Быць чужым ценем. Споведзь былога наркамана

Кажуць, што былых наркаманаў не бывае. І ад залежнасці, якую выклікаюць наркатычныя і псіхатропныя рэчывы, вылечыцца немагчыма. Тым не менш ёсць тыя, хто, трапіўшы ў наркатычную пастку, знайшоў у сабе сілы выбрацца і пачаць жыццё з чыстага ліста.

Быць другім. Быць непатрэбным

Пра Андрэя я ведала даўно. Але варушыць мінулае, якое ў душы хлопца пакінула не адзін рубец, вельмі няёмка. Цяпер, калі за плячыма маладога чалавека два гады цвярозага, незалежнага ад наркотыкаў жыцця, ён расказаў сваю няпростую гісторыю.

“… Я быў другім дзіцем у сям’і. У мяне быў старэйшы брат, які загінуў у аўтакатастрофе, калі яму споўніўся ўсяго толькі год. Тады ён ехаў з мамай. Мама выжыла. Будучы маленькім, я ўвесь час, кожны дзень слухаў і разумеў, што я — гэта не галоўнае дасягненне ў жыцці мамы. Я — другасны. Калі задаваў пытанні пра тое, калі нарадзіўся, якім быў у дзяцінстве, размова заўсёды пачыналася з таго, што спачатку быў Пеця (імёны зменены), а потым ужо я. Пасля аварыі ў мамы здарылася страшная дэпрэсія, яна лячылася ў псіхіятрычнай клініцы.

Калі я вырас, дзядуля прызнаўся, што маме патрэбна было суцяшэнне, яна не магла супакоіцца, што яе аднагадовае дзіця загінула. І я стаў тым самым суцяшэннем, але ўсё роўна быў другім. Калі мне споўнілася тры гады, бацькі разышліся. Мяне на выхаванне забралі бабуля з дзядулем. А мама паехала жыць у Расію і вярнулася толькі праз 12 гадоў, калі мне споўнілася 15. Я заўсёды папракаў маці за тое, што яна мяне кінула. Мне было вельмі крыўдна. Я шкадаваў сябе. Як можна пакінуць уласнае дзіця? Хаця, напэўна, яна мяне не любіла. Я ж быў зусім не падобны на старэйшага брата. Безумоўна, маці спрабавала наладзіць са мной адносіны, але не атрымалася. Я быў вельмі калючым”.

Напамін пра тое, што Андрэй другі і ніколі не стане лепшым і першым, жыў у галаве хлопца даволі доўга. І, відаць, менавіта гэта стала прычынай таго, што хлопчык рос няўпэўненым і закамплексаваным.

“І зараз пра гэта час ад часу ўспамінаю. Паверце, вельмі балюча, калі для сваіх бацькоў ты нічога не значыш. Калі ты толькі цень. Зараз разумею, што менавіта такая абыякавасць і стала прычынай таго, што я ўсяго баяўся. Я ніколі не мог знаходзіцца ў людных месцах, баяўся прыніжэння. Баяўся, што мне скажуць, што я — ніхто. Я ж другі… І такая боязь пераходзіла ў хваляванне. Я пачынаў панікаваць і збягаў адтуль, дзе было шмат людзей.

Я збягаў, пачынаючы з дзіцячага сада. Я не любіў быць з дзецьмі. Дзеці жорсткія, а я баяўся гэтага. Баяўся прыніжэння, баяўся, што мяне могуць ні за што ўдарыць ці накрычаць на мяне. А хацелася, каб мяне проста любілі. Любілі не за што-небудзь, а проста за тое, што я ёсць. Бабуля расказвала, што пакінуць мяне ў садку было вялікай праблемай. Я мог увесь дзень прасядзець у шафе, дзе мы пераапраналіся, прыходзячы ў групу…
…Мая бабуля працавала ў школе. І менавіта ў яе навучальную ўстанову я і пайшоў вучыцца. Бабулю маю ў школе любілі і паважалі. Бачачы гэта, я хацеў, каб любілі і мяне. Я хацеў усім падабацца. Дзякуй богу, мая мара збылася. Вучыўся я вельмі добра. З вучобай увогуле праблем не было, пакуль не пачаў прагульваць урокі і не падсеў на наркотыкі. Зараз узгадваю той час і разумею, якім дурнем быў. У мяне, між іншым, быў другі юнацкі разрад па шахматах. Вельмі падабалася мадэляванне. Клеіў і караблі, і танкі. Карацей кажучы, калі б не ўласнае глупства, цяпер усё магло б скласціся інакш.

Пачынаючы з 6 класа, я пачаў прагульваць школу. У гэты ж час упершыню паспрабаваў цыгарэты, падсеў на гэта. А яшчэ я пачаў падманваць бабулю з дзядулем. Як мне зараз сорамна за гэта, вам проста словамі не перадаць! Яны для мяне рабілі ўсё! Хацеў навучыцца іграць на гітары — на, Андрэй, табе гітару. Іх любоў была шчырай. Маці не знайшла ўва мне суцяшэння, затое я стаў сэнсам жыцця бабулі і дзядулі. Уяўляеце, яны мяне ні разу не каралі, аберагалі ад яшчэ адной траўмы. Адзін толькі раз дзядуля стукнуў мяне газетай. Я зараз думаю, магчыма, патрэбна было ўсё-такі мяне крыху апускаць на зямлю. Вельмі шкадую, што прагульваў школу. Прычым прагульваў не дзень-два, а цэлыя тыдні і месяцы. Я проста хадзіў па горадзе. Мог прыйсці ў магазін радыётэхнікі, сесці ў куточку і ўвесь дзень глядзець тэлевізар. У школу вярнуцца хацелася, але было страшна, што, прагуляўшы тыдзень, прыйду, а на мяне пачнуць крычаць. Але пайсці туды прыйшлося. Пасля другой чвэрці ў дзённіку па ўсіх прадметах стаялі адны “двойкі”. Мне сказалі, што накіруюць у спецшколу, ужо нават дакументы пачалі збіраць для пераводу. А гэтага я вельмі баяўся, таму пачаў хадзіць на вучобу праз дзень. У мяне ў класе з’явіўся сябар Мішка. Хлопчык быў з беднай сям’і, яго маці піла і сынам не цікавілася. А для мяне гэты невысокі чорнавалосы хлопчык стаў родным чалавекам. Ён такі ж няшчасны, як і я. Менавіта Мішка падсадзіў мяне на клей. З гэтага ўсё і пачалося. Услед за клеем, які нюхалі ўсюды, пачалі курыць і выпіваць. Грошай на цыгарэты ў нас не было, таму мы выкрадалі сумачкі ў жанчын, а таксама збівалі алкаголікаў, спадзеючыся знайсці ў іх кішэнях хаця б пару рублёў. Дадому прыходзіў п’яным. Бабуля з дзядулем мне рабілі заўвагі, гаварылі, што нельга так піць. А што мне іх словы? Я быў упэўнены, што мяне не зацягне ў гэта, пагуляю крыху ў дарослага і спынюся.

Так я дацягнуў да 9 класа. Не паверыце, але ў мяне не было нізкіх адзнак. Былі тры “пяцёркі”, а астатнія — вышэй. Я здаў экзамены і паступіў у 10 клас. Дарэчы, туды бралі не ўсіх. Нас у 10—11 класах пэўным дысцыплінам вучылі выкладчыкі з радыётэхнічнага ўніверсітэта. Калі б я паспяхова адвучыўся, ужо меў бы вышэйшую адукацыю. Але я змог правучыцца ў 10 класе толькі першыя паўгода. Менавіта з-за прагулаў (а не адзнак) мяне перавялі ў звычайны клас. Тады мне зноў стала боязна. У мяне была мэта — хацеў паступіць у ВНУ. І на паўгода я забыў пра сваіх сяброў”.

Выжыць. Не зламацца

У гэты час у жыцці хлопца наступіў яшчэ адзін пераломны момант. Мама вырашыла вярнуцца ў Мінск. Жанчына прыехала, каб наладзіць узаемаадносіны з сынам.

“Яна прыехала, купіла кватэру. Мы пачалі сустракацца амаль кожны дзень. Я дараваў ёй усё. І калі мама паклікала да сябе жыць, адразу ж пераехаў. Я быў самым шчаслівым! Паўгода жыў, як нармальны хлопчык. А пасля ў маім жыцці зноў з’явілася дрэнная кампанія. З каледжа, куды я паступіў пасля 10 класа, мяне выгналі за прагулы. Я пайшоў вучыцца ў іншую навучальную ўстанову на будаўніка. І менавіта тут упершыню паспрабаваў гераін. Першы раз доза была зусім мізэрнай, але мне хапіла. Я бачыў, што адбываецца з маімі сябрамі, якія знаходзяцца пад уздзеяннем наркотыку. Спачатку было страшна, але, убачыўшы, як іх накрывае, я паспрабаваў парашок. Вам не перадаць, якія галюцынацыі былі ў мяне! Цяпер, аглядваючыся назад, разумею, што быў бязвольным дурнем. Навошта мне гэта было? Магчыма, толькі пад уздзеяннем наркотыку адчуваў сябе паўнацэнным падлеткам. Я станавіўся смелым, не баяўся нічога. А ў цвярозым стане заўсёды пазбягаў спрэчак. Памятаю, як у школе, калі завязвалася бойка паміж хлопчыкамі, стараўся трымацца паводдаль і не лезці на ражон. Я, хлопчык, якога любілі настаўнікі і паважалі аднакласнікі, быў няўпэўненым у сабе баязліўцам. А пад дозай станавіўся крутым.

Дадому прыходзіў неадэкватным, са шклянымі вачыма. Cадзіўся ў крэсла і, гледзячы ў адну кропку, моўчкі сядзеў. Мог так прасядзець даволі доўга. Мама здагадвалася, што я пад наркотыкамі, але нічога не выпытвала, таму што баялася зрабіць балюча. Увогуле, яна не ведала, як пасля столькіх гадоў расставання наладжваць адносіны з уласным сынам. Што тычыцца мяне, я быў рады, што няхай сабе і ў 15 гадоў, але ў мяне з’явілася мама. Думаю, калі б яна вярнулася хаця б на 10 гадоў раней, каб у нас былі добрыя адносіны, я вырас бы іншым чалавекам”.

Пасля першага курса Андрэя накіравалі на практыку. Але з-за прагулаў хлопца выгналі з будаўнічай брыгады. Зразумеўшы, што можна ўвогуле не атрымаць ніякай адукацыі, падлетак паспрабаваў завязаць з наркотыкамі. Для таго каб не сарвацца, адразу пасля заняткаў ішоў дадому і стараўся сябе нечым заняць. Але рэмісія цягнулася нядоўга.

Праз некаторы час Андрэй зноў вярнуўся да гераіну, які ўжываў паўтара года. Уся жудасць гэтага наркотыку ў тым, што да яго прывыкаеш вельмі хутка, проста так злезці не атрымаецца. Залежнасць развіваецца пасля 3—5 разоў. Каб пазбавіцца ад яе, патрэбна мець жалезную вытрымку.

“Калі б на той момант у нашай кампаніі быў хаця б ад зін адэкватны чалавек, які б расказаў, наколькі гэта ўсё сур’ёзна і чым можа скончыцца, я пабаяўся б пачынаць зноў. Побач такога чалавека не знайшлося. Быў толькі сябар, які пасля пачаў бамжаваць. Але я знайшоў сабе кампанію. Хлопчыкі былі малодшымі на 2—3 гады, я стаў для іх аўтарытэтам. Сярод іх усіх я адзін калоўся. Пасля, праўда, іх таксама зацягнуў у гэтую кабалу. Дарэчы, з усіх нас адзін я ўмеў варыць зелле. За гэта мне плацілі. І навошта мне тая будаўнічая брыгада, калі можна і дома зарабляць грошы? Але займацца такім бізнесам у мяне была магчымасць толькі летам, калі мае родныя жылі на дачы. Неяк у мяне была перадазіроўка. Мне было вельмі дрэнна. І тады вырашыў зрабіць яшчэ адну спробу завязаць з гэтым раз і назаўсёды. Я ж малады хлопец”.

Аднойчы Андрэй сустрэў свайго аднакласніка, які прапанаваў пайсці працаваць зборшчыкам мэблі. Андрэй згадзіўся.

“Я хацеў купіць сабе машыну, не залежаць ад сям’і. І вырашыў, што Бог дае мне шанс яшчэ раз пачаць жыццё з чыстага ліста. Тады якраз нічога не атрымлівалася, а тут такая магчымасць з’явілася. Я пачаў працаваць. У мяне было вадзіцельскае пасведчанне. Я навучыўся вадзіць аўтамабіль. Акрамя гэтага, збіраў мэблю, а таксама браў заказы на яе выраб. Я ўмеў усё, таму і плацілі мне больш, чым астатнім. Неяк, размаўляючы з напарнікам, даведаўся, што ён таксама ўжываў і ўжывае наркотыкі. Безумоўна, мне прапанавалі зацягнуцца яшчэ раз. А гэта, ведаеце, такая спакуса. Мне толькі было шкада маці. Вельмі шкада. Хаця на той момант, калі я думаў аб гэтым, побач са шкадаваннем была і крыўда. І гэтыя два пачуцці не давалі спакою. Я ўяўляў, як яна перажывала, плакала, калі бачыла мяне ў стане наркатычнага ўзбуджэння. І менавіта такая неадназначнасць пачуццяў падштурхнула зноў узяцца за былое. Вечарамі мы ўжывалі наркотыкі, нюхалі, калоліся, а раніцай я ішоў на работу. Я купіў сабе машыну і быў амаль шчаслівым чалавекам. Чаму амаль? Таму што я хоць і сядзеў на наркотыках, але гэта мне не прыносіла задавальнення. Цяпер дакладна ведаў, што сам ад гэтай хваробы не пазбаўлюся. Ведаю, калі б звярнуўся да родных, расказаў усё маме, яны б дапамаглі мне. Але я маўчаў. Я баяўся быць незразуметым, кінутым. А калі б маці зноў адвярнулася ад мяне? Навошта ёй сын-наркаман? Праз некаторы час я спаліў нашу з мамай кватэру. Гэта адбылося пад уздзеяннем амфетаміну. Я быў ужо ў стане наркатычнага ўзбуджэння, але мне было мала. Я пачаў варыць зелле. Так і спаліў жыллё. Але я амаль нічога не памятаю пра гэты выпадак. Тры дні ляжаў у бальніцы і, знаходзячыся там, прыняў рашэнне пайсці лячыцца ў наркалагічны дыспансер. Мне было сорамна вяртацца дадому. Але я вярнуўся. Маці маўчала. А дзед сказаў, што выгнаць мяне не можа, паўплываць — таксама. У гэты момант я зразумеў, што нічога не варты ў жыцці. Я быў гатовы да рэабілітацыі, і мы звярнуліся ў рэабілітацыйны цэнтр мясцовага фонду “Цэнтр здаровай моладзі”.

Калі Андрэй прыйшоў у цэнтр, на лячэнне яго накіравалі ў Гомель. Увогуле, лячэнне і рэабілітацыя ў іншым горадзе з’яўляюцца самым першым крокам на шляху да вылечвання. Нарказалежных не мае сэнсу пакідаць там, дзе ім на кожным кроку нешта можа нагадваць аб мінулым.

“Першыя некалькі дзён я знаходзіўся ў шокавым стане. Не мог паверыць, што ўсё гэта адбываецца са мной. Усе людзі, якія знаходзіліся побач, падтрымлівалі. Пасля пачалася ломка, але я верыў, што гэта трэба перажыць і не зламацца. Хаця тут не зламаешся. Ніхто не дазволіць гэтага зрабіць. Я пасябраваў з хлопцамі, якія лечацца ўжо даволі працяглы перыяд. У мяне быў аўтарытэт — Дзіма. Ён быў нашым лідарам, усе цягнуліся за ім. Праз два месяцы ў мяне наступіў крызіс. Я хацеў пакінуць цэнтр, але Дзіма мяне спыніў. Я застаўся, таму што ведаў: калі пайду адсюль, зноў пачну калоцца, падсяду на спайсы ці яшчэ што-небудзь, больш такога шансу не будзе. Увогуле, цяжка было першыя паўгода. Гэта быў перыяд адаптацыі, відаць. За гэты час было пераасэнсавана многае. Думак наконт таго, каб пакінуць цэнтр, у мяне больш не з’яўлялася. Я пачаў вылечвацца, стаў цвярозым. На сёння я цвярозы ўжо два гады. Ведаеце, аб чым больш за ўсё шкадую? Шкадую, што маё жыццё складалася з фрагментаў, палову якіх памятаю, а палова згубілася недзе за гранямі разумнага. І мне цяжка ад таго, што прынёс столькі пакут сваёй сям’і, зламаў іх жыццё і сваё”.

***

Споведзь Андрэя выклікае шмат эмоцый. Шкадаванне, спачуванне і нават злосць. Злосць на тое, што часта менавіта бацькі закрываюць вочы на змяненні ў паводзінах дзяцей. І дарэмна. Вельмі часта ўцягнутымі ў гісторыі з ужываннем ці распаўсюджваннем наркотыкаў аказваюцца менавіта сціплыя падлеткі, таму што імі лёгка маніпуліраваць. Сёння, калі дзейнічае Дэкрэт № 6 “Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”, такіх выпадкаў стала менш, але яны ўсё роўна ёсць. Для таго каб засцерагчы падлеткаў ад страшнай хваробы, кампетэнтным службам трэба ўзаемадзейнічаць. Безумоўна, немалаважную ролю адыгрывае і супрацоўніцтва паміж школай і бацькамі. Вельмі важна своечасова пачуць першыя трывожныя званочкі і зрабіць усё магчымае, каб адзін няправільны крок не зламаў усё жыццё.

Наталля ДУБІК.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *