Сталічныя каледжы пашыраюць падрыхтоўку педкадраў

- 16:02Образование

Сетка мінскіх устаноў адукацыі ў цэлым укамплектавана педагагічнымі кадрамі, аднак пытанні падрыхтоўкі педагогаў, іх прафесійнага росту павінны вырашацца своечасова, адзначыў на выніковай калегіі старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Зніжаецца колькасць настаўнікаў з вышэйшай і першай катэгорыяй (на сёння іх 73 %). Што тычыцца ўстаноў дашкольнай адукацыі, то тут назіраем паляпшэнне паказчыкаў па ўсіх пазіцыях: 67 % педагогаў маюць вышэйшую адукацыю, колькасць выхавальнікаў з адукацыяй па профілі «Педагогіка дзяцінства» павялічылася на 11 %, з першай і вышэйшай катэгорыяй працуюць 54 % педагогаў-дашкольнікаў.

У каледжах назіраецца тэндэнцыя да амаладжэння кадраў. Павялічваецца колькасць работнікаў з вышэйшай адукацыяй. Першую і вышэйшую катэгорыю маюць 60 % педагогаў, што яўна недастаткова. І рэзервы тут ёсць, — мяркуе А. Стрыгельскі.

Найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці, дзе фарміруецца пэўны дэфіцыт, — гэта дашкольная, фізіка-матэматычная, лінгвістычная адукацыя і фізічная культура.

На думку старшыні камітэта, патрэба сённяшняга дня — нарошчваць падрыхтоўку такіх спецыялістаў і шукаць рэзервы ў сябе. Ужо адкрыта падрыхтоўка ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы выхавальнікаў суправаджэння, у каледжы рамесніцтва і дызайну — настаўнікаў працоўнага навучання. З гэтага навучальнага года два каледжы — механіка-тэхналагічны і індустрыі моды — сталі рыхтаваць майстроў вытворчага навучання. У 2024-м плануецца ў гарадскім педкаледжы ажыццяўляць падрыхтоўку настаўнікаў фізічнай культуры, у 2025-м — педагогаў-арганізатараў. Таксама будуць нарошчвацца аб’ёмы падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў дашкольнай адукацыі.

У 2023 г. сістэма адукацыі горада папоўнілася маладымі спецыялістамі, іх прыйшло больш за 1100. Пазіцыі па замацавальнасці маладых спецыялістаў палепшыліся: летась 72 % працягнула будаваць сваю кар’еру ў сістэме адукацыі Мінска.

— Галоўнае, каб неабходную ўвагу на месцах атрымаў кожны малады педагог, а не толькі той, хто са студэнцкай лаўкі актыўны і паспяховы. Маладым неабходна падтрымка, якасная работа інстытута настаўніцтва, — лічыць А. Стрыгельскі. — А раёнам неабходна актыўна выкарыстоўваць магчымасць мэтавага навучання, якое з’яўляецца гарантам доўгатэрміновага замацавання маладых спецыялістаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ