Спытай, пакуль ты тут

- 11:18Сацыяльны ракурс

Гандаль людзьмі, здавалася б, паняцце зусім не сучаснае. Але ў сродках масавай інфармацыі час ад часу з’яўляюцца новыя аповеды пра гэтую з’яву. Мужчына паехаў працаваць у суседнюю краіну і на шмат гадоў трапіў у самае сапраўднае рабства; дзяўчаты думалі, што будуць афіцыянткамі, між тым аказаліся ў бардэлі… Бываюць і іншыя сітуацыі: жанчына выйшла замуж за іншаземца і, толькі прыехаўшы да мужа, даведалася, што законы яго краіны ў выпадку разводу не дазваляюць ёй забраць дзяцей з сабой нават пры наяўнасці ў іх беларускіх пашпартоў; турысты страцілі ў замежнай паездцы дакументы; работадавец адмаўляецца заключаць працоўны дагавор… Безумоўна, лепшае, што можна параіць тым, хто збіраецца выязджаць за мяжу, гэта даведацца аб усіх неабходных нюансах, усіх асаблівасцях краіны выезду загадзя.

Памятка для тых, хто выязджае за мяжу:
— ваш пашпарт заўсёды павінен быць у вас, не аддавайце яго нікому;
— працаваць за мяжой можна толькі па рабочай візе, якая афармляецца пры вашым асабістым звароце ў пасольства краіны, куды вы едзеце працаваць яшчэ да выезду за мяжу;
— зрабіце ксеракопіі ўсіх важных дакументаў, адзін экзэмпляр вазьміце з сабой, другі пакіньце дома;
— пакіньце сваякам і знаёмым дакладны адрас месца, дзе будзеце жыць;
— дамоўцеся з блізкімі, як будзеце падтрымліваць сувязь, прыдумайце ўмоўную фразу, якая дасць зразумець, што ў вас нешта здарылася;
— вазьміце з сабой пэўную суму грошай на непрадугледжаныя расходы;
— паклапаціцеся аб медыцынскай страхоўцы.
Супрацоўнікі праграмы “Ла Страда” раяць для большай бяспекі накіраваць электронныя копіі дакументаў на свой электронны адрас, а таксама даведацца, куды ў выпадку складанай сітуацыі можна звярнуцца за мяжой, пакінуць такія кантакты блізкім.

Дарогі ў 100 краін

Бяспечны выезд за мяжу і супрацьдзеянне гандлю людзьмі — задача дзяржаўнага і, безумоўна, міжнароднага значэння. Працуе над вырашэннем гэтай задачы і праграма “Ла Страда Беларусь”, якой зусім нядаўна споўнілася 15 гадоў. Праграму ў нашай краіне ажыццяўляе міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Гендарныя перспектывы”, а існуе такая праграма яшчэ ў сямі краінах — Нідэрландах, Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, Украіне, Малдове, Македоніі.
— Працуючы доўгі час у сферы бяспечнай міграцыі і супрацьдзеяння гандлю людзьмі, мы, канечне, дакладна бачым праблемныя галіны і стараемся данесці гэта да дзяржорганаў, — гаворыць кіраўнік праграмы “Ла Страда Беларусь” Алена Несцярук. — Удзельнічаем у распрацоўцы нацыянальных заканадаўчых актаў. Напрыклад, нашы прадстаўнікі ўваходзілі ў рабочую групу па распрацоўцы Закона аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі, а таксама ў групу па падрыхтоўцы пастановы Савета Міністраў № 485, якая зацвердзіла палажэнне аб ідэнтыфікацыі ахвяр такога гандлю.Усе гады існавання праграмы ў Беларусі працуе гарачая лінія па бяспечным выездзе за мяжу, а нядаўна да яе была дададзена магчымасць звароту па электроннай пошце. Створаны яшчэ і сайт, але гэта не сайт канкрэтнай арганізацыі ці канкрэтнай праграмы, а сайт для патэнцыяльных мігрантаў, на якім хутка можна будзе атрымаць паслугу па анлайн-кансультаванні. За ўвесь час існавання праграмы ў “Ла Страда” паступіла больш чым 25 тысяч зваротаў, з якіх 5% па электроннай пошце, 49% — па тэлефоне бясплатнай інфармацыйнай лініі 113. Цікавая, трэба сказаць, атрымліваецца карціна пасля аналізу гэтых зваротаў. Па-першае, на сёння “геаграфія” пытанняў беларусаў тычыцца больш чым 100 краін свету. Галоўным напрамкам выезду беларусаў за мяжу традыцыйна застаецца Расія — 11,5%. Затым ідуць Турцыя — 11%, ЗША —10%, Германія — 8,5%, Італія — 5,5%, Польшча — 4,5%, Вялікабрытанія — 3%. Гэта даныя за 15 гадоў. Калі ж гаварыць пра мінулагоднія тэндэнцыі, то Расія ў пераліку інтарэсаў беларусаў была наперадзе з 15-цю працэнтамі. Даволі вялікую долю займаюць звароты людзей, якія знаходзяцца ў пошуку, вырашаючы, ці варта ехаць, напрыклад, на работу за мяжу, і якую краіну лепей выбраць.
Самая запатрабаваная інфармацыя ў нашых суайчыннікаў — гэта пытанні, звязаныя з працаўладкаваннем за мяжой, іх каля 70%. Каля 26% кансультацый звязаны з сямейна-шлюбнымі адносінамі з іншаземцамі, 20% тых, хто патэлефанаваў або напісаў у арганізацыю, цікавіліся карыснымі адрасамі або тэлефонамі за мяжой, 13% — пашпартна-візавым рэжымам, 6% чакалі кансультацый па пытаннях навучання за мяжой, 8% зваротаў тычыліся цяжкіх і крызісных выпадкаў.
Каля 6% зваротаў у праграму складаюць запыты грамадзян іншых краін. У асноўным гэта пытанні аб тым, як можна пераехаць у нашу краіну, атрымаць тут пастаяннае месца жыхарства. Зваротаў па нейкіх крызісных сітуацыях ад іншаземцаў звычайна не бывае.
— На “гарачы” тэлефонны нумар ужо ў першы год яго дзеяння паступіла каля 2 тысяч званкоў, — расказвае кіраўнік інфалініі па бяспечным выездзе і знаходжанні за мяжой Ірына Варварына, — зараз гэтая тэндэнцыя захоўваецца. У нашых планах — адкрыццё доступу мабільных аператараў на кароткі нумар 113, таксама, акрамя анлайн-доступу, забеспячэнне доступу да кансультацый нашых абанентаў за мяжой праз Skype.
Па словах спецыяліста, першае, што звяртае на сябе ўвагу, гэта тое, што значная перавага на пачатак дзеяння інфалініі была на баку жанчын, зараз яна не такая вялікая — усё больш па інфармацыю і кансультаванне звяртаюцца мужчыны. У параўнанні з 2001 годам значна вырасла колькасць пытанняў па пашпартна-візавым рэжыме: людзей цікавіць, як аформіць дакументы для выезду за мяжу дзіцяці, калі бацькі знаходзяцца ў разводзе, многіх хвалюе, ці не ўнесена іх прозвішча ў спісы так званых “невыязных” — даўжнікоў па аліментах, крэдытах і г.д. З кожным годам павялічваецца колькасць пытанняў па выездзе на навучанне за мяжу. Пры гэтым сярод тых, каго цікавіць пашпартна-візавы рэжым, сямейна-шлюбнае заканадаўства, значная большасць жанчын, сярод тых, хто збіраецца за мяжу на работу, — мужчын.

Якая рэгістрацыя, я ж з Бабруйска?

— У нас ёсць сетка трэнераў па ўсёй Беларусі, — заўважае Алена Несцярук. — Прычым мы паступова зразумелі, што лепшая для нас форма работы — гэта не лекцыя, а трэнінг.
Трэнеры “Ла Страда” працуюць з рознымі мэтавымі групамі, у тым ліку з выкладчыкамі, студэнтамі, школьнікамі. Пытанні ў гэтай групы могуць быць самыя розныя: ад легальнага працаўладкавання за мяжой да асаблівасцей сістэмы адукацыі той або іншай краіны. Што тычыцца студэнтаў, то некаторыя з іх, сабраўшыся на бясплатнае навучанне за мяжу, лічаць, што і грошы ім будуць амаль не патрэбны. Зноў памылка: аплачваць харчаванне, пражыванне, праезд давядзецца самім, а гэта немалыя грошы, лепш разлічыць усё загадзя. Жыць на ўсім гатовым, прыехаўшы на вучобу за мяжу, не атрымаецца.
— Вельмі шмат вярбоўкі зараз адбываецца ў сацыяльных сетках, — гаворыць А.Несцярук. — Таму мы звяртаем на іх вялікую ўвагу. У нас тры гады назад праходзіла інтэрнэт-кампанія “Спытай, пакуль ты тут”. Зараз мы хочам перазапусціць яе ў сацыяльных сетках, бо яна знайшла вялікі водгук у моладзі. Акрамя таго, “Ла Страда” запусціла шэраг флэш-ролікаў, якія тычацца самых папулярных сітуацый, звязаных з выездам за мяжу. Адзін з іх тычыцца выезду на работу ў Расію і называецца “Якая рэгістрацыя, я ж з Бабруйска?”. Сэнс у тым, што многія беларусы, якія адпраўляюцца ў Расію, лічаць: мы ж свае, жыві і працуй у суседняй краіне, колькі пажадаеш. Гэта зусім не так, і калі вы збіраецеся ехаць у суседнюю краіну працаваць або проста ў госці, то пацікаўцеся, як правільна гэта зрабіць. Так, не кожны здагадаецца захаваць білет, каб у выпадку чаго даказаць, што знаходзішся ў Расіі без рэгістрацыі не больш часу, чым дазваляе расійскае заканадаўства. І адна з самых вялікіх праблем у Расіі — гэта вусная дамоўленасць аб рабоце, што часта выклікае самыя непрыемныя наступствы.
— А прыкладна тры гады назад у нас быў усплёск зваротаў па Кітаі, куды дзяўчат запрашалі мадэлямі ў клуб, — гаворыць кіраўнік праграмы “Ла Страда Беларусь”. — Ну якія мадэлі ў звычайным клубе? Пасля тлумачальнай работы, у тым ліку праз СМІ, цікавасць да гэтых прапаноў упала, але зараз бачым, што яна зноў адраджаецца.
За ўвесь час існавання праграмы “Ла Страда” ў Беларусі ў арганізацыю паступіла больш за 1000 крызісных зваротаў, з іх 73 — у мінулым годзе. Пэўную частку з іх (25%) складаюць звароты аб пошуку людзей за мяжой. Прычым гаворка не ідзе пра просьбы кшталту: “Я стаціў сувязь з аднакласнікам, дапамажыце яго адшукаць”, гэта вострыя сітуацыі: чалавек паехаў і не выходзіць на сувязь або тэлефанаваў і раптам перастаў гэта рабіць. Блізкія ў такіх выпадках часта губляюцца, не ведаюць, куды звярнуцца. “Ла Страда”, канечне, не аператыўная служба міліцыі, але можа звярнуцца ў іншыя грамадскія арганізацыі за мяжой, да рускамоўных грамадзян, якія жывуць у той або іншай краіне. Яны, дарэчы, як правіла, вельмі ахвотна адклікаюцца на такія звароты, напрыклад, дапамагаюць заплаціць консульскі збор за выдачу неабходных даведак, калі ў чалавека ўкралі дакументы і грошы.
На шчасце, удзельнікам праграмы і спецыялістам іншых арганізацый удалося вярнуць у Беларусь усіх, наконт каго родныя звярталіся ў “Ла Страда” з просьбай аб іх вышуку. Напрыклад, летась у арганізацыю звярнулася беларуска, якая выйшла замуж за італьянца. Там яна падвяргалася насіллю. Спецыялісты звязваліся з ёй праз сацыяльныя сеткі, выдавалі сябе за сябровак. У выніку жанчыне ўдалося вярнуцца дадому разам з дзіцем.
Дарэчы, па дапамогу звяртаюцца і ахвяры дамашняга насілля на тэрыторыі Беларусі. Большасць з іх жанчыны, але паступова расце і колькасць мужчын. У асноўным гэта пажылыя людзі, якія пакутуюць ад сваіх дзяцей, прычым, як правіла, калісьці цяперашнія ахвяры здзяйснялі фізічнае і псіхалагічнае насілле над жонкай і дзецьмі. Цяпер іх дарослыя дзеці быццам бы вяртаюць “даўгі”, сітуацыя вяртаецца бумерангам.
— Асаблівую ўвагу мы, канечне, удзяляем зваротам па гандлі людзьмі, — адзначае Ірына Варварына. — Зварот на інфалінію ананімны, магчыма таму людзі асмельваюцца расказваць нам пра факты вярбоўкі, сумніўных прапаноў. У такіх выпадках мы цесна супрацоўнічаем з галоўным упраўленнем па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, а таксама з дэпартаментам па грамадзянстве і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам замежных спраў.
За час работы праграмы “Ла Страда” спецыялісты дапамаглі 340 пацярпелым ад гэтага віду злачынстваў. Так, у самым канцы 2015 года пайшоў усплёск вярбоўкі дзяўчат для работы на Паўночным Кіпры ў начных клубах праз сацыяльныя сеткі, што працягваецца і зараз. Гаворка ідзе пра дзясяткі зваротаў, прычым гісторыі, якія даводзіцца выслухоўваць спецыялістам праграмы, гучаць аднолькава, быццам напісаныя пад капірку.
Між тым вельмі нямногія беларускі ведаюць, што Паўночны Кіпр знаходзіцца пад уладай Турцыі. Ляцець на Кіпр дзяўчатам прапаноўваюць менавіта праз Турцыю, дзе для беларусаў дзейнічае бязвізавы рэжым, абяцаюць там жа аформіць усе неабходныя дакументы. Асноўная праблема тут менавіта ў тым, што Паўночны Кіпр — гэта краіна, якую не прызнае сусветная супольнасць, дэ-юрэ такой краіны не існуе. Фактычна дзяўчаты, якія пагодзяцца на такую работу, не змогуць аформіць рабочую візу, такім чынам яны парушаць міграцыйнае заканадаўства.

Марына ХІДДЖАЗ.