Стаўка на апераджальную падрыхтоўку

- 11:33Рознае, Якасць адукацыі

Сёння сучасны рынак працы прад’яўляе асаблівыя патрабаванні да якасці, зместу і форм адукацыі, якая, па сутнасці, з’яўляецца ядром інавацыйнай сферы і генерыруе новыя веды. Трэба прызнаць і тое, што сучасны ўзровень развіцця тэхнікі, тэхналогій, навукі і вытворчасці прыкметна апераджае ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў. Гэтая акалічнасць параджае неабходнасць сістэмнага развіцця адукацыйнай сферы з улікам спецыфікі тых інавацыйных працэсаў, якія адбываюцца ў нашай эканоміцы і сацыяльнай сферы. Канкурэнцыя на рынку працы абумоўлівае патрэбу ў кваліфікаваных і кампетэнтных спецыялістах, якія валодаюць сучаснымі ведамі, практычнымі навыкамі, імкнуцца да ўдасканалення прафесійнай падрыхтоўкі з улікам узрастаючых патрабаванняў з боку заказчыкаў кадраў.

Запыты вытворчасці — у цэнтры ўвагі

У філіяле “Індустрыяльна-педагагічны каледж” Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі арганізавана навучанне па новай спецыяльнасці “Абсталяванне і тэхналогіі мэблевай вытворчасці”.

— Мінскі індустрыяльна-педагагічны каледж сёння робіць стаўку на апераджальную падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў для інавацыйных тэхналогій у будаўнічай галіне, — адзначыў дырэктар каледжа Уладзімір Іванавіч Бутэвіч. — Канкрэтным крокам апераджальнай падрыхтоўкі з’яўляецца адкрыццё ў каледжы рэсурснага цэнтра сучасных тэхналогій у будаўніцтве, унікальнасць якога — у шматфункцыянальнасці кірункаў.

Дзейнасць гэтага цэнтра накіравана на навучанне навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі, майстроў вытворчага навучання, выкладчыкаў, на пастаянную падрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў, занятых у сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі, будаўнічай галіне і жыллёва-камунальнай гаспадарцы, слухачоў дадатковай адукацыі дарослых па новых будаўнічых тэхналогіях з выкарыстаннем сучасных матэрыялаў, тэхнікі, абсталявання. Акрамя таго, рэсурсны цэнтр праводзіць прафарыентацыйную работу. Сюды прыходзяць школьнікі і іх бацькі, каб паглядзець, што ж сёння ўяўляе сабой прафесійная адукацыя, чым адметная і цікавая будаўнічая галіна.

Як расказала загадчык рэсурснага цэнтра Вольга Мікалаеўна Кулік, установа мае вучэбныя майстэрні, аснашчаныя сучасным будаўнічым абсталяваннем, інструментамі і матэрыяламі, якія рэгулярна абнаўляюцца за кошт заказчыкаў кадраў, вядомых фірм, сярод якіх — “Альфа-Калор”, “Хенкель”, Caparol, OIKOS, KAN-therm, Ceresit, KERMI, ПУП MAV, SAN MARCO і інш. Наяўнасць у адным цэнтры найноўшага абсталявання дазваляе ажыццяўляць дасканалую падрыхтоўку кадраў на новым тэхналагічным узроўні, мабільна рэагаваць на запыты вытворчасці.

Значныя перамены адбываюцца сёння ў мэблевай вытворчасці. Для забеспячэння канкурэнтаздольнасці на сучасным рынку мэблевыя прадпрыемствы актыўна мадэрнізуюцца, ажыццяўляючы тэхнічнае пераабсталяванне. Асноўны аб’ём сродкаў ад інвестыцый у мэблевую галіну накіроўваецца на набыццё сучаснага абсталявання і тэхналогій. У сувязі з гэтым відавочна, што без высакакласных спецыялістаў, якія валодаюць найноўшымі тэхналогіямі, умею ць працаваць на сучасным абсталяванні, немагчыма рацыянальна арганізаваць працэс мэблевай вытворчасці, атрымаць максімальную эканамічную эфектыўнасць як для прадпрыемстваў мэблевай вытворчасці, так і дзяржавы ў цэлым. З мэтай падрыхтоўкі такіх кадраў на базе каледжа быў адкрыты вучэбны цэнтр мэблевай вытворчасці.

Дзякуючы інвестыцыйна-адукацыйнаму праекту, які рэалізоўвае каледж сумесна з нямецкай фірмай HЕСНТ Electronic AG, пры падтрымцы Міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця ФРГ у вучэбным цэнтры мэблевай вытворчасці была створана лабараторыя метралагічнага кантролю якасці вырабу дэталей. Лабараторыя абсталявана вымяральнымі і выпрабавальнымі прыборамі, а таксама прыборамі кантролю якасці для металаапрацоўкі і апрацоўкі вырабаў са штучных матэрыялаў.

Для работы з абсталяваннем у лабараторыі метралагічнага кантролю якасці вырабу дэталей фірмы HECHT Electronic AG, а таксама ў рамках адукацыйнай праграмы па навучанні рабоце на станках фірмы IМА (ФРГ) педагагічныя работнікі прайшлі падрыхтоўку.

З верасня 2013 года ў каледжы распачата падрыхтоўка па новай спецыяльнасці “Абсталяванне і тэхналогіі мэблевай вытворчасці” па напрамку “Абсталяванне і тэхналогіі мэблевай вытворчасці (вытворчая і педагагічная дзейнасць)” з прысваеннем дзвюх кваліфікацый: майстар мэблевай вытворчасці і майстар вытворчага навучання. Вучэбны працэс арга-нізаваны для падрыхтоўкі спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй з ліку асоб, якія маюць прафесійна-тэхнічную адукацыю з агульнай сярэдняй адукацыяй і кваліфікацыяй рабочага “станочнік дрэваапрацоўчых станкоў”.

У час вучобы навучэнцы праходзяць сур’ёзную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку. Практыка праходзіць на базе вучэбнага цэнтра мэблевай вытворчасці, дзе вучацца працаваць на розных станках, такіх як фарматна-раскройны цэнтр з ЛПК Sigma IMPACT 110, камбінаваныя станкі для апрацоўкі канта, свідравальна-пазавальны цэнтр з ЛПК Cyflex F900, кантаабліцовачны станок R17, станок круглапільны падоўжана-папярочнага пілавання ДММS-40/340, універсальная лінія з ЛПК з функцыямі фрэзероўкі і абклейвання кантам ПВХ прамалінейных дэталей Advantage 400 L, цэнтр раскройны з франтальнай загрузкай панэлей, шматфункцыянальны апрацоўчы цэнтр з ЛПК для вырабу крывалінейных дэталей і абклейвання кантам ВIМА/400/V/145/510.

Існуючае абсталяванне дазваляе арганізаваць праходжанне вучэбнай практыкі па праграмаванні і наладцы аўтаматызаванага абсталявання мэблевай вытворчасці, а таксама праводзіць падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі рабочых і спецыялістаў па поўным цыкле мэблевай вытворчасці, пачынаючы ад раскрою матэрыялу і завяршаючы пакаваннем гатовай прадукцыі.

У працэсе навучання па спецыяльнасці “Абсталяванне і тэхналогіі мэблевай вытворчасці” навучэнцы каледжа набываюць кваліфікацыі “аператар станкоў з праграмным кіраваннем” 3—4 разраду, “наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем” 4—5 разраду. У гэтым годзе быў праведзены першы выпуск навучэнцаў каледжа спецыяльнасці “Абсталяванне і тэхналогіі мэблевай вытворчасці (вытворчая і педагагічная дзейнасць)”. Размеркаванне атрымалі 100% выпускнікоў. Некаторыя з іх былі размеркаваны па заяўках устаноў прафесійнай адукацыі майстрамі вытворчага навучання, іншыя — на мэблевыя прадпрыемствы дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці.

Актуальнай задачай застаецца ажыццяўленне мэтанакіраванай работы па пашырэнні сацыяльнага партнёрства, пошуку арганізацый, зацікаўленых у падрыхтоўцы спецыялістаў, сферы супрацоўніцтва з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, удасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа, рэсурснага цэнтра з улікам перспектыўных напрамкаў развіцця сучасных тэхналогій і прыцягненнем арганізацый, зацікаўленых у падрыхтоўцы канкурэнтаздольных кадраў.

На адной пляцоўцы з “Інтэгралам”

Новая спецыяльнасць “Мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы” адкрыта ў філіяле Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі — Мінскім радыётэхнічным каледжы. Непасрэднае дачыненне да яе мае Аляксандр Уладзіміравіч Шышанкоў, выкладчык вышэйшай катэгорыі, які ўжо 30 гадоў працуе ў каледжы і займаецца тэхналогіяй і абсталяваннем вытворчасці мікраэлектронных устройстваў. Ён выкладае спецдысцыпліны па спецыяльнасці “Мікраэлектронныя тэхналогіі і сістэмы”, а з увядзеннем новай спецыяльнасці, звязанай і з нанаэлектроннымі тэхналогіямі і сістэмамі, пачаў вучыць тэхналогіі і абсталяванню вытворчасці мікраэлектронных устройстваў. Гэта два асноватворныя прадметы ў падрыхтоўцы будучых спецыялістаў мікра- і нанаэлектронных тэхналогій і сістэм. Дарэчы, навучанне тычыцца толькі таго абсталявання, якое ўстаноўлена на базавых прадпрыемствах.

— Новая спецыяльнасць вельмі перспектыўная, — заяўляе Аляксандр Уладзіміравіч. — Яна накіравана на мікра- і нанатэхналагічныя і нанаэлектронныя сістэмы, якія даюць прастору для развіцця найноўшых тэхналогій, сучаснай тэхнікі, што ў далейшым паспрыяе росту не толькі эканамічных паказчыкаў, але і палепшыць узровень нашага жыцця.

На такую прадукцыйнасць новай спецыяльнасці была скіравана прафарыентацыйная работа каледжа, у аснове якой — знаёмства моладзі не толькі з радыётэхнічным каледжам, але і базавымі прадпрыемствамі. У выніку вельмі хутка была сфарміравана адна вучэбная група, і навучэнцамі каледжа сталі выпускнікі 9-х класаў з даволі высокімі баламі ў пасведчанні аб адукацыі.

Радыётэхнічны каледж узаемадзейнічае са шматлікімі базавымі прадпрыемствамі, якія працуюць у IT-cферы. Сярод іх — вядучае ў краіне навукова-вытворчае аб’яднанне “Інтэграл”, з якім каледж мае даўнія і трывалыя адносіны. За доўгія гады супрацоўніцтва сотні выпускнікоў прыйшлі працаваць на гэтае прадпрыемства і з кожным годам пацвярджаюць высокі ўзровень сваёй кваліфікацыі. Па сутнасці, касцяк калектыву “Інтэграла” складаецца з выпускнікоў каледжа, таму, безумоўна, сувязі паміж прадпрыемствам і каледжам можна назваць дзелавымі і давернымі. Такімі яны застаюцца і сёння. “Інтэграл” — рэнтабельнае прадпрыемства, якое паспяхова экспартуе сваю прадукцыю ў Расію і іншыя краіны. З узрастаючымі вытворчымі плошчамі і аб’ёмамі прадукцыі найноўшых тэхналогій прадпрыемству патрэбны высокакваліфікаваныя кадры, якія мелі б сучасныя веды і прафесійныя навыкі. Каб кадры адпавядалі патрэбам вытворчасці, прадпрыемства “Інтэграл” прапаноўвае падтрымку радыётэхнічнаму каледжу ў іх падрыхтоўцы, перш-наперш прадастаўляе вытворчую практыку навучэнцам установы. Сумесна з работадаўцамі ў каледжы быў распрацаваны вучэбны план, дзе палова навучання адведзена вытворчай практыцы. Улічваючы тое, што абсталяванне, неабходнае па спецыяльнасці “Мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы” , вельмі дарагое, рашэнне праводзіць усю практыку на вытворчасці мэтазгоднае і мае двайны эфект: найлепшае засваенне практычных навыкаў адбываецца менавіта на самой вытворчасці і эканомяцца грошы на набыццё абсталявання для навучальнай установы.

Улічваючы спецыфіку навучання, звязанага з высокатэхналагічнымі, навукаёмістымі сістэмамі, з яго матэрыялаёмістасцю, засваенне часткі тэорыі адбываецца таксама на вытворчасці, у спецыяльных лабараторыях на дзеючым абсталяванні прадпрыемства. Курс лекцый па спецдысцыплінах чытаюць як выкладчыкі каледжа, так і спецыялісты “Інтэграла”. Акрамя таго, навучэнцы каледжа адточваюць свае навыкі на вырабе імітацый мікраэлектронных сістэм і вузлоў у гуртку тэхнічнай творчасці, кіраўніком якога з’яўляецца Аляксандр Уладзіміравіч Шышанкоў. Яго выхаванцы з’яўляюцца пераможцамі шматлікіх спаборніцтваў па робататэхніцы, вырабе лятальных апаратаў, маюць грант рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

Ала КЛЮЙКО.