Статданыя стануць больш даступныя

- 10:17Інфармацыйная гадзіна

Інфармацыйна-аналітычная сістэма распаўсюджвання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі пачне працаваць у Беларусі ў 2016 годзе. Аб гэтым паведаміла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню работнікаў дзяржаўнай статыстыкі.

“У рамках павышэння даступнасці афіцыйнай статыстычнай інфармацыі шырокаму колу карыстальнікаў Белстат пачаў работу па стварэнні інфармацыйна-аналітычнай сістэмы распаўсюджвання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі. У агульным доступе ў інтэрнэце плануецца размясціць інтэрактыўную базу даных, якая змяшчае статыстычную інфармацыю ў дынаміцы за шэраг гадоў па больш як 500 паказчыках розных галін статыстыкі”, — адзначыла Іна Мядзведзева.
Паводле яе слоў, карыстальнік самастойна зможа фарміраваць запыты, аператыўна атрымліваць з базы даных патрэбную інфармацыю, выбіраць спосаб яе прадастаўлення, а таксама праводзіць экспарт даных і вынікаў у неабходных фарматах. Укараненне сістэмы запланавана на студзень 2016 года.
“Акрамя таго, Белстатам будуць падрыхтаваны метадалагічныя рэкамендацыі і статыстычны гласарый. Карыстальнікам гэта аблегчыць работу з тымі данымі, якія яны плануюць аналізаваць”, — падагульніла Іна Мядзведзева.