Сонечныя “школьнікі” — для сельскай мясцовасці

- 10:12Адукацыйная прастора

Каля будынка цэнтральнага офіса Банка развіцця ў Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія, прысвечаная завяршэнню сацыяльнай праграмы “Школьны аўтобус”. Старшыня праўлення ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” Сяргей Румас перадаў 17 аўтобусаў абласным упраўленням адукацыі . У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі прадпрыемстваў — пастаўшчыкоў праграмы: ААТ “МАЗ”, ААТ “Русаўтапрам”, ААТ “Аўтамабільныя канструкцыі”, прадстаўнікі абласных выканаўчых камітэтаў, педагогі і іншыя. На пляцоўцы побач з банкам быў прадстаўлены ўвесь мадэльны рад аўтобуснай тэхнікі для падвозу вучняў.

Па словах Сяргея Румаса, з 2013 года па даручэнні кіраўніка дзяржавы Банк развіцця запусціў буйны сацыяльны праект па пастаўцы школьных аўтобусаў ва ўстановы адукацыі рэспублікі. Было запланавана перадаць у вобласці краіны на працягу пяцігодкі каля 300 адзінак спецыяльна абсталяванай тэхнікі.

— Сёння можна падвесці вынікі гэтай праграмы і сказаць, што мы яе не толькі выканалі, але і перавыканалі. З улікам паставак бягучага года (а сёлета плануецца перадаць 72 звышпраходныя школьныя аўтобусы), 330 камфартабельных аўтобусаў будуць ездзіць па дарогах Беларусі, даючы магчымасць усім сельскім дзецям атрымліваць якасную адукацыю. 15 аўтобусаў мы прадаставілі цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі для падвозу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (аўтобусы на базе ПАЗ “Вектар” і Volkswagen Crafter-50, абсталяваныя спецыяльнымі сядзеннямі і ліфтам для пасадкі/высадкі пасажыраў у крэслах-калясках). Усяго за пяць гадоў Банк развіцця накіраваў на рэалізацыю праграмы каля 20 млн долараў у эквіваленце, — падкрэсліў Сяргей Мікалаевіч.

З пастаўленых за пяць гадоў аўтобусаў 266 — вытворчасці ААТ “МАЗ”. На заводзе былі распрацаваны дзве яго мадэлі — МАЗ-241 і МАЗ-257. Апошняя — прынцыпова новая, распрацаваная для эксплуатацыі ва ўмовах сельскай мясцовасці. Генеральны дырэктар Мінскага аўтамабільнага завода Дзмітрый Кацярыніч падкрэсліў, што да выканання праграмы МАЗ не выпускаў аўтобусы, распрацаваныя спецыяльна для перавозкі школьнікаў. “Гэта вялікая адказнасць. Мы ўлічылі ўсе заўвагі і прапановы нашых карыстальнікаў. Удзячны Банку развіцця, які быў не проста пакупніком, ставіў задачы, але і дапамагаў з арганізацыяй. Удалося распрацаваць, выпрабаваць і сертыфікаваць новую мадэль усяго за 1,5 года”, — адзначыў ён.

Новая мадэль аказалася больш вынослівай, магутнай і спрытнай, чым канкурэнты. Аўтобус атрымаў рамнае шасі ад сярэднятоннага грузавіка. Высокі клірэнс і рэсорная падвеска дазваляюць свабодна ездзіць па грунтавых дарогах. Аўтобус можа рухацца ў складаных дарожных умовах, свабодна пераадольваць пяскі, лужы і сумёты. Новая мадэль абсталявана сучасным рухавіком экалагічнага класа еўра-5. Для надзейнасці ўбудавана сістэма абмежавання хуткасці, якая не дазволіць разагнаць транспарт больш за 60 км/г. Узровень шуму ў салоне зніжаны за кошт дадатковых шумапаглынальных матэрыялаў. Аўтобус абсталяваны сістэмай відэаназірання і рэгістрацыі. Салон разлічаны на 31 пасажыра: 29 дзяцей і 2 суправаджальнікі. Сядзенні для дзяцей аснашчаны чатырохкропачнымі рамянямі бяспекі. Над крэсламі размяшчаюцца багажныя паліцы для школьных рукзакоў, а для першакласнікаў прадугледжана высоўная дадатковая прыступка. Інжынеры таксама ўстанавілі ў аўтобусе знешнюю гучную сувязь і мультымедыйную сістэму, якая дае магчымасць дэманстраваць відэаўрокі, а таксама забаўляць дзяцей у дарозе.

— У студзені 2017 года мы атрымалі школьны аўтобус у карыстанне, — падзялілася сваімі ўражаннямі ад тэхнікі дырэктар Косінскай сярэдняй школы Лагойскага раёна Ганна Уладзіміраўна Шарамет. — Калі дзеці яго ўбачылі, то адразу назвалі “сонечны” і не памыліліся, бо ён афарбаваны ў колер сонца, камфортны, цёплы, бяспечны, з добрым аглядам шляху руху як для вадзіцеля, так і для вучняў. У аўтобусе ўстаноўлены манітор, які падабаецца дзецям, бо, едучы ў школу ці падчас далёкіх паездак, яны маюць магчымасць паслухаць музыку, песні і нават разам паспяваць. Дзякуючы школьнаму аўтобусу, мы не толькі эканомім дзяржаўныя грашовыя сродкі, але і забяспечваем цяпло сямейных зносін. Наш школьны аўтобус абслугоўвае 4 школы раёна і 3 дзіцячыя садкі, своечасова дастаўляе і вучняў, і педагогаў на рабочыя месцы. Акрамя таго, дзякуючы аўтобусу, дзеці маюць магчымасць атрымліваць іншыя адукацыйныя паслугі: наведваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс, музычную школу, дом дзіцячай творчасці. Таксама мы арганізоўваем экскурсіі, за плячыма ў нас наведванні мемарыяльных комплексаў Хатынь, Дальва, Курган Славы і іншых. Але самае галоўнае — школьны аўтобус нас ніколі не падвёў: ні на заснежаных дарогах, ні ў навальнічныя вясновыя дні, ні ў летнюю спякоту, ні ў дажджлівую туманную восень. І мы спадзяёмся, што так будзе заўсёды.

Ганна Уладзіміраўна выказала рэалізатарам праекта падзяку ад імя вучняў, бацькоў і педагагічнага калектыву. Па ініцыятыве Банка развіцця на мерапрыемстве адбылося ўручэнне падзяк за асабісты ўклад і актыўны ўдзел у паспяховай рэалізацыі сацыяльнай праграмы “Школьны аўтобус”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.