“Совы”, “Буслы”, “Тыгры”

- 11:00Адукацыйная прастора

Сёлета спаўняецца 30 гадоў першаму клубу інтэлектуальных гульняў у Беларусі — клубу “Белая рысь”, якім усе гэтыя гады кіруе педагагічная дынастыя: Леанід Валянцінавіч, Тамара Васільеўна і Вольга Леанідаўна Клімовічы.

У Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі прыгадваюць старонкі гісторыі. Першая гульня клуба адбылася 28 кастрычніка 1991 года ў зале Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. А самы першы Кубак Палесся нарадзіўся практычна з нічога, як у Пушкіна: “Прыйшла пара — яна закахалася…”.

Са студзеня 1993 года “Белая рысь” пачала працаваць у Гомельскім абласным палацы піянераў і навучэнцаў. І ўжо вясной каманда стала чэмпіёнам дня юнацкага тэлевізійнага турніру па “Брэйн-рынгу” (Масква) і віцэ-чэмпіёнам СНД.

У студзені 1995 года адбыўся першы сход ініцыятыўнай групы па стварэнні Беларускай лігі. Трэнеры юнацкіх каманд і вядучыя гульцы дарослых на школьным чэмпіянаце Беларусі ў Гомелі прынялі рашэнне стварыць грамадскую арганізацыю, якая б аб’ядноўвала беларускія каманды і клубы. Так афіцыйна ў­знікла грамадская арганізацыя пад наз­вай “БЛІК” (“Беларуская ліга інтэ­лектуальных каманд”). Восенню 1996 года гомельская каманда “Хатнi бусел” (капітан Тамара Клімовіч) стала чэмпіёнам Беларусі па “Што? Дзе? Калі?” у Мінску.

Пачатак новага тысячагоддзя для клуба быў адзначаны серыя­й перамог: “Сільмарыльён” і “Белая рысь” занялі прызавыя месцы на рэспубліканскіх турнірах. 19 сту­дзеня 2003 года юнацкая каманда (капітан Вольга Клімовіч) заняла 1-е месца сярод 249 каманд на сінхронным Кубку Рэспублікі, у лютым выйграла рэспубліканскі турнір “Iгуменская завея”, а ў сакавіку — юнацкі чэмпіянат Беларусі па “Брэйн-рынгу”. Тады ж праходзіў ужо дванаццаты і, зразумела, не апошні Кубак. Арганізатары імкнуліся разнастаіць праграму: “Што? Дзе? Калі?” па практычна тэлевізійных правілах, “Інтэлект-марафон”, “Брэйн”, “Тройка”, “Мазгавы штурм”, “IQ-зграя”… У маі 2004 года па ініцыятыве кіраўнікоў “Белай рысі”, падтрыманай Міжнароднай асацыяцыяй клубаў “Што? Дзе? Калі?”, у Гомелі быў праве­дзены першы эксперыментальны “Кубак Еўропы” сярод школьнікаў, які на чэмпіянаце свету ў Баку ўвайшоў у тройку намінантаў.

У 2005 годзе клубу інтэлектуальных гульняў “Белая рысь” была ўручана прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі. Дзякуючы падтрымцы ўлад горада і вобласці, Кубак Еўропы сярод школьнікаў трывала прапісаўся ў Гомелі. У маі 2006 года “Хранічна разумныя юнакі” (трэнер Тамара Клімовіч) выйгралі трэці Кубак. У жніўні Леанід Клімовіч быў прызнаны “Чалавекам года” МАК. Ён атрымаў “Хрустальную саву” за работу з моладдзю і арганізацыю турніраў у Беларусі і блізкім замежжы. Сумеснымі намаганнямі МАК, аблвыканкама, гарвыканкама, абкама БРСМ і Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і мола­дзі самаму прэстыжнаму юнацкаму турніру быў прысвоены статус еўрапейскага чэмпіянату. У 2007 го­дзе ён быў прызнаны лепшым турнірам у свеце.

У 2010 годзе ТРК “Гомель” і Гомельскі аблвыканкам падтрымалі ідэю новай тэлегульні для школьнікаў. “Эрудыт-пяцёрка” — гульня для дзвюх каманд (пяць гульцоў у кожнай камандзе, пяць тураў у гульні, пяць гульняў у серыі, пяць серый у сезоне, максімум інфармацыі за 25 мінут эфірнага часу) — выходзіла двойчы на месяц.

За красавік — чэрвень 2017 года каманда “Каўчэг” (трэнер Вольга Клімовіч) стала чэмпіёнам Беларусі і Еўропы па “Брэйн-рынгу” сярод школьнікаў, “Захавальнікі вясёлкі” — чэмпіёнам турніру “Бусліка” сярод ювеналаў, “Тыгры ў лінейку” (трэнер Тамара Клімовіч) — чэмпіёнам Беларусі ў катэгорыі “Дзеці”. Сама Тамара Васільеўна атрымала “Буслянку” за ўклад у беларускі інтэлектуальны рух, а Леанід Клімовіч — медаль “За працоўныя заслугі”.

Сёння “Белая рысь” працягвае свой рух, як карабель, які цяжка спыніць. Нават у пандэмію мінулым летам клуб правёў серыю гульняў “Масачныя ранішнікі”. Сёлета на жнівеньскай канферэнцыі кіраўнік Клуба інтэлектуальных гульняў Леанід Клімовіч атрымаў званне “Выдатнік адукацыі”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.