Справа для душы

- 11:22Людзі адукацыі

Настаўніца гісторыі і нямецкай мовы сярэдняй школы № 1 Чавус Ірына Мікалаеўна Шундалава прафесію выбірала па прыкладзе старэйшай сястры — таксама настаўніцы гісторыі і нямецкай мовы. Работу палюбіла настолькі, што прысвячае заняткам з дзецьмі і свой вольны час — працуе разам з імі над даследчымі праектамі, рыхтуе да алімпіяд і навуковых канферэнцый, а таксама вандруе з навучэнцамі па Беларусі.

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.Куляшова Ірына Мікалаеўна вучылася па спецыяльнасці “Гісторыя. Нямецкая мова”. Гэтыя прадметы яна вельмі любіла, калі сама была школьніцай. Падчас навучання разам з аднакласнікамі часта бывала ў Германіі па лініі праграмы “Дзеці Чарнобыля”. Там і атрымала добрую маўленчую практыку.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ўладкавалася настаўніцай гісторыі. У далейшым на працягу двух гадоў Ірына Мікалаеўна сумяшчала выкладанне з работай сацыяльнага педагога. Затым пачала вучыць школьнікаў нямецкай мове, узяла класнае кіраўніцтва. Надзвычай важнай і неабходнай умовай работы з дзецьмі Ірына Мікалаеўна лічыць любоў да іх, якая праяўляецца ў канкрэтных справах і дзеяннях. Можна сказаць, што для яе педагагічная праца не проста абавязак, а справа для душы. Менавіта таму пры неабходнасці настаўніца з лёгкасцю траціць свой час на тое, каб з карысцю правесці яго разам з вучнямі.

Сёння І.М.Шундалава ўваходзіць у склад творчай групы педагогаў школы, якія рэалізоўваюць апошнія два гады рэспубліканскі праект “Укараненне мадэлі вусна-гістарычных даследаванняў роднага краю як сродку развіцця сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў”. У першы год работы над праектам старшакласнікі пад кіраўніцтвам Ірыны Мікалаеўны запісалі шэраг інтэрв’ю з ураджэнцамі Чавус, якія з’яўляліся ліквідатарамі аварыі на ЧАЭС. У мінулым навучальным годзе сямікласнікі вывучалі тэму “Канстанцін Сіманаў у гісторыі Чавускага краю”. Дзеці знайшлі людзей, якія бачыліся з гэтым вядомым ваенным дзеячам, і спыталі ў іх пра ўражанні і ўспаміны аб К.Сіманаве. У Чавускім раёне пражывае ветэран вайны удзельнік абароны Масквы 96-гадовы Уладзімір Васільевіч Марчанка, які сустракаўся з Канстанцінам Міхайлавічам. Яго ўспаміны ляглі ў аснову даследчай работы вучняў 7 класа, якая заняла 3-е месца на раённнай навукова-практычнай канферэнцыі. Ірына Мікалаеўна прапанавала дзецям працягнуць даследаванне і расказаць пра перапіску Сіманава з вучнямі адной з сельскіх школ Чавускага раёна і пра тое, як ён наведваў мясцовую школу-інтэрнат.

Для І.М.Шундалавай вельмі важныя эмацыянальныя зносіны з дзецьмі. Калі яна прымае пад сваё крыло пяцікласнікаў, то ўжо ведае псіхалагічны партрэт кожнага з іх, таму што школьны псіхолаг, па яе просьбе, загадзя робіць дыягностыку класа, нават выяўляе, які від памяці — зрокавая або слыхавая — пераважае ў дзяцей. У залежнасці ад атрыманых вынікаў Ірына Мікалаеўна наладжвае ўзаемаадносіны з класам. Падчас урокаў чаргуе вуснае тлумачэнне тэмы з наглядным матэрыялам. Пазнавальную дзейнасць вучняў настаўніца актывізуе пры дапамозе гульняў. Адна з любімых — гульня “Ажыві карціну” (напрыклад, прапаноўваецца карціна, дзе адлюстраваны продаж прыгонных, і дзецям неабходна інсцэніраваць намаляванае). Іншы раз вучні прыносяць у школу рарытэтныя рэчы, якімі карысталіся іх бабулі і прабабулі: льняныя саматканыя вышыванкі, прасы, чамаданы, манеты. Аднойчы нават прынеслі рэдкую знаходку — сярэбраны відэлец-двухзубец. На занятках абмяркоўвалі асноўныя версіі паходжання прыбора: або з часоў вайны са шведамі, або з часоў вайны з французамі, якія былі і на тэрыторыі Беларусі, як вядома з гісторыі.

Ірына Мікалаеўна любіць праводзіць урокі-экскурсіі, падчас якіх дзеці расказваюць пра свае вандроўкі па нашай Радзіме або за яе межамі. Пры гэтым дэманструюцца фотаздымкі гістарычных помнікаў культуры і архітэктуры, якія школьнікі наведалі. На ўроках нямецкай мовы настаўніца таксама вялікую ўвагу ўдзяляе краязнаўчай тэматыцы. Ірына Мікалаеўна шмат вандруе з дзецьмі па Беларусі. Лічыць гэта надзвычай важным як для вывучэння гісторыі, так і для выхавання патрыятычных пачуццяў у вучняў.

“Вельмі люблю сумесныя з дзецьмі велапрагулкі, — гаворыць яна. — Маршруты выбіраем цікавыя, пазнавальныя. Мяне з дзецьмі можна ўбачыць, напрыклад, на пяцікіламетровым участку паштовага тракту, выкладзенага брусчаткай, якая захавалася ў першапачатковым выглядзе. Згодна з легендай, тракт быў пабудаваны для таго, каб па ім змагла праехаць расійская імператрыца Кацярына.

Упэўнена, што паміж дзецьмі неабходна наладжваць сяброўскія ўзаемаадносіны, выяўляць у іх як мага больш агульных інтарэсаў. Лепш за ўсё гэта рабіць падчас нефармальных зносін. Класныя гадзіны, мерапрыемствы шостага школьнага дня стараюся арганізоўваць па-за межамі школы, наведваць з вучнямі найбліжэйшыя сацыякультурныя аб’екты, у прыватнасці дэндрарый, што размешчаны побач з установай. Арганізоўваю сустрэчы з цікавымі людзьмі, якім ёсць што расказаць, у якіх ёсць чаму павучыцца: пісьменнікаў, прадстаўнікоў працоўных дынастый і г.д. Мы працавалі з дзецьмі над праектамі, якія выйгралі гранты Чырвонага Крыжа. Адзін з іх — “Стварай дабро”, які рэалізоўваўся на базе раённага ЦКРНіР, прысвечаны далучэнню дзяцей з АПФР да сумеснага адпачынку са здаровымі равеснікамі. Тэма другога праекта — “Умей сказаць “не”, накіраваны на прафілактыку шкодных звычак. У яго рэалізацыі ўдзельнічалі не толькі вучні сярэдняй школы № 1 Чавус, але і іншых школ горада.

Кожны год я суправаджаю сваіх навучэнцаў падчас аздараўленчай паездкі па Беларусі. Яе прапаноўваюць дзецям, якія пражываюць і вучацца на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання. Тыя 30 дзён, якія мы разам праводзім у санаторыі, духоўна ўзбагачаюць кожнага з нас. Скажу нават, што кожная сумесная паездка збліжае клас, робіць яго адной вялікай сям’ёй”.

Надзея ЦЕРАХАВА.