З прыняццем пастановы Міністэрства адукацыі аб рэкамендаваным пераліку дакументаў, якія неабходна рыхтаваць настаўнікам, многія з іх уздыхнулі з палёгкай: ва ўсялякім разе, у іх з’явіўся арыенцір, да якога можна імкнуцца. Іншая справа — адміністрацыя ўстаноў адукацыі: у іх пералік неабходных да падрыхтоўкі дакументаў надзвычай вялікі. Так, прыблізная службовая інструкцыя намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце — гэта тры старонкі тэксту, кожны радок якой, па сутнасці, мае на ўвазе падрыхтоўку той ці іншай паперы. А да гэтага часам неабходна дадаць і “вынаходніцтва” мясцовых улад і розных ведамстваў.
Шляхам простага апытання пэўнай колькасці намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце давялося ўпэўніцца: для іх гэтая тэма надзвычай актуальная і балючая. Хтосьці з абурэннем скардзіўся на неабходнасць рыхтаваць “справаздачу на справаздачу аб справаздачы”, хтосьці, здаецца, ужо змірыўшыся з непазбежным, стомлена на працягу паўгадзіны пералічваў апошнія справаздачы і даведкі, якія неабходна было падрыхтаваць. Але сэнс ва ўсіх аповедах, па сутнасці, адзін і той жа: у сваім традыцыйным выглядзе такая колькасць дакументаў — справаздач, даведак, інфармацый, характарыстык і г.д. — проста непад’ёмная для гэтай катэгорыі работнікаў і, што галоўнае, пры сённяшнім падыходзе бессэнсоўная: колькасць у гэтым выпадку ніяк не пераходзіць у якасць, хутчэй наадварот.
На гэтым фоне асабліва здзівілі словы намесніка дырэктара адной з сельскіх школ: “Так, пералік неабходных да вядзення дакументаў намеснікамі дырэктара вельмі вялікі. Але гэтую дзейнасць, насамрэч, можна зрабіць больш простай і эфектыўнай — з дапамогай увядзення электроннага дакументаабароту”.
Як гэта адбываецца на справе? І ці сапраўды выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій спрашчае выкананне прафесійных задач прадстаўнікам адміністрацыі ўстаноў? Пра ўсё гэта мы і спыталі ў Святланы Міхайлаўны Бушміч, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.
Хацелі як лепш. А атрымалася?..
Сумненні наконт больш лёгкага выканання прафесійных задач прадстаўнікамі адміністрацыі школ пры ўвядзенні пэўных інфармацыйных тэхналогій невыпадковыя. Дастаткова прыгадаць вопыт выкарыстання ў некаторых школах краіны сістэм “электронных дзённікаў”. Справа, як падаецца асабіста мне, надзвычай добрая і зручная для бацькоў і дзяцей і прызваная мадэрнізаваць пэўныя працэсы ў школе, на практыцы прынесла педагогам дадатковы галаўны боль. Замест запаўнення, вобразна кажучы, адной паперы, яны зараз запаўняюць дзве — у звычайным выглядзе і электронным. Ці не здарыцца так і з кіраўніцкай дзейнасцю?
Святлана Міхайлаўна пераконвае: не. Электронны дакументаабарот сапраўды знізіць “папяровую” нагрузку. У гэтым спецыяліст упэўнена, нягледзячы нават на тое, што сёння ў Любчанскай школе электронны дакументаабарот уведзены далёка не ў поўным аб’ёме.
Укараненне новых тэхналогій ва ўстанове — гэта, так бы мовіць, двухбаковы рух: неабходнасць і зручнасць гэтага разумеюць у самой школе электронны дакументаабарот, разам з тым пэўныя працэсы ініцыіруюцца і мясцовым аддзелам адукацыі, спорту і турызму.
— У апошні час у школах значна павялічыўся дакументаабарот. Работа з дакументамі аднімае нямала часу, ды і сіл, — пацвярджае агульную думку Святлана Міхайлаўна. — Асноўная складанасць заключаецца ў тым, што работа з дакументацыяй з’яўляецца неад’емнай часткай дзейнасці намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, педагога-арганізатара, сацыяльнага педагога, класных кіраўнікоў, патрабуючы не столькі назапашвання яе, колькі сістэмнага аналізу з наступнымі высновамі і рэкамендацыямі. Таму ўзнікае неабходнасць павышэння эфектыўнасці работы ўстановы адукацыі з дапамогай змяншэння часу, неабходнага для запаўнення ўсёй дакументацыі, якая выкарыстоўваецца школай у працэсе яе дзейнасці. Такім чынам, паўстае пытанне аб аўтаматызацыі кіравання дакументаабаротам. У сувязі з гэтым ва ўстановах адукацыі вельмі актыўна развіваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, яны атрымліваюць усё больш шырокае распаўсюджванне і прымяненне. І наша школа — не выключэнне. Гэта звязана з тым, што аб’ём інфармацыі, якая апрацоўваецца і выкарыстоўваецца школай у працэсе функцыянавання, пастаянна ўзрастае, а бягучая інфармацыя абнаўляецца. Выкарыстоўваючы інфармацыйныя тэхналогіі, можна перавесці ўсю дакументацыю школы ў электронны выгляд, што павышае зручнасць апрацоўкі дакументаў, а таксама эфектыўнасць функцыянавання школы. Зыходзячы з рэалій нашага часу, можна зрабіць выснову, што традыцыйная форма вядзення дакументаабароту састарэла і павінна быць заменена на электронную.
Рэсурсы звычайныя
Прызнацца, словы спецыяліста я ўспрыняла з пэўным скептыцызмам: не кожная школа, асабліва сельская, можа пахваліцца неабходнымі ўмовамі для дасягнення гэтых важных задач — сучаснымі персанальнымі камп’ютарамі для адміністрацыі і тым больш настаўнікаў, наяўнасцю лакальнай сеткі, доступу ў інтэрнэт, не кожная можа дазволіць сабе і ўкараненне неабходнага праграмнага забеспячэння — гэта каштуе нятанна. Між тым Святлана Міхайлаўна развейвае мае сумненні.
— Усё гэта ў той ці іншай ступені вырашальна, калі ёсць зацікаўленасць каманды — не толькі школы, але і раёна, — упэўнена спецыяліст. — Што тычыцца наяўнасці камп’ютараў, то сёння ў нашай школе, напэўна, як і ў любой іншай, ёсць камп’ютарны клас. Так, машыны не апошняй мадыфікацыі, але для навучання дзяцей і выканання прафесійных задач педагогаў і адміністрацыі найноўшых тэхналогій і не трэба. Ёсць рабочыя камп’ютары і ў дырэктара, намеснікаў дырэктара — гэта патрабаванне часу. Даўно дзейнічае лакальная сетка, ёсць доступ у інтэрнэт — гэта ж неабходна не толькі для выканання прафесійных задач адміністрацыяй, але і ўвогуле наладжвання эфектыўнага адукацыйнага працэсу.
Што да дарагога софта, то пэўным чынам спрасціць выкананне прафесійных задач, па словах намесніка дырэктара, можна і пры дапамозе стандартных праграм.
— Сучасныя камп’ютарныя праграмы прызначаны для таго, каб хутка апрацоўваць вялікія аб’ёмы інфармацыі, праводзіць падлікі, захоўваць у структураваным выглядзе вялікія інфармацыйныя масівы, хутка апрацоўваць вялікія аб’ёмы інфармацыі, ажыццяўляць пошук неабходных даных, прадстаўляць інфармацыю ў зручна аформленым выглядзе. Усё гэта можна зрабіць з дапамогай стандартных устаноўленых практычна ў кожнага праграм, — пераконвае спецыяліст. — Узоры даведак, шаблоны дакументаў — Word, табліцы — Exсel. Гэтыя праграмы не даюць магчымасці аўтаматычна рабіць нейкую выбарку, але робяць працэс падрыхтоўкі папер значна больш хуткім — дастаткова адзін раз увесці даныя, каб потым выкарыстоўваць іх у розных справаздачах. А калі яшчэ асвоіць звычайную школьную праграму па інфарматыцы, напрыклад, па тэме “Базы даных”, то можна аўтаматычна рабіць тыя ці іншыя падлікі, штосьці параўноўваць, выбіраць і г.д.
Сёння ў Любчанскай сярэдняй школе даведачна-аналітычны матэрыял назапашваецца і размяшчаецца па тэматычных папках, дазваляючы пры неабходнасці ўносіць карэктывы ва ўжо існуючыя дакументы, выяўляючы тэндэнцыі ў выхаваўчай рабоце, прагназуючы перспектывы далейшага развіцця. Формы планаў разнастайныя: тэкставыя, графічныя, у выглядзе плана-сеткі. Галоўнае, яны дапамагаюць у рабоце, зручныя ў выкарыстанні і адлюстроўваюць перспектывы выхавання, а таксама развіццё выхаваўчай сістэмы школы.
У прыватнасці, для намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце ў школе ў электронным выглядзе ёсць электронная нарматыўная прававая база, распрацаваны адзін з раздзелаў гадавога плана школы — “Ідэалагічная і выхаваўчая работа”, база даных па вучнях і іх бацьках, банк даных па напаўняльнасці гурткоў і секцый, напаўняльнасці шостага школьнага дня, выніковасці ўдзелу ў раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах, колькасным аналізе ўзроўню злачыннасці, кантроль за арганізацыяй выхаваўчай дзейнасці класнымі кіраўнікамі, метадычная скарбонка.
Выхаваўчая работа ў любой установе адукацыі пачынаецца з класнага кіраўніка. Ад таго, наколькі граматны, цікавы, ініцыятыўны класны кіраўнік, ці адкрыты ён да новых і сучасных аспектаў выхаваўчай работы, ці баіцца адысці ад стэрэатыпаў, у многім залежыць атмасфера ў вучнёўскім калектыве і сярод педагогаў школы. Таму ў школе імкнуцца зменшыць і папяровую нагрузку для класных кіраўнікоў. Так, для іх распрацаваны ў электронным выглядзе шаблоны плана ідэалагічнай і выхаваўчай работы класнага кіраўніка, сацыяльна-педагагічнай характарыстыкі класа. Да таго ж па просьбах класных кіраўнікоў быў распрацаваны электронны варыянт партфоліа класа, электронная метадычная скарбонка.
— Выхаваўчы працэс немагчымы без наладжанай сістэмы дыягностыкі якасных і колькасных характарыстык эфектыўнасці функцыянавання і тэндэнцый развіцця выхаваўчай сістэмы. Галоўнай мэтай гэтай сістэмнай дыягностыкі якасці выхавання з’яўляецца прагназаванне і кіраванне якасцю выхаваўчага працэсу, — дадае Святлана Міхайлаўна. — Таму існуе і такая папка, як “Маніторынг”, якая ўключае ў сябе анкеты, тэсты, дыягностыкі, графікі, табліцы і інш.
У цэлым жа ўсё гэта дазваляе сфарміраваць адзіную базу даных навучэнцаў, бацькоў, работнікаў установы адукацыі, аўтаматызаваць віды справаздачнасці школы, весці электронны архіў па ўсіх відах дакументацыі, якая выкарыстоўваецца школай, упэўнена спецыяліст. Адзіная складанасць — неабходна шмат часу для ўвядзення ўсіх даных на першапачатковым этапе.
Апраўданыя выдаткі
Разам з тым сёння ў Любчанскай сярэдняй школе, як і ў іншых школах гэтага раёна, нараўне са стандартнымі праграмамі выкарыстоўваецца і прафесійнае, спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для аўтаматызацыі кіраўніцкага працэсу ў школе. Гаворка ідзе аб праграмна-тэхналагічным комплексе “ПараГраф”, які дапамагае і раённай уладзе больш аператыўна атрымліваць інфармацыю, а самой школе значна спрашчае жыццё.
— Ініцыятыва і, адпаведна, выдаткі па ўкараненні гэтага прадукту прыйшлі з боку рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй, — расказвае спецыяліст. — Задача работнікаў школы была толькі ў тым, каб асвоіць яго і якасна выкарыстоўваць у штодзённай дзейнасці.
— “ПараГраф” — гэта шматфункцыянальная сістэма, спецыяльна арыентаваная на агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы, якая дазваляе аўтаматызаваць шматлікія элементы кіраўніцкай дзейнасці: вядзенне базы даных, аўтаматычны выбар даных з зададзенымі параметрамі, падрыхтоўка ў электроннай і друкаванай форме разнастайных спісаў, справаздач, складанне вучэбных планаў і размеркаванне нагрузкі, шматфактарны аналіз паспяховасці, складанне раскладу і ажыццяўленне замен і іншае. Асобна ўнесены даныя па супрацоўніках: адукацыя, спецыяльнасць, стаж, павышэнне кваліфікацыі і іншае, — расказвае спецыяліст. — Пры гэтым даныя ўводзяцца толькі адзін раз у адным з раздзелаў праграмы, а затым становяцца даступнымі для ўсіх астатніх. Адпаведна, у адным месцы можна атрымаць практычна поўную інфармацыю пра аб’ект, нават калі яна адносіцца да розных сфер, а пры адборы інфармацыі можна выкарыстоўваць самыя разнастайныя параметры.
Створаная база даных, насамрэч, дае шмат магчымасцей для аналізу выхаваўчага працэсу. З яе дапамогай можна праводзіць маніторынг выхаванасці, сачыць за пропускамі навучэнцаў, атрымаць звесткі пра бацькоў навучэнцаў. Складаная праграма толькі тым, што, як і стандартныя праграмы, патрабуе ўвядзення вялікай колькасці даных. Але ў далейшым, упэўнены ў школе, гэтыя выдаткі поўнасцю вяртаюцца.
***
Безумоўна, гаварыць сёння аб поўным пераходзе ў названай установе на электронны дакументаабарот рана: не ўсё, што магчыма, аўтаматызавана, электронныя дакументы нярэдка, як і раней, дубліруюцца папяровымі. Тым не менш тое, што робіць адміністрацыя ўстановы і мясцовыя органы кіравання адукацыяй для пераходу на новыя тэхналогіі, паказальна. Найперш тым, што названая ўстанова — гэта звычайная, па сутнасці, сельская школа, з такімі ж звычайнымі рэсурсамі, матэрыяльнымі, асобаснымі. І калі ў іх атрымліваецца, то атрымаецца і ў іншых. А гэта дае магчымасць спадзявацца на тое, што чаканыя вынікі Канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года могуць быць выкананы. Сярод іх, прынамсі, скарачэнне дакументаабароту ва ўстановах адукацыі ў тры разы.
Наталля ІЛЬІНА.