Стартап-цэнтр у БДУ адкрыты для ўсіх

- 12:44Вышэйшая школа, Рознае
Напрыканцы снежня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце пачаў работу стартап-цэнтр інавацыйных ідэй і праектаў, адкрыты ў рамках праграмы Еўрапейскага саюза TEMPUS.
Сама назва цэнтра сведчыць пра тое, што ён закліканы дапамагчы моладзі зрабіць першыя крокі ў бізнесе: ад афармлення ідэі ў рэальны праект да пошуку інвестара і ўкаранення інавацыйных распрацовак у вытворчасць і сацыяльную сферу.
Пра стартап-цэнтр і ўвогуле пра інавацыйную дзейнасць у вядучым універсітэце краіны нам расказаў першы прарэктар БДУ прафесар Міхаіл Анатольевіч ЖУРАЎКОЎ.

— Скажыце, Міхаіл Анатольевіч, стартап-цэнтр адкрыты ў БДУ, каб падтрымаць інавацыйныя ідэі моладзі ці, наадварот, каб актывізаваць моладзь і падштурхнуць яе да генерацыі новых ідэй? Што тут першаснае?
— Хутчэй, каб падштурхнуць маладых людзей да дзейнасці, бо яны ў нас даволі актыўныя, амбіцыйныя і хацелі б знайсці сябе ў нейкай цікавай справе. Але як гэта рэалізаваць, многія не ведаюць, а таму часта свае мары пакідаюць пры сабе.
Некалькі гадоў назад мы адкрылі ІТ-хаус для прасоўвання інавацыйных праектаў у галіне інфармацыйных тэхналогій. Работа гэтай пляцоўкі паказала, што ў нас шмат ініцыятыўнай моладзі, якая перапоўнена цікавымі ідэямі і жадае ўдзельнічаць у перспектыўных праектах. І вельмі важна, каб маладыя людзі ведалі, куды звярнуцца за кансультацыяй, што рабіць, каб самарэалізавацца.
Менавіта таму ў мінулым годзе БДУ падаў заяўку на адкрыццё стартап-цэнтра ў рамках Міжнароднай праграмы TEMPUS. І выйграў грант, які дапаможа моладзі рэалізаваць свае інавацыйныя ідэі не толькі ў галіне ІТ-тэхналогій, але і ў іншых галінах.

— Хто будзе партнёрамі БДУ па кансорцыуму?
— Кансорцыум даволі шырокі. У яго ўваходзяць універсітэты Францыі, Германіі, Швецыі, Партугаліі, а таксама Украіны, Малдовы і Расіі.
Ад Беларусі ў кансорцыум увайшлі БДУ і БНТУ.

— Стартап-цэнтр адкрыты. Што далей? Якія цікавыя мерапрыемствы чакаюць моладзь у найбліжэйшы час?
— Ужо ў студзені мы пачынаем спецыяльны трэнінг, які будзе курыраваць факультэт міжнародных адносін. Удзельнікі трэнінгу даведаюцца, што такое інавацыйны праект, як пераўтварыць сваю ідэю ў тэхнічную прапанову і выгадна прэзентаваць яе патэнцыяльнаму інвестару.
Зараз мы ствараем банк патэнцыяльных спажыўцоў маладзёжных ідэй — тых, хто можа ўкласці грошы ў развіццё гэтых ідэй і рэалізаваць іх на сваёй вытворчасці. Таксама будуць фарміравацца групы маладых людзей, якія паедуць на трэнінгі ў іншыя краіны.
Дарэчы, стартап-цэнтр працуе пастаянна. Мы спецыяльна размясцілі яго на першым паверсе ў галоўным корпусе, каб любы чалавек змог без праблем знайсці яго і атрымаць адказы на свае пытанні або запісацца на трэнінг.

— Міхаіл Анатольевіч, вы сказалі, што на базе стартап-цэнтра будуць рэалізоўвацца не толькі ІТ, але і іншыя праекты. Вы можаце прывесці прыклады?
— Гэта інавацыйныя праекты ў галіне эканомікі, экалогіі, міжнародных адносін, псіхалогіі і агульначалавечых каштоўнасцей, напрыклад, якія тычацца міжканфесійнага ўзаемадзеяння, міграцыйных працэсаў і г.д. У нас і раней вялася работа па гэтых напрамках, і мы бачым, што ў моладзі ёсць адпаведная цікавасць. Так, створаны ініцыятыўныя групы на эканамічным факультэце, на факультэце міжнародных адносін, якія прасоўваюць праекты такога роду.
Хаця, вядома, ільвіная доля праектаў звязана з ІТ-галіной, бо інфармацыйныя тэхналогіі зараз усюды. Мы разлічваем, што базай для развіцця ІТ-праектаў будзе ІТ-хаус, а стартап-цэнтр будзе рэалізоўваць іншыя напрамкі. І эканамічныя, і “зялёныя”, і творчыя, і сацыяльныя праекты дастаткова ўніверсальныя, і ў іх могуць удзельнічаць студэнты любых спецыяльнасцей.

— Адна з мэт стартап-цэнтра — прыцягненне інвестараў, венчурных фондаў, бізнес-анёлаў. Гаворка ідзе пра беларускіх бізнесменаў ці будуць прыцягвацца ў большай ступені замежныя інвестыцыі?
— Задача заключаецца ў тым, каб маладзёжныя ідэі знайшлі ўвасабленне не толькі ўнутры краіны, дзе моладзь вучыцца і працуе, але і за мяжой. Таму банк даных будзе агульны, і ў яго ўвойдуць патэнцыяльныя інвестары з розных краін.
Любое паспяховае прадпрыемства заўсёды думае пра сваю будучыню, шукае новыя цікавыя ідэі. І сёння ёсць шмат прыкладаў, калі з маладзёжных ініцыятыў вырасталі вялікія кампаніі, якія паспяхова працуюць і зарабляюць грошы. Нават не трэба далёка хадзіць: у нашым Парку высокіх тэхналогій ёсць кампаніі, якія пачыналіся са студэнцкіх ідэй. Зараз гэта ўстойлівыя прадпрыемствы з добрым фінансаваннем, і яны працягваюць шукаць новыя цікавыя ідэі для свайго развіцця.

— Скажыце, Міхаіл Анатольевіч, якія ўмовы фінансавання праекта? Як гэта будзе: два-тры гады праект фінансуецца праграмай TEMPUS, а потым універсітэт возьме яго на сябе ці праект будзе згортвацца?
— З дапамогай праграмы TEMPUS дзейнасць стартап-цэнтра пачынаецца, а далей планы — напалеонаўскія. Мы хочам, каб цэнтр умацаваўся, у будучыні стаў самастойнай структурай і перайшоў на самаакупнасць. У нас ужо ёсць план развіцця гэтага цэнтра, які мае на ўвазе падбор перспектыўных праектаў, навучанне моладзі, актыўную работу з інвестарамі і работадаўцамі, а таксама стварэнне цэнтра кампетэнцый. Плануецца, што стартап-цэнтр стане ўстойлівай структурай, якая будзе працаваць не толькі для студэнтаў, маладых выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ, а для ўсіх маладых беларусаў, якія маюць цікавыя ідэі і хацелі б іх ажыццявіць.
Ужо сёння любы малады чалавек можа зайсці на сайт БДУ, зарэгістравацца на спецыяльнай старонцы стартап-цэнтра і пачаць актыўна працаваць. Дарэчы, праз ІТ-хаус у мінулым годзе прайшлі больш як 400 студэнтаў іншых універсітэтаў. Яны слухалі прапанаваныя лекцыі, удзельнічалі ў конкурсах, семінарах і трэнінгах. Стартап-цэнтр таксама адкрыты для ўсіх. Мы ставім задачу, каб як мага больш маладых беларусаў адчулі ў сабе сілы для рэалізацыі сваіх ідэй.

— А ёсць нейкія ўзроставыя абмежаванні для ўдзельнікаў праекта?
— Жорсткіх абмежаванняў і забароны на падачу праектаў няма, хаця мы арыентуемся перш за ўсё на маладое пакаленне — студэнтаў, маладых спецыялістаў і вучоных, якія хочуць рэалізаваць штосьці цікавае і, як ім здаецца, рэвалюцыйнае. Але групы, якія будуць падаваць свае праекты, безумоўна, могуць уключаць і людзей больш сталага ўзросту. Галоўнае — каб яны былі дзёрзкімі і маладымі душой.

— Адна з мэт стартап-цэнтра — развіццё ў студэнтаў матывацыі да прадпрымальніцкай дзейнасці. Так склалася, што прадпрымальнасці нашым людзям бракуе, але час такі, што трэба вучыцца зарабляць самім. Скажыце, Міхаіл Анатольевіч, стартап-цэнтр будзе працаваць толькі з тымі, хто прыйдзе сам, ці нейкім чынам пастараецца выходзіць на факультэты і працаваць з той моладдзю, якая яшчэ не адважылася прыйсці?
— У рамках гэтага праекта нашы выкладчыкі ўжо чытаюць спецыяльныя курсы на розных факультэтах па развіцці ініцыятывы і прадпрымальніцтва. Яны расказваюць, што трэба рабіць, каб максімальна рэалізаваць свой патэнцыял. І мы плануем правесці серыю такіх публічных лекцый для ўсіх студэнтаў.
Акрамя таго, у нас ёсць такі цікавы праект, як школа лідара. Мы стварылі банк маладых людзей, якія ўжо сёння маглі б стаць кіраўнікамі (нам хацелася б, каб у нас ва ўніверсітэце, але атрымліваецца, што мы гадуем кіраўніцкія кадры для ўсёй краіны). Гэта супрацоўнікі ўніверсітэта, выкладчыкі, вучоныя, якія ведаюць па некалькі замежных моў, прайшлі стажыроўку ў лепшых універсітэтах свету і да свайго ўзросту дасягнулі вельмі добрых поспехаў. Для іх мы арганізоўваем спецыяльныя заняткі па развіцці лідарскіх якасцей і прадпрымальнасці. Прычым для гэтай мэты падабралі вельмі цікавых выкладчыкаў — вядомых спецыялістаў са Швецыі, Вялікабрытаніі і іншых краін, якія чытаюць лекцыі па скайпе.
Такім чынам, мы арыентуемся не толькі на студэнтаў, але і на тую моладзь, якая ў нас працуе, каб яна рухалася наперад. Акрамя таго, актыўна далучаем да гэтага працэсу дырэктараў інавацыйных прадпрыемстваў БДУ, каб яны вывучалі маладзёжныя ідэі (нават, на першы погляд, нязбыўныя) і вучыліся бачыць у іх камерцыйны патэнцыял.

— Зразумела, што і стартап-цэнтр, і ІТ-хаус узніклі не на роўным месцы — гэта працяг той вялікай работы па развіцці інавацыйнай дзейнасці, якая вядзецца ва ўніверсітэце. Раскажыце пра гэта больш падрабязна.
— Сапраўды, сёння БДУ — гэта буйная карпарацыя, якая вырашае некалькі важных задач. Першая задача — гэта, вядома, адукацыя і навука. А другая задача — развіццё інавацыйных тэхналогій і інавацыйнага мыслення ў студэнцкай моладзі. Калі нічога не рабіць і не паказваць адпаведныя прыклады, то гэта дрэнна ўплывае на светапогляд будучых спецыялістаў. Таму мы ўдзяляем вялікую ўвагу развіццю інавацыйных тэхналогій ва ўніверсітэце.
Сёння можна з гордасцю сказаць, што ў 2013 годзе БДУ выйграў больш як дзясятак міжнародных праектаў, якія звязаны з інавацыямі. У гэтых праектах задзейнічаны не толькі нашы інстытуты і факультэты, але і прадпрыемствы. У мінулым годзе мы ўдзялілі шмат увагі іх развіццю і зараз чакаем істотнага рыўка ў іх рабоце.
Дарэчы, у апошні час некалькі вельмі цікавых маладзёжных інавацыйных праектаў атрымалі ўкараненне на нашых прадпрыемствах. Маладыя супрацоўнікі і студэнты, калі ў іх ёсць інавацыйныя ідэі, заўсёды могуць прыйсці ў галоўнае ўпраўленне навукі — там дапамогуць і раскажуць, як можна рэалізаваць гэтыя ідэі на практыцы, а таксама як аформіць міжнародны праект, як атрымаць патэнт на вынаходства ці нейкае новае рашэнне і г.д.
Мы стараемся стварыць спрыяльныя ўмовы для ўсіх нашых супрацоўнікаў — у якой бы галіне яны ні працавалі. Як прыклад можна прывесці Цэнтр інфармацыйных тэхналогій БДУ. Здавалася б, яго галоўная задача — гэта суправаджэнне вучэбнага працэсу, падтрымка ўсіх вылічальных рэсурсаў і лакальнай сеткі. Аднак пры гэтым цэнтр рэалізуе вялікую колькасць ІТ-праектаў і выйграе гранты ў магутных карпарацый.
Стаіць задача, каб кожнае падраздзяленне рэалізоўвала свае цікавыя ідэі і зарабляла грошы. Здавалася б, як можа зарабляць упраўленне кадраў? Але зараз яго супрацоўнікі з поспехам праводзяць розныя вучэбныя курсы і трэнінгі, якія распісаны ўжо да сярэдзіны 2014 года. Таму калі праявіць ініцыятыву і творча падысці да яе рэалізацыі, можна дасягнуць поспеху практычна ў любой галіне.

— Дзякуй, Міхаіл Анатольевіч, за інтэрв’ю.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.