Спробы абяліць тэрарызм, патураць тэрарызму павінны разглядацца як саўдзел у тэроры

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін разлічвае, што міжнародная кааліцыя супраць тэрарызму будзе сфарміравана і падтрымае паспяховыя дзеянні ПКС РФ у Сірыі. Аб гэтым ён заявіў, выступаючы на цырымоніі ўручэння даверных грамат новымі пасламі замежных дзяржаў.

“Разлічваю, што нарэшце будзе сфарміравана сапраўды шырокая міжнародная антытэрарыстычная кааліцыя, якая выступіць скаардынавана, як адзіная магутная сіла, і, у прыватнасці, падтрымае дзеянні расійскіх ваенных, якія ажыццяўляюць паспяховыя аперацыі супраць тэрарыстычных груповак і структур у Сірыі”, — адзначыў Уладзімір Пуцін.
“Хацелася б спадзявацца, што пасля тэракта супраць расійскага авіялайнера ў Егіпце, трагічных падзей у Францыі, страшэнных масавых забойстваў у Ліване, Нігерыі, Малі прыйдзе разуменне неабходнасці аб’яднання намаганняў усёй міжнароднай супольнасці ў барацьбе з тэрорам”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Ён запэўніў, што Расія будзе настойліва прадаўжаць спробы дамовіцца з усімі партнёрамі, у тым ліку ў рамках Венскага працэсу. “Мы зыходзім з зацікаўленасці ўсіх дзяржаў свету менавіта ў такой скаардынаванай сумеснай рабоце”, — заявіў У.У.Пуцін.
Прэзідэнт Расіі таксама адзначыў, што ўзнікненне групоўкі “Ісламская дзяржава” стала вынікам пасіўнасці шэрагу краін і іх дапамогі тэрарызму. “Кожныя спробы абяліць тэрарызм, патураць тэрарызму павінны разглядацца фактычна як саўдзел у тэроры, саўдзел у злачынствах”, — падкрэсліў У.У.Пуцін. Ён канстатаваў, што тэрарыстаў, іх незаконны гандаль нафтай, людзьмі, наркотыкамі, творамі мастацтва, зброяй не толькі пакрывалі і пакрываюць, але на гэтым сёй-той прадаўжае і зарабляць. “Прычым зарабляць сотні мільёнаў і мільярды долараў”, — дадаў расійскі лідар.
За апошнія 10 гадоў, нагадаў Уладзімір Пуцін, учынена больш як 100 тысяч тэрактаў, і толькі ў 2014 годзе ў выніку такіх злачынстваў загінула больш як 32 тысячы чалавек з 67 краін свету. “Пазіцыя Расіі адносна тэрарызму заўсёды была паслядоўнай, цвёрдай і зразумелай, — адзначыў прэзідэнт. — З гэтым злом трэба змагацца бескампрамісна, паслядоўна”.
Што тычыцца інцыдэнту з расійскім Су-24, які быў збіты 24 лістапада турэцкімі ВПС, Уладзімір Пуцін
адзначыў, што Турцыя на высокім узроўні да гэтага часу не папрасіла ў Расіі прабачэння, не прапанавала кампенсаваць урон і не паабяцала пакараць вінаватых. “Ствараецца ўражанне, што турэцкае кіраўніцтва свядома заганяе расійска-турэцкія адносіны ў тупік, мы шкадуем аб гэтым”, — дадаў ён.
Як падкрэсліў У.У.Пуцін, тое, што адбылося ў небе над Сірыяй, супярэчыць разважлівасці і міжнароднаму праву: самалёт быў збіты над сірыйскай тэрыторыяй. Прэзідэнт падкрэсліў, што лічыць абсалютна незразумелымі здрадлівыя ўдары ў спіну ад тых, каго лічылі партнёрамі ў барацьбе з тэрарызмам.