Стаць студэнтам па-за ўніверсітэтам

- 11:39Выхаванне

Супрацоўніцтва ўстаноў вышэйшай, сярэдняй і дадатковай адукацыі сёння стала неабходнасцю і рэальнасцю. Багаты вопыт у гэтым кірунку мае Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, у якім усталяваліся цесныя сувязі паміж прафесарска-выкладчыцкім складам біялагічнага факультэта і настаўнікамі-практыкамі горада.

Энтамалогія — навука родам з дзяцінства

Пра тое, што энтамолагамі не становяцца, а нараджаюцца, не па чутках ведае Ігар Альбертавіч Саладоўнікаў, дацэнт кафедры заалогіі Віцебcкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя. П.М.Машэрава і педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік аб’яднанняў па інтарэсах Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі і пры аддзеле адукацыі, спорту і турызму пры адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска.

“Мая маці працавала настаўніцай геаграфіі, бацька — урачом, і мы разам вельмі часта выязджалі на прыроду. Для мяне назіраць за навакольным светам, і асабліва за насякомымі, было натуральнай з’явай, — успамінае педагог. — Падмацавалі маё захапленне і настаўнікі біялогіі. Потым пачаліся зборы, пошукі інфармацыі (тады ж не было ні інтэрнэту, ні гурткоў па энтамалогіі) — спачатку ў адзіночку, а калі я быў у класе 8—9, мяне пазнаёмілі з супрацоўнікамі кафедры заалогіі тады яшчэ Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава. Пад іх кіраўніцтвам я займаўся ў гуртках, у праблемнай лабараторыі. З таго часу пачалося больш сур’ёзнае захапленне, якое я вырашыў зрабіць прафесіяй. — Пасля школы я выбраў біялагічны факультэт, дзе і застаўся працаваць”.

Сёння Ігар Альбертавіч вядзе для студэнтаў заняткі па заалогіі беспазваночных, жывёльным свеце Беларусі, чужародных відах, паводзінах жывёл і асноўных праблемах біялогіі, актыўна займаецца навуковай і навукова-метадычнай працай, апублікаваў больш за 165 навуковых работ, у тым ліку і манаграфію. Выступіць з навуковымі дакладамі яго часта запрашаюць на рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях як ва ўніверсітэце, так і ў Беларусі і за яе межамі. Пастаянна праводзіць кансультацыі, нарады, канферэнцыі, май­стар-класы для настаўнікаў вобласці, якія займаюцца з дзецьмі навукова-даследчай дзейнасцю.

Не менш важная для педагога і яго работа са школьнікамі: каб падтрымаць такіх жа цікаўных дзяцей, як і ён сам калісьці, І.А.Саладоўнікаў больш за 20 гадоў назад арганізаваў у Віцебскім палацы дзяцей і мола­дзі аб’яднанне па інтарэсах для юных заолагаў і энтамолагаў “Заалогія беспазваночных”, заняткі якога право­дзіць на сваёй кафедры.

У кожнага выхаванца аб’яднання — індывідуальны графік, які ўключае тэорыю, практычныя заняткі, палявыя эксперыменты і г.д. У распара­джэнні школьнікаў — усё абсталяванне, якое ёсць на кафедры: электроніка, камп’ютары, бінакуляры, мікраскопы і інш.

Гаворачы пра перавагі такога ранняга ўніверсітэцкага навучання, Ігар Альбертавіч адзначае: “Шмат чаму навучыўшыся яшчэ ў школе, мае выхаванцы эканомяць гады 3—5 свайго жыцця, бо ў нас дзіця сутыкаецца з рэальнай навукай, бачыць, як ідзе працэс назапашвання, апрацоўкі інфармацыі, а галоўнае — яно само прымае ў гэтым удзел, вучыцца рабіць прэзентацыі, пісаць артыкулы. У нас з’яўляюцца сумесныя друкаваныя работы, даследаванні, і дзіця — іх суаўтар, прычым на афіцыйным узроўні. Для многіх гэтыя работы становяцца навуковым стартам.

Ды і калі дзіця не пойдзе далей у энтамалогію, гэтыя веды яму спатрэбяцца ў любой справе. Незалежна ад таго, дзе і кім ён будзе працаваць, ён ужо будзе ведаць, як пісаць справа­здачу, як яе структураваць, як выступаць, не баючыся публікі”.

Пра ўзровень заняткаў І.А.Сала­доўнікава гаворыць тое, што яго выхаванцы займаюць прызавыя месцы на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях біялагічнага кірунку. Некалькі з іх сталі ўладальнікамі прэзідэнцкай прэміі па падтрымцы таленавітай моладзі. Дзясяткі яго выпускнікоў абралі прафесіі, цесна звязаныя з біялогіяй. Большасць з іх — урачы (у тым ліку і яго дачка Вольга), настаўнікі біялогіі, але шмат хто пайшоў і ў навуку, некаторыя — непасрэдна ў энтамалогію.

Так, два яго былыя выхаванцы Уладзімір Коцур і Яўген Дзяржын­скі (дарэчы, у гэтым годзе будуць абараняць свае дысертацыі) цяпер працуюць на кафедры ўніверсітэта, вядуць заняткі, чытаюць лекцыі. Яшчэ падчас працы над сваімі навуковымі даследаваннямі ў аб’яднанні навучэнцаў і прадстаўляючы свае работы ў розных краінах свету, дасканала вывучылі англійскую мову. І сёння свае заняткі яны вядуць на англійскай. Яўген летам скончыў аспірантуру Заалагічнага інстытута Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу, вярнуўся дадому і выкладае ў родным універсітэце.

“Шмат залежыць ад таго, што ты можаш даць школьнікам, чаму можаш навучыць, — гаворыць Ігар Альбертавіч. — Калі ты ім спадабаўся як кіраўнік, яны гатовы займацца з табой любой тэмай. А калі атрымалася першае даследаванне, то абавязкова будзе другое, трэцяе, і г.д.”.

Сапраўдная цікавасць нараджаецца ў яго паслядоўнікаў, калі яны выя­зджаюць у свае першыя экспедыцыі. На жаль, магчымасці далёкіх падарожжаў школьнікі пазбаўлены, затое наганяюць упушчанае, стаўшы студэнтамі. Каўказ, Абхазія, Грузія, Сярэдняя Азія, Казах­стан, Еўропа — з кожным годам геаграфія экспедыцый пашыраецца.

“У красавіку мы паедзем са сваімі аспірантамі ў чарговую экспедыцыю. Наш маршрут пройдзе па поўдні Расіі, Заходнім Казахстане, праз плато Усцюр­т, што ў Сярэдняй Азіі. Кожны год мы знаходзім новыя віды, апісваем іх. Напрыклад, у гэтым годзе мы знайшлі тры новыя віды малюскаў, хутка выйдзе работа, прысвечаная ім”, — анансуе выкладчык.

Сярод пастаянных удзельнікаў гэтых экспедыцый ужо шмат гадоў і Яўген Дзяржынскі. “Мяне заўсёды цікавілі насякомыя, асабліва матылі, але сур’ёзна пра іх вывучэнне я задумаўся, толькі калі школьнікам пазнаёміўся з Ігарам Альбертавічам, — успамінае ён. — Памятаю, як я не мог дачакацца вясны, калі пачынаецца палявы сезон, каб пачаць назіранні за матылямі. Я на дачы зрабіў святлапастку і ноччу збіраў матылёў, лічыў іх, складаў спіс відаў, устанаўліваў заканамернасці. Пасля школы падаў дакументы на біяфак, а сам паехаў у першую далёкую экспедыцыю на Каўказ. Мы шмат выязджалі і працавалі разам і за гады вучобы, і пасля. Цяпер працуем разам, праўда, кожны са сваёй групай, пішам сумесныя публікацыі па матылях. Нядаўна выявілі некалькі новых відаў матылёў сямейства каканапрадаў і цяпер будзем іх апісваць.

Планую да вывучэння матылёў падключыць зацікаўленых студэнтаў: дапамога, хаця б механічная, была б вельмі дарэчы, бо ўжо сабрана некалькі соцень тысяч экзэмпляраў і трэба шмат часу, каб падняць іх на іголкі, падпісаць этыкеткі. У маі плануем экспедыцыю ў Заходні Казахстан. Думаю, работы пасля яе прыбавіцца.

Акрамя таго, цяпер я хачу засяродзіцца на молях, бо яны ў нас найменш вывучаны, хаця ў Беларусі іх можа налічвацца каля 2000 відаў у адрозненне ад матылёў, якіх у нас каля 500 відаў”.

Філіял кафедры ў школе

Пераемнасць пры арганізацыі навукова-даследчай работы ў школе і ўстановах вышэйшай адукацыі ўжо некалькі гадоў — адзін з кірункаў кафедры экалогіі і аховы прыроды біялагічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава. Так, ужо 5 гадоў на базе гімназіі № 6 Віцебска дзейнічае філіял кафедры экалогіі і аховы прыроды біялагічнага факультэта. Як зазначыла Іна Аляксандраўна Ліцвянкова, дацэнт, загадчык кафедры экалогіі і аховы прыроды, яго асноўная задача — доўгатэрміновае навукова-даследчае і вучэбна-метадычнае супрацоўніцтва кафедры ўніверсітэта і гімназіі. У аснове сумеснай дзейнасці — пытанні па ўдасканаленні эколага-біялагічнай адукацыі і фарміраванні экалагічнай культуры, развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў праз ажыццяўленне навукова-даследчай дзейнасці. Філіял кафедры рэалізуе інавацыйныя пляцоўкі: абласную “Арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці вучняў у галіне экалогіі на базе гімназіі” і рэспубліканскую “Укараненне мадэлі арганізацыі дзейнасці ўстановы адукацыі як школы рацыя­нальнага рэсурсаспажывання”.

У межах навуковага таварыства навучэнцаў “Шукальнік”, клуба “Эколаг”, студэнцкага экалагічнага гуртка вя­дзецца сумесная навукова-даследчая праца студэнтаў і навучэнцаў. Звязана яна з біёлага-экалагічным напрамкам і праводзіцца па тэмах “Экалогія гарадскога асяроддзя”, “Біяразнастай­насць”, “Біяіндыкацыя навакольнага асяроддзя” і інш. Студэнты і навучэнцы гімназіі рыхтуюць сумесныя публікацыі і ўдзельні­чаюць у навукова-практычных канферэнцыях. Прымаюць удзел у мера­прыемствах экалагічнага кірунку таксама і студэнты групы грамадскіх эколагаў і валанцёрскі атрад гімназістаў.

Вядзецца і вучэбна-метадычная работа па павышэнні кампетэнцый настаўнікаў гімназіі, выкладчыкаў універсітэта, павышэнні тэарэтычнага ўзроўню падрыхтоўкі навучэнцаў, праца з бацькамі, праца па павышэнні прафесійных кампетэнцый студэнтаў біялагічнага факультэта. На базе ўніверсітэта і гімназіі для метадычных аб’яднанняў настаўнікаў праводзяцца сумесныя семінары, канферэнцыі, круглыя сталы.

Прафарыентацыя навучэнцаў гімназіі пачынаецца з гутарак са студэнтамі і працягваецца падчас удзелу ў мерапрыемствах біялагічнага факультэта. Студэнты на базе гімназіі маюць магчымасць праходзіць педагагічную, пераддыпломную і вытворчую практыкі, студэнты спецыяльнасці “Біяэкалогія” — выконваць курсавыя і дыпломныя работы па заданні гімназіі, праводзіць вучэбныя заняткі на базе экалагічнага цэнтра гімназіі.

Педагогі ўводзяц­ь пытанні энергазберажэння ў змест вучэбнай дзейнасці, кафедра экалогіі прыняла ўдзел у распрацоўцы вучэбных матэрыялаў па пытаннях энергазберажэння для выкарыстання ў курсе “Біялогія”, па гэтай тэматыцы выконваюцца курсавыя і дыпломныя работы. Так, пры выкананні курсавых праектаў студэнты распрацавалі пашпарт экалагічнай сцежкі гімназіі.

Работа філіяла таксама звязана з фарміраваннем экалагічнай культуры асобы. Так, студэнцкі атрад “Экалагічны патруль” на базе Заалагічнага парку Віцебска арганізаваў для навучэнцаў гімназіі гурток па экалогіі жывёл. Грамадскія эколагі ўніверсітэта і валанцёрскі атрад гімназіі разам право­дзяць прыродаахоўную дзейнасць і экалагічнае інфармаванне насельніцтва, а таксама штогадовыя экалагічныя акцыі “Дзень без аўтамабіля”, аперацыя “Чысты парк”, “Гадзіна Зямлі”, “Тыдзень лесу”, “Пасадзі дрэва”, “Дапаможам птушкам перазімаваць”, экапраект “Зялёны горад” па добра­ўпарадкаванні тэрыторыі Віцебска.

Педагогі ўпэўнены, што супрацоўніцтва ўніверсітэта і гімназіі дапаможа будучым спецыялістам загадзя пазнаёміцца з прафесійным асяроддзем і пры гэтым атрымаць грунтоўную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку, а спецыялістам адукацыйнай і навуковай сферы — абменьвацца вопытам практычнай і навуковай дзейнасці, уда­сканальваючы свой прафесіяналізм.

Святлана НІКІФАРАВА.