Сонечныя кветкі настаўніцкага лёсу

- 10:53Людзі адукацыі

Імя Наталлі Шчагловай у настаўніцкай супольнасці Віцебшчыны пастаянна на слыху. Яркая, харызматычная, абаяльная і бясконца аддадзеная сваёй справе. Выдатны прафесіянал з адметным стылем работы. Педагог са звычайнай гарадской школы, вучні якой з зайздроснай рэгулярнасцю становяцца фіналістамі і пераможцамі Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, а на гарадскім яе этапе перамагаюць цэлымі класамі. Восенню мінулага года яны віншавалі з перамогай Наталлю Уладзіміраўну, калі тая вярнулася з Мінска з дыпломам ІІІ ступені конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2017”.

На ўроку, педагагічнай канферэнцыі, курсах для слухачоў абласнога інстытута развіцця адукацыі яна заўсёды ў імклівым руху. “Люблю хуткасць, нават машыну хутка ваджу”, — прызнаецца з усмешкай. Успамінае, што ў школе яе любімым урокам была фізкультура. Хаця прафесійна спортам ніколі не займалася. Разам з тым ужо настаўніцай абараняла гонар сваёй установы адукацыі на раённым першынстве па настольным тэнісе — і ўпэўнена перамагла. А ў школьныя гады матэматыка была тым, што на дзіва лёгка атрымлівалася. На дзіва, бо ў сям’і матэматыкаў не было. Найвышэйшы аўтарытэт, маці, увогуле з лічбамі і формуламі з дзяцінства не сябравала.

— Матэматыка давала інтэнсіўнасць, чаго ў паўсядзённым жыцці бракавала, — успамінае Наталля Уладзіміраўна. — Калі сядзіш за прыкладамі, паспяваеш у працэсе рашэння важнае для сябе абдумаць. На ўроку літаратуры так не атрымаецца, там трэба слухаць. Яшчэ вельмі пашанцавала з настаўніцай. Тамара Васільеўна Сафонава была з намі, вучнямі сярэдняй школы № 4 Чашнікаў, з 5 класа, спачатку як педагог-прадметнік, потым як класны кіраўнік. Яна многаму мяне навучыла, у першую чаргу цярплівасці, адказнасці. Яе ўрокі сталі жыццёвым правілам: любое пачынанне даводзіць да канца, падабаецца — не падабаецца, а ўзяўся — рабі. Няма цярплівасці — не будзе ні хуткасці, ні выніку.

Пра месца далейшай вучобы пасля школы залатая медалістка не раздумвала: для паступлення ў ВДУ імя П.М.Машэрава трэба было здаваць толькі матэматыку. Дзяўчына была цвёрда ўпэўнена, што вытрымае экзамен на “выдатна”.

— Навошта хапацца за іншае, калі я ў матэматыцы знаходзіла сябе, — разважае суразмоўніца. — Выбіраць трэба тую спецыяльнасць, якая па душы, дзе ты камфортна сябе адчуваеш. А камфортнага ў матэматыцы — ты або ўмееш, або можаш навучыцца.

У любым выпадку ёсць дакладна акрэсленая лінія пошуку, правільны адказ, рашэнне. Ва ўніверсітэце, дарэчы, усё абярнулася нечакана. Мне раней здавалася, што матэматыку ведаю. Адчувала сябе ледзь не геніем, пакуль не паступіла. Толькі тады зразумела, як мала на самай справе ведаў, як многа трэба працаваць.

Але працаваць умела і не баялася. Універсітэт Наталля Шчаглова скончыла таксама з адзнакай. Пасля быў год магістратуры, дзе займалася пад кіраўніцтвам знакамітага Канстанціна Ануфрыевіча Ананчанкі. І атрымаўся б моцны вучоны-даследчык, аднак у расклады ўмяшаліся жыццёвыя абставіны і… школа.

У прафесію Наталля Шчаглова таксама прыйшла хутка. На 4 курсе аднагрупнікі засцерагаліся ісці на практыку ў сярэднюю школу № 31 Віцебска. Сярод студэнтаў хадзілі ўпартыя чуткі, нібыта там дужа строгія педагогі. А яна рашылася.

— Спецыфіка нашай школы і цяпер такая, што самы моцны клас набіраецца матэматычны, — дзеліцца ўражаннямі наша гераіня. — Вось у падобны выпускны клас я некалі і трапіла. Дзеці матываваныя, эрудзіраваныя: тады здавалася, што ўсе вучні такія, вяла ўрокі, як спявала. Мяне вельмі цешыла, калі класны кіраўнік і настаўнік матэматыкі Ала Георгіеўна Бяляева запыталася: “Наталля Уладзіміраўна, а вы дакладна ніколі ў школе не працавалі? Вам трэба заставацца, у вас здорава атрымліваецца”. Як потым высветлілася, яна замовіла за мяне слоўца перад дырэктарам — у выніку мяне запрасілі на работу. Два першыя працоўныя гады даліся досыць складана: адначасова вучылася на 5 курсе і ў магістратуры, на руках на момант прыходу ў школу — трохгадовая дачка… Аднак мама дапамагла, калегі, у інстытуце падтрымлівалі. Так разам і справіліся. Калі атрымала дыплом, мне далі клас: 23 хлопцы. Вось гэта была школа жыцця! Я сёння ўдзячна гэтым дзецям, яны мяне многаму навучылі. І ганаруся сваімі навучэнцамі: з іх атрымаліся добрыя людзі.

У школе Наталля Уладзіміраўна ўпершыню паспрабавала сябе ў алімпіядзе па вучэбных прадметах. У юнацтве паўдзельнічаць не давялося, а тут па-іншаму неймаверна было б: уся ўстанова адукацыі жыла ў рытме алімпіяды. З першай спробы са сваёй вучаніцай узялі катэгорыю на вобласці. Потым настаўніцы далі магчымасць набраць матэматычны клас.

— З ім мы многа пярэпалаху спачатку ў горадзе, пасля ў вобласці нарабілі, — жартуе педагог. — Ніколі не разумела, чаму не можа быць многа алімпіяднікаў! Навошта працаваць з адным-трыма, калі можна з усімі? Сёлета 18 з іх — пераможцы гарадскога этапу алімпіяды. На вобласці з 9 месцаў 4 у маіх, а канкурэнцыю самі ведаеце, хто складае: сапернічаем з гімназіямі, дзе навучэнцы амбіцыйныя або дзеці амбіцыйных бацькоў. Зараз 6 клас такі ж падрастае. Мне шкада маіх першых дзяцей, ім я столькі недадала. На іх я вучылася, гэтых — вучу. Першая перамога ў заключным этапе алімпіяды, ён тады праводзіўся ў Гомелі, прымусіла паверыць у цуд. А ў сваіх дзяцей я веру заўсёды. Для настаўніка гэта галоўная якасць. Для настаўніка матэматыкі таксама, але ў большай меры. Пакуль ты верыш у дзіця, у яго будзе многа чаго атрымлівацца. Як перастанеш, нават самы таленавіты будзе страчаны. Адукацыя ідзе ад узаемнага даверу, усё на ім — ад дысцыпліны да сур’ёзнага поспеху. І асоба настаўніка на першым плане. Яшчэ не бачыла ніводнага вучня, які сказаў бы: “Мой настаўнік злосны, нядобры чалавек, але я люблю прадмет”. Спачатку ты ў дзяцей укладваеш часцінку свайго, асабістага, а потым якая радасць, калі ў пэўны момант пазнаеш у іх сябе! Алімпіяднікамі будуць не ўсе, але рашаць задачы, прыклады кожны навучыцца. Адзін мой вучань, я яму “двойку” ставіла за чвэрць, зараз вучыцца ва УДІКу на курсе Алентавай і Мяншова. Неяк прыехаў у Віцебск, завітаў у школу. Пытаюся: “Ці спатрэбілася матэматыка?” — “Так, — адказвае. — Я ўсе тэксты, якія нашы зубраць па 10 гадзін, магу вывучыць за гадзіну. Пасля таго, як за вечар вучыў ліст незразумелых сінусаў з косінусамі — не праблема”.

Любімыя веснавыя кветкі Наталлі Уладзіміраўны — жоўтыя цюльпаны. 8 сакавіка рабочы стол ператвараецца ў падстаўку для велізарнага сонечнага букета. Настаўніца нібыта выпраменьвае энергію — і сама вельмі любіць цеплыню, яркае сонца. Карыстаючыся выпадкам, Наталля Шчаглова папрасіла перадаць найлепшыя пажаданні калегам-жанчынам напярэдадні свята. І ў дачыненні да школы галоўнае з іх — каб яны штодня знаходзілі сябе ў любімай рабоце, адчувалі ад яе радасць і задавальненне.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.