Спазнаём свет эканомікі, гуляючы

- 9:35Навіны рэгіёнаў

Педагогі нашай дашкольнай установы вялікую ўвагу ўдзяляюць фарміраванню ў дзяцей асноў эканамічнай культуры. З гэтай мэтай праводзяцца розныя мерапрыемствы. Сярод іх — конкурс на лепшую арганізацыю сюжэтна-ролевай гульні эканамічнага характару.

Мэта спаборніцтва — павышэнне кампетэнцыі педагогаў у выкарыстанні тэматычных сюжэтна-ролевых гульняў, якія пашыраюць веды дзяцей пра навакольны свет, знаёмяць з прадпрыемствамі і іх прадукцыяй, прафесіямі і інструментамі, якія выкарыстоўваюць у сваёй рабоце розныя спецыялісты. Падчас конкурсу выхавальнікі паказваюць, як у сюжэтна-ролевых гульнях мадэлююцца рэальныя жыццёвыя сітуацыі: аперацыі куплі-продажу, вытворчасці і збыту гатовай прадукцыі, фінансавыя здзелкі і інш. Гэта вельмі важна, бо ўмела арганізаваная эканамічная гульня развівае пазнавальную актыўнасць, фарміруе дзелавыя якасці дзяцей, раскрывае іх творчы патэнцыял. 

Выхавальніцы М.У.Бандарчук і Л.У.Сень прэзентавалі гульні “Магазін “Садавіна і фрукты” і “Магазін “Ласун”, якія знаёмяць дашкольнікаў з узаемаадносінамі паміж прадаўцом і пакупніком, паводзінамі ў магазіне і г.д. З дапамогай сюжэтна-ролевай гульні “Цырульня”, прадстаўленай Н.А.Аўсянік, у дзяцей фарміруюцца ўяўленні аб цырульніцкіх паслугах. Сюжэтна-ролевая гульня “Сям’я”, прэзентаваная К.Ю.Гапончык, знаё­міць малышоў з грашыма: іх роляй, наміналам, знешнім выглядам, сямейным бюджэтам і яго планаваннем. Уяўленні пра рыначныя паняцці да­юць гульні “Прадуктовы магазін” і “Салон прыгажосці”, прапанаваныя Н.А.Сяменяй і М.Р.Гойка. Гульні “Супермаркет”, “Магазін “Свет шпалераў” і “Магазін “Падарункі самым блізкім”, прэзентаваныя Г.У.Храпіцкай, Н.А.Яхнавец і Н.І.Чэчка, ву­чаць устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі паміж паняццямі “праца”, “прадукт” і “грошы”, адрозніваць спосабы набыцця тавару, а таксама знаёмяць з прафесіямі прадаўца, касіра, таваразнаўца, эканаміста і інш.

Вялікая ўвага ўдзяляецца ўзаемадзеянню з бацькамі дзяцей у галіне эканамічнай адукацыі. Усе групы ­ўдзельнічаюць у выставе дзіцяча-баць­коўскіх малюнкаў “Казачны кашалёк для захоўвання грошай”. Дзякуючы сумеснай рабоце, у дашкольнікаў фарміруюцца працаві­тасць, беражлівасць, гаспадарлівасць.

Пераможцамі конкурсу сталі выхавальніцы Г.У.Храпіцкая і Л.У.Сень.

Святлана ЛЯШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Манькавіцкага ясляў-сада Столінскага раёна.