага, — завяршае наша знаёмства з харчаблокам Л.А.Шкода. — Каб перамагчы, неабходна адна вялікая дружная каманда. Зразумела і тое, што, каб харчаванне было здаровым, неабходна заахвоціць да работы ў лагеры добрых прафесіяналаў. У лагеры імя Гагарына яны ёсць. Гэта шэсць кухараў ад камбіната школьнага харчавання Маскоўскага раёна Мінска, шэф-кухар, яго намеснік, дыетсястра і медыцынскія работнікі, зальныя работнікі, два афіцыянты.

— Чаму работнікі харчаблока ахвотна едуць да нас і прыязджаюць неаднойчы? — у сваю чаргу задаецца пытаннем начальнік лагера Н.М.Макейчык. — Таму, што для іх створаны камфортныя ўмовы працы. І яны ў сваю чаргу працуюць вельмі якасна, з поўнай аддачай. Пастаянныя кадры — гэта таксама важны складнік поспеху, у нас так і атрымліваецца.

І гэтыя словы, думаецца, сапраўды заключаюць асноўны рэцэпт поспеху. Канечне, я разумею, што не кожная арганізацыя здолее выдаткаваць такія сродкі на свой летнік. Але не абавязкова мець тую ж параканвекцыйную печку, каб наладзіць якаснае харчаванне. Напрыклад, дасканалае выкананне норм гігіены не патрабуе вялікіх выдаткаў, як не патрабуе іх адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў кожнага работніка і харчаблока, і ўсяго лагера. Можа быць, пры немагчымасці, скажам, набыцця самага сучаснага абсталявання перамагчы ў конкурсе і не атрымаецца, але наладзіць харчаванне дзяцей на годным узроўні ўдасца без сумненняў.

На здароўе!

Харчаванне малых у лагеры наладжана на аснове прыкладных двухтыднёвых рацыёнаў з улікам узросту дзяцей. Яно пяціразовае з інтэрвалам 3,5 — 4 гадзіны. Штодзённа праводзіцца С-вітамінізацыя трэціх страў аскарбінавай кіслатой, арганізавана дыетычнае харчаванне для тых дзяцей, якім гэта неабходна. А вада ў летніку выкарыстоўваецца негазаваная, прамысловай вытворчасці.

З прадпрыемствамі Мінска заключаны прамыя дагаворы на пастаўку прадукцыі, а з Чэрвеньскім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі —дагавор на санітарна-гігіенічныя і мікрабіялагічныя даследаванні проб харчовых прадуктаў.


Зрэшты, летась, калі лагер удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе, тут падчас трэцяй змены арганізавалі для дзяцей навучанне па асновах здаровага ладу жыцця, стварэнне актыўнай жыццёвай пазіцыі, накіраванай на фарміраванне здаровых звычак, адказнага стаўлення да свайго здароўя і здароўя іншых людзей. Напрыклад, у рамках акцыі “Культура здаровага ладу жыцця” з дапамогай прынцыпу “роўны навучае роўнага” дзеці пазнаёміліся з паняццем здаровага харчавання. А яшчэ ў летніку правялі конкурс газет “Па смачную і здаровую ежу”, арганізавалі іншыя мерапрыемствы. І хаця ў іншыя змены яны не праводзяцца, інфармацыю аб здаровым харчаванні дзеці атрымліваюць пастаянна, а галоўнае, яны на практыцы бачаць, што гэта такое. І не толькі бачаць, зразумела, яны так штодзённа харчуюцца, набываючы карысныя звычкі, якія, магчыма, не ва ўсіх фарміруюцца дома.

— Кожныя дзесяць дзён я здаю начальніку лагера даныя па выкананні натуральных норм харчавання, і, калі трэба, мы ўносім у меню неабходныя карэкціроўкі, — гаворыць дыетсястра Ганна Васільеўна Ганчар, якая пастаянна працуе ў дзіцячай паліклініцы № 15 Мінска. — Дадаткова ўсе жадаючыя ходзяць у санаторый “Волма” (ён тут зусім побач) па кіслародныя кактэйлі.

Падчас візіту ў лагер імя Гагарына мы ўбачылі, як старшы выкладчык кафедры гігіены і медыцынскай экалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алеся Леанідаўна Седакова працуе з дзецьмі, вымяраючы пэўныя паказчыкі іх здароўя. Яна расказала, што на пачатку змены вымяраецца індэкс масы цела кожнага дзіцяці. Тыя, у каго ёсць залішняя вага, атрымліваюць рэкамендацыі па харчаванні і рухальнай актыўнасці, за выкананнем гэтых рэкамендацый сочаць супрацоўнікі лагера. І нават бацькам не дазваляецца прывозіць малым шкодныя для іх здароўя прадукты.

А сёлета дадаткова даследуюцца адаптацыйныя магчымасці дзіцячага арганізма ў новых умовах пражывання. Дзеці пасля гэтых даследаванняў таксама атрымліваюць неабходныя рэкамендацыі. Часцей за ўсё залішнюю вагу выяўляюць у 10-гадовых хлопчыкаў, але да канца змены многім удаецца яе зменшыць. Вынікі даследаванняў плануецца выкарыстаць для работы з дзецьмі па ўсёй краіне.

Не сумняваюся, што дзякуючы ўсяму гэтаму многія малыя і іх бацькі пачынаюць задумвацца аб тым, што і ў якой колькасці яны спажываюць. А падчас знаходжання ў лагеры хлопчыкі і дзяўчынкі прывыкаюць да здаровага харчавання, пры гэтым смачнага. Так, Ліза Кніга, якая адпачывала ў летніку ў першую змену, кажа, што тут смачнае ўсё. Пэўна, з ёй згодны і іншыя дзеці.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.