Справіцца з наркотыкамі дапаможа супрацоўніцтва

- 8:28Сацыяльны ракурс

Два гады назад у мэтах павышэння ўзроўню ўзаемадзеяння міністэрствамі адукацыі, унутраных спраў і аховы здароўя быў зацверджаны Комплекс мерапрыемстваў, якія накіраваны на прадухіленне распаўсюджвання наркатычных і псіхатропных рэчываў сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Амаль адначасова з гэтым дакументам уступіў у сілу Дэкрэт № 6 “Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”. Для таго каб даведацца, ці змянілася сітуацыя з ужываннем і распаўсюджваннем наркатычных сродкаў сярод падлеткаў, мы звярнуліся па каментарый да начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх МУС Рэспублікі Беларусь палкоўніка міліцыі Віталя Алегавіча ЯНЧЫНА.

— Чым была выклікана неабходнасць прыняцця Комплексу мерапрыемстваў па прадухіленні распаўсюджвання алкаголю і наркатычных сродкаў сярод навучэнцаў і студэнтаў і наколькі дзейснымі з’яўляюцца яго палажэнні?

— У лістападзе 2014 года трыма міністэрствамі быў распрацаваны сумесны Комплекс мерапрыемстваў па прадухіленні распаўсюджвання алкаголю і наркатычных сродкаў сярод навучэнцаў і студэнтаў. Варта нагадаць, што згаданы дакумент раней існаваў у іншым выглядзе. Гэта былі інструкцыі, пісьмы, якія змяшчалі інфармацыю па прадухіленні распаўсюджвання наркотыкаў, алкаголю. І з гэтымі дакументамі таксама трэба было працаваць. Тым не менш, улічваючы маштаб праблемы, усё гэта павінна было набыць больш важны статус. Усе сумесныя распрацоўкі змясціліся ў дакумент, які працуе ўжо трэці год. Такім чынам, сённяшні комплекс, як і ранейшыя пісьмы, інструкцыі, прадугледжвае шырокую інфармацыйна-прафілактычную работу: перыядычнае правядзенне тэматычных трэнінгаў для педагогаў, прадастаўленне інфармацыі пра наркотыкі для бацькоў падчас сходаў. І ўсе зацікаўленыя структуры павінны распрацоўваць гадавыя планы па ўзаемадзеянні, а таксама прадастаўляць справаздачы аб выяўленні выпадкаў ужывання навучэнцамі наркатычных сродкаў. Сёння Комплекс мерапрыемстваў па прадухіленні распаўсюджвання алкаголю і наркатычных сродкаў сярод навучэнцаў і студэнтаў дзейнічае, працуе, мы ім кіруемся на пастаяннай аснове. Яго найбольш важныя палажэнні заключаюцца ў наступным. На пачатковым этапе мы праводзілі з настаўнікамі і бацькамі трэнінгі. Тлумачылі прыметы нетыповых паводзін, а таксама, што такое наркотыкі, якімі яны бываюць і наколькі згубнай з’яўляецца гэтая звычка. Самым галоўным, што мы хацелі растлумачыць настаўнікам пры дапамозе гэтага дакумента, было тое, наколькі важна на ранняй стадыі выявіць тых навучэнцаў, хто паспрабаваў ужо наркотыкі, і тых, хто іх перыядычна ўжывае. Чым раней такія навучэнцы трапяць да нас, тым хутчэй мы ім дапаможам. І такая ранняя дапамога з’яўляецца найбольш дзейснай.

— 1 студзеня 2015 года ўступіў у сілу Дэкрэт № 6 “Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”. Наколькі эфектыўным аказаўся гэты дакумент і як змянілася сітуацыя з распаўсюджваннем і ўжываннем наркатычных сродкаў, іх прэкурсараў і аналагаў сярод падлеткаў?

— Усе нашы размовы з непаўналетнімі, з навучэнцамі працягваюцца. Займаюцца правядзеннем прафілактычных мерапрыемстваў і работнікі сістэмы аховы здароўя. У дадатак да гэтага хачу адзначыць важны момант. Многія студэнты самі арганізоўваюць так званыя антынаркатычныя мерапрыемствы ў сваіх установах адукацыі. Ініцыятыва наконт такога ўзаемадзеяння ішла ў тым ліку і ад міліцыі. У многіх рэгіянальных УВА і кале­джах мерапрыемствы праводзіліся дзякуючы ініцыятыве і падтрымцы нашага ведамства. Цудоўна, што сёння ёсць актыўная моладзь, якая прапанавала сваю дапамогу нам. Усё гэта — шляхі і метады ўзаемадзеяння — абмяркоўвалася і з пракурорамі, і з установамі адукацыі. Для таго каб ажыццявіць такую “дапаможную” ініцыятыву, пісаўся пэўны статут, у якім былі распісаны мэты, задачы і спосаб іх вырашэння. Маладыя людзі, нераўнадушныя да праблемы ўжывання наркотыкаў, самі праводзілі лекцыі, асноўнай мэтай якіх было паказаць, наколькі важна не трапіць у гэтае замкнёнае кола, выбрацца з якога бу­дзе вельмі цяжка. Дарэчы, студэнты нават выяўлялі пэўныя інтэрнэт-рэсурсы, сайты, якія займаліся продажам наркатычных сродкаў. Акрамя гэтага, маладыя людзі ўдзельнічалі ў брыфінгах, пасяджэннях, падчас якіх абмяркоўвалася важная для ўсіх нас праблема — праблема ўжывання і распаўсюджвання наркотыкаў.

— Як заахвоціць настаўнікаў сябраваць з міліцыяй?

— Гаворачы пра педагогаў, варта сказаць, што кожны з іх, ведаючы пра любое правапарушэнне, абавязаны паведаміць аб гэтым праваахоўным органам. Давайце працаваць разам. Комплекс мерапрыемстваў па прадухіленні распаўсюджвання алкаголю і наркатычных сродкаў сярод навучэнцаў і студэнтаў абавязвае настаўнікаў узаема­дзейнічаць з органамі ўнутраных спраў.

Нагадаю, адным з пунктаў падпісанага Дэкрэта № 6 стала наступнае. У дакумент уключана палажэнне пра тое, што работнікам сістэмы адукацыі, у прыватнасці школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія своечасова паведамілі ў органы ўнутраных спраў пра факты ўжывання іх навучэнцамі наркотыкаў, а таксама пра ўдзел у іншых правапарушэннях, павінна выдавацца заахвочванне, узнагарода. Гэта павінна стымуляваць. Увогуле, тыя настаўнікі, выкладчыкі, выхавальнікі, пад чыім наглядам знаходзяцца навучэнцы, не павінны нічога баяцца. Яны павінны разумець сэнс узаемадзеяння з органамі ўнутраных спраў. Акрамя гэтага, варта паведамляць у пэўныя органы не толькі пра правапарушэнні, якія адбыліся ў навучальнай установе, на яе тэрыторыі, але і нават у іншых месцах, дзе маглі знаходзіцца ці знаходзіліся навучэнцы і здзейснілі проціпраўнае дзеянне. Зразумела, што ў школах, каледжах, ліцэях, іншых навучальных установах шмат людзей кантактуюць адно з адным. У маленькіх гарадах увогуле многія ведаюць адно аднаго, а значыць, чуткі, размовы разыходзяцца вельмі хутка. І калі раптам да настаўніка дайшла інфармацыя пра тое, што іх навучэнец замешаны ў справе з наркотыкамі, няхай і не напрамую, пра гэта трэба паведамляць. Радуе, што ёсць прыклады, калі супрацоўнікі міліцыі выяўляюць факты ўжывання наркатычных сродкаў навучэнцамі менавіта дзякуючы пільнасці настаўнікаў. Тут сваю ролю адыгралі і трэнінгі для педагогаў, якія мы праводзілі. Калі педагог бачыць не­адэкватнага падлетка, назірае за яго паво­дзінамі, трэба неадкладна прымаць меры. І за тое, што такі ўважлівы педагог не пабаяў­ся і паведаміў у міліцыю, яго неабходна не толькі пахваліць, але і ўзнагародзіць.

Справіцца з наркотыкамі дапаможа су­працоўніцтва. І такія настаўнікі ў нас ёсць. Як і было абяцана, ім выдавалася пэўнае ўзнагаро­джанне. З нашага боку такім не­абыякавым да лёсу падрастаючага пакалення людзям выдаваліся лісты падзякі.

Вельмі важнай з’яўляецца работа выхавальнікаў у інтэрнатах. Ім трэба сачыць за вялікай колькасцю навучэнцаў, студэнтаў. Кадравы склад у такіх установах часта мяняецца, і новым выхавальнікам патрэбна больш пільна сачыць за сваімі падапечнымі. Асаблівай увагі варты той момант, калі дзеці вяртаюцца ў інтэрнат пасля летніх, зімовых канікул. Для таго каб не дапусціць ніякіх правапарушэнняў, неабходна арганізоўваць дзяжурствы. Але выхавальнікам адным не справіцца, таму сюды павінны далучацца і выкладчыкі.

Важна, што і сама моладзь зацікаўлена, каб сярод яе не было наркаманаў. Таму што кожны з-за ўласнага глупства можа ­стаць ­ахвярай наркотыкаў. Медыцынскія работнікі гавораць, што адзін нарказалежны за год можа ўцягнуць у наркатычную “пастку” 15 чалавек. Гэта даволі многа. Таму прафілактыка тут на першым месцы. Увогуле, калі равеснікі размаўляюць адно з адным, гэта прыносіць больш станоўчых вынікаў, чым калі “выхоў­ваць” пачынаюць дарослыя. Безумоўна, некаторыя могуць не разумець, наколькі сур’ёзнымі будуць наступствы ўжывання наркатычных сродкаў. Але не разумеюць гэтага толькі тыя, хто не дасягнуў ­узросту ­ўсведамлення.

— Незаконны абарот наркатычных сродкаў з удзелам непаўналетніх паменшыўся ў два разы…

— І гэта значны вынік. Безумоўна, шкада, што такія злачынствы ўсё яшчэ здзяйсняюцца. Але іх стала менш. Раней, яшчэ два гады назад, вельмі вострай была праблема збыту наркатычных сродкаў асобамі, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту. Падлеткі дзяліліся адно з адным, напрыклад, спайсамі. І вось такая дзяльба — гэта ўжо і ёсць распаўсюджванне. Да канца пазбавіцца ад такой праблемы пакуль што не атрымалася, але тое, што колькасць нарказлачынстваў паменшылася ў два разы, — гэта вельмі добры паказчык. Прычым у два разы паменшылася не толькі колькасць прадаўцоў, але і тых, хто ўжывае рознага кшталту наркатычныя сродкі.

Калі гаварыць пра адзін з самых вядомых наркотыкаў — спайс, то раней у агульным спісе наркатычных рэчываў паказчык распаўсюджвання і збыту менавіта гэтага сродку дасягаў амаль 90 працэнтаў. Зараз доля спайсаў, іх каналы, пастаўка значна зменшыліся. Таму даступнасць гэтага наркотыку стала для падлеткаў больш абмежаванай. Важную ролю ў гэтым адыгралі і тыя меры, якія прапісаны заканадаўствам у Дэкрэце № 6. Каму хочацца ў 14 гадоў за адзін неабдуманы ўчынак трапіць на лаву падсудных і выйсці з турмы невядома ў якім узросце?

Доля наркотыкаў у спісе падлеткавых правапарушэнняў за мінулы год склала 11 працэнтаў ад ліку ўсіх злачынстваў. А бы­ло і такое, што гэтая лічба дасягала паказчыкаў у 18 і нават 20 працэнтаў. Што тычыцца ўсіх злачынстваў, то за год па краіне іх коль­касць паменшылася на 18 працэнтаў. І гэта дзякуючы таму, што ў нас стала менш менавіта наркатычных “гісторый”, а таксама крадзяжоў.

Такім чынам, і Дэкрэт № 6, які ўзмацніў адказнасць за ўжыванне і распаўсюджванне наркатычных сродкаў, і прафілактычныя меры, якія сумесна прымяняюцца органамі адукацыі, аховы здароўя і праваахоўнымі ­органамі ў адносінах да маладога пакалення, далі станоўчы вынік. І мы спадзяёмся, што ў бягучым годзе вынікі работы прыня­суць яшчэ больш поспеху.

1 ліпеня ўступіць у сілу закон, падпісаны прэзідэнтам, які дазволіць ствараць у рэгіёнах лячэбныя профільныя ўстановы закрытага тыпу. Накіроўвацца туды будуць падлеткі, якія пражываюць у пэўнай вобласці. І цяпер, калі раптам узнікне неабходнасць (магчыма, з’явіцца новы від наркотыкаў, які трапіць у краіну), рэгіёны змогуць арганізаваць падобныя ўстановы. Накіроўвацца на перавыхаванне туды будуць падлеткі, якія здзей­снілі адміністратыўнае правапарушэнне, да якога адносіцца знаходжанне ў стане наркатычнага, а таксама алкагольнага ап’янення і інш. Дарэчы, алкаголь дагэтуль з’яўляецца адным з фактараў, які прыводзіць да здзяй­снення правапарушэнняў як сярод моладзі, так і сярод дарослага насельніцтва. Менавіта пад уздзеяннем алкаголю “нара­джаецца” яшчэ адзін від правапарушэнняў — хуліган­ства. І іх доля сярод злачын­стваў, ­здзейсненых за мінулы год, таксама не малая — 13,5 працэнта. 55 працэнтаў ад усіх злачынцаў — гэта навучэнцы каледжаў і ліцэяў. Гэтая катэгорыя найбольш важная ў плане правя­дзення прафілактычных мера­прыемстваў. І работу менавіта з гэтай катэгорыяй моладзі мы актывізуем. Напрыканцы месяца ў нас запланавана ­сустрэча з прадстаўнікамі Міністэр­ства адукацыі, дзе мы і будзем сумесна шукаць вырашэнне найбольш актуальных праблем, якія тычацца менавіта правапарушэнняў з боку навучэнцаў.

— Хто вінаваты — бацькі ці школа?

— Безумоўна, выхаванне пачынаецца з сям’і. І толькі бацькі павінны быць у адказе за сваё дзіця. Бывае так, што нешта ва ўзаемаадносінах ламаецца і дзіця выпадае з-пад кантролю. Задача бацькоў не дапусціць гэтага. Увогуле, варта сказаць і пра тое, што і настаўнікі, і, безумоўна, бацькі павінны расказваць сваім дзецям, што яны не абавязаны быць падобнымі на кагосьці, яны павінны быць самімі сабой, сапраўднымі асобамі са сваім пунктам гледжання і жыццёвай пазіцыяй. І калі яны трапляюць у кампанію, нават вельмі ўплывовую сярод аднагодкаў, у якой прапаноўваюць паспрабаваць наркотык, то трэба ўмець стаяць на сваім.

Разгледзім выпадак, калі малады чалавек здзейсніў забойства. Узнікае простае, але вельмі важнае пытанне. Чаго не хапала гэтаму хлопцу? У яго ўсё ёсць: кватэра, грошы, ён вучыцца ва ўніверсітэце. І паралельна разгледзім яшчэ адзін выпадак. Хлопчыка тата адпраўляў аднаго на электрычцы ездзіць з вёскі ў горад у мастацкую школу. І хлопчык ездзіў. Сам. Таму што ў бацькоў не было магчымасці яго вазіць. Але чаму адзін ездзіў, а другі, у якога ўсё ёсць, забіў чалавека? Тут з пункту гледжання псіхалогіі ўсё проста. У хлопчыка з вёскі была і ёсць мэта, ён хоча маляваць. У другога было ўсё, але пра яго ніхто не гаварыў, яму не хапала папулярнасці. І ён “намаляваў” у галаве ідэальны для сябе сюжэт, які зробіць так, што пра яго пачнуць гаварыць: ён заб’е чалавека і стане героем. Так, пасля здзяйснення злачынства пра яго гавораць, але не як пра героя, а як пра хворага чалавека. Пазбег­нуць такога можна было б, калі б у хлопца была мэта. А яе не было. Да чаго можна імкнуцца, калі бацькі ўсё далі? Менавіта ад “няма чаго рабіць” усё і пачынаецца. Я ўпэўнены, што дзецьмі трэба цікавіцца. Паміж дзецьмі і баць­камі павінна існаваць унутраная, духоўная сувязь. Безумоўна, тут не трэба ўсталёўваць гіперапеку. Дзіця павінна адчуваць сябе самастойным, але ў той жа час адчуваць падтрымку дарослых. І вельмі важна, каб гэтая падтрымка ішла не толькі ад мамы, але і ад бацькі. Тут, на маю думку, важную ролю ады­грывае тое, у якой сям’і вырасла дзіця — поўнай ці не. Хаця, безумоўна, ёсць шмат выпадкаў, калі падлетак расце ў поўнай сям’і, а ўсё роўна трапляе ў дрэнную кампанію. Будзе ідэальна, калі бацькі пач­нуць праводзіць больш вольнага часу разам з дзецьмі, калі ў іх бу­дзе адно хобі. У такіх нефармальных сітуацыях можна, паверце, шмат пра што даведацца. Але ж трэба разумець і тое, што прамыя пытанні, “у лоб”, будуць недарэчнымі. Увогуле, шчасце заключаецца ў простых рэчах, але яго трэба навучыцца бачыць.

Гутарыла Наталля ДУБІК.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.