Спяшацца з радасцю на ўрок

- 9:23Людзі адукацыі

Сярод разумнікаў і разумніц, якія прадставяць Віцебшчыну ў фінале Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, — чацвёра вучняў Ірыны Красноўскай з гімназіі № 8 Віцебска. Традыцыйна гэтая ўстанова адукацыі ўваходзіць у тройку лідараў абласнога этапу алімпіяды па вучэбных прадметах. Сёлетняе выступленне яе навучэнцаў не стала выключэннем, у чым немалая заслуга юных знаўцаў рускай мовы і літаратуры.

Дыпломам ІІІ ступені адзначана адзінаццацікласніца Таццяна Афанасава (дарэчы, у кастрычніку мінулага года дзяўчына прывезла з Гомеля дыплом ІІ ступені алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”). У яе сяброўкі, таксама навучэнкі 11 класа, Настассі Дыдо, — дыплом ІІ ступені. Вельмі парадавалі дзевяцікласнікі: дыпломы І ступені ўпэўнена заваявалі Якаў Лазарэнка, Настасся Ярошка і Настасся Кляцкова, ІІ ступені — Кацярына Сапко, навучэнка Святланы Робацень. Астатніх удзельнікаў пераможнай каманды рыхтавала да алімпіяды Ірына Красноўская. Хаця сама Ірына Віктараўна пераконвае, што поспех яе вучняў — плён калектыўнай працы.— Старшакласнікі, з якімі я працую, да 10 класа займаліся ў маёй калегі Жанны Кандратовіч. Менавіта яна дала дзецям тую выдатную базу ведаў, без якой гаварыць пра перамогі ў нас хутчэй за ўсё не было б падстаў, — заўважае настаўніца. — Дзевяцікласнікі мае з моманту іх паступлення ў гімназію. Тым не менш кожная значная перамога — вынік дзейнасці не аднаго педагога, а вялікай каманды. Так, у дачыненні да алімпіяды па мове і літаратуры ад удзельніка абавязкова патрабуецца высокі ўзровень ведання гісторыі, сусветнай і айчыннай мастацкай культуры: ён ёсць, і за гэта мы шчыра ўдзячныя Але Мільман. Прыведзены прыклад не адзінкавы — хутчэй паказальны. Добра і камфортна працаваць з людзьмі, якія ў любой справе прад’яўляюць да сябе строгія патрабаванні. Дзеці гэта бачаць, разумеюць, асэнсоўваюць, бяруць у прыклад. Вучацца працаваць і працуюць на вынік з поўнай самааддачай як у гімназіі, так і самастойна. Яшчэ адзін важны момант: матывацыя. Некаторыя моцныя навучэнцы з тых, хто не ўдзельнічае ў алімпіядзе, кіруюцца іншым матывам — паспяхова паступіць ва ўніверсітэт.
Сярод выпускнікоў Ірыны Красноўскай нямала тых, хто здаў цэнтралізаванае тэсціраванне на 100 балаў. Разам з тым настаўніца заўсёды падкрэслівае: веды як вынік супрацоўніцтва педагога і навучэнца ўсё ж павінны быць на другім месцы, а на першым — выхаванне чалавека.
— Па гэтай прычыне самае галоўнае ў рабоце настаўніка — не стаміцца. Калі ты з палёгкай бяжыш са школы, то трэба мяняць прафесію. Наадварот, калі штодня ты спяшаешся на ўрокі з радасцю, новымі ідэямі, тады маеш права працаваць з дзецьмі: усяму астатняму можна навучыцца. Я глыбока пераканана ў тым, што прыярытэтная задача на ўроку незалежна ад таго, матэматык ты, географ, гісторык ці літаратар — навучыць дзяцей суперажываць. Многім з нашых навучэнцаў веданне матэматыкі нават на ўзроўні школьнай праграмы ў дарослым жыцці не спатрэбіцца. Веданне рускай мовы, безумоўна, неабходнае, але, улічваючы распаўсюджанне камп’ютарных тэхналогій, трэба браць пад увагу — пры неабходнасці камп’ютар хуценька праверыць тэкст, старанна выправіць памылкі і недакладнасці. Чалавечнасць, спачуванне ў наш час, мне здаецца, асноўнае. Калісьці ў педагогіцы існавала добрае паняцце — выхаванец. Пагадзіцеся, “выхаванец кадэцкага корпуса”, “выхаванка Смольнага інстытута” — крыху іншае, чым сучаснае “навучэнец”, не проста змена назвы. Думаю, мы ў ідэале да гэтага прыйдзем, асабліва ў такіх установах адукацыі, як гімназія, ліцэй. Роля педагога — не столькі прымусіць дзяцей думаць, колькі навучыць іх у любой сітуацыі заставацца людзьмі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.