“Узровень развіцця хірурга і ступень яго таленту ніяк не залежаць ад колькасці пацукоў і жаб, якіх ён знішчыў”. Гэтая фраза належыць загадчыку кафедры аперацыйнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, намесніку старшыні Нацыянальнага камітэта па біяэтыцы, старшыні камітэта па біяэтыцы БДМУ, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесару Сяргею Дзмітрыевічу Дзянісаву. Сёння не ўсе пагаджаюцца з пазіцыяй вучонага: ёсць прыхільнікі таго, каб доследы на жывёлах былі абавязковай часткай навучання студэнтаў-медыкаў. Але Сяргей Дзмітрыевіч з калегамі дабіліся таго, што ў БДМУ цалкам адмовіліся ад доследаў на жывёлах у вучэбных мэтах. Толькі дзеля навукі, і толькі ў мінімальна неабходнай колькасці.
Пра пытанні біямедыцынскай этыкі ў справе падрыхтоўкі ўрачоў, у самой сістэме аховы здароўя і проста ў чалавечым жыцці мы і гутарым з Сяргеем Дзмітрыевічам ДЗЯНІСАВЫМ.
— Камітэт па біяэтыцы БДМУ праводзіць этычную экспертызу выкарыстання ў навуковай і вучэбнай рабоце ў якасці суб’екта даследавання людзей і жывёл. Скажыце, Сяргей Дзмітрыевіч, ці шмат праектаў даводзіцца адхіляць па прычыне іх неадпаведнасці этычным нормам?
— Справа ў тым, што камітэт не мае права дазваляць ці забараняць, мы можам толькі ўхваліць праект або не. Пры гэтым адзначу адметны факт: пасля кароткай размовы з заяўнікамі прыкладна палова заявак на даследаванні з удзелам жывёл адклікаецца назад. Прычына — поўная бязглуздзіца запланаваных доследаў на жывёлах: яны служаць проста для “ўпрыгажэння” дысертацыі. Што да астатняй паловы, дзе заявы абгрунтоўваюцца, то там колькасць жывёл, неабходных для доследаў, змяншаецца ў ходзе экспертызы ў дзясяткі разоў. Напрыклад, там, дзе планавалася 150 жывёл, патрэбна 10.
Заўважу, што рашэнні нашага камітэта распаўсюджваюцца толькі на супрацоўнікаў медуніверсітэта. Калі да нас звяртаюцца людзі з іншых устаноў, то гэта выключна іх добрая воля. Хаця, на мой погляд, павінна быць пэўная іерархія прыняцця рашэнняў у галіне біяэтыкі, напрыклад, нацыянальны камітэт, рэгіянальныя камітэты. Ва Украіне, напрыклад, ёсць спецыяльная структура пры акадэміі навук, якая збірае экспертаў з усяго свету, праводзіць кангрэсы і глыбока распрацоўвае найбольш важныя пытанні біяэтыкі.
— Скажыце, ці ёсць заканадаўчыя падставы для таго, каб этычныя пытанні былі не толькі праявай добрай волі асобных людзей, а сталі абавязковай часткай даследаванняў?
— На жаль, няма. Калі б былі адпаведныя законы, то за іх парушэнне даводзілася б несці пакаранне, а за парушэнне маральна-этычных норм (калі маральная шкода не даказана ў судзе) ніякія пакаранні не прадугледжаны. Таму ў нашай краіне біяэтыка развіваецца на аснове асветы, выхавання і цярплівага тлумачэння відавочных ісцін.
І мы сцвярджаем, што не трэба падсмажваць пацукоў ці страляць у сабак, каб вывучаць агнястрэльныя раны. Калі хтосьці калісьці гэта зрабіў і апісаў, то навошта паўтараць падобныя доследы? А калі без выкарыстання жывёл не абысціся (у навуцы такое здараецца), то трэба дакладна разлічыць колькасць патрэбных жывёл — 50 ці ўсё ж такі 5.
У нас тут побач ёсць аперацыйная, дзе раней аперыравалі сабак. Але зараз мы цалкам адмовіліся ад доследаў на жывёлах у вучэбных мэтах. Прытрымліваемся міжнароднага правіла трох R — replacement (замена), reduction (змяншэнне), refinement (належны догляд).
Ёсць мільён прыкладаў, калі доследы на жывёлах былі заменены чым-небудзь іншым. Сёння ўжо не трэба штораз анатаміраваць пацука, калі можна зрабіць гэта аднойчы, зняць фільм і паказваць яго студэнтам. Або выкарыстоўваць віртуальнага пацука, створанага па тэхналогіі 3D, з выдатнай анімацыяй.
Што да refinement, то адзначу вельмі адметны прыклад, які паказвае, што над маральнасцю нам яшчэ працаваць і працаваць. У нас ёсць віварый, дзе ўтрымліваюцца жывёлы, у тым ліку сабакі (раней іх былі сотні, цяпер адзінкі — пад дакладна спланаваныя навуковыя эксперыменты). І вось я расказваю студэнтам пра маральнае стаўленне да жывёл, усё вельмі эмацыянальна, бачу, што некаторыя студэнткі ўжо труць вочы. Сабачкі знаходзяцца пасля аперацыі (праведзенай, дарэчы, з навуковымі мэтамі), і іх трэба выгульваць. І я кажу: прыйдзіце пасля заняткаў і хаця б паўгадзіны пагуляйце з сабачкам. І што вы думаеце? У першы дзень прыйшло 5 студэнтаў, у другі — 3, а ў трэці — ніводнага. Больш за тое, мы атрымалі ананімную скаргу ад нейкай маці, якая абуралася, што сабака мог пакусаць яе дачку.
Якая тут мараль? Аказваецца, што, каб быць маральным, трэба не толькі працаваць галавой, але і нагамі паварушыць, патраціць свой час, магчыма, грошы. Праўда, большасць любіць быць маральным толькі ў сваіх развагах.
Калі я быў у Сусветным таварыстве абароны жывёл (штаб-кватэра ў Лондане), то задаў пытанне:
— Вы маеце права ставіць доследы на сабаках?
— Так, безумоўна.
— А ці праводзіце вы доследы на сабаках?
— Безумоўна, не.
Вось яна, мараль! Вядома, у навуковых лабараторыях ёсць і пацукі, і авечкі, але сабак там няма. Нам шкада і тых, і другіх. Але пагадзіцеся, што паміж пацуком і сабакам вялікая розніца.
— Ці ўсе навукоўцы падтрымліваюць вашы ідэі наконт ашчаднага стаўлення да жывёл? У нядаўняй традыцыі падрыхтоўкі ўрачоў было рэзаць і рэзаць…
— У нашай краіне (дзякуй богу не ў БДМУ) дагэтуль ёсць выкладчыкі, якія робяць трахеастамію на жывёлах, пры тым, што ў іх усё зусім не так, як у людзей. А між тым гэтую праблему сёння лёгка вырашыць, абапіраючыся на біяэтычны “прынцып замены”. Замест сабак ці трусоў можна выкарыстоўваць штучныя сімулятары. Каб пераканацца ў гэтым, загляніце ў Google, аперацыя “трахеастамія”.
Дарэчы, калі мы былі студэнтамі, то ўспрымалі ўсё гэта вельмі спакойна. Мы марылі стаць урачамі і дзеля гэтага гатовы былі перарэзаць усіх сабак у свеце. І нам казалі: які энтузіязм, якія малайцы! А насамрэч мярзотнікі і ідыёты!
І цяпер я не хачу сцвярджаць, што мы такія высокамаральныя — першыя і лепшыя за ўсіх у гэтай краіне. Наш шлях да біямедыцынскай этыкі пачаўся з меркаванняў эканоміі. Я быў прарэктарам універсітэта, і вось загадчык кафедры прыносіць заяўку на жабак — 500 штук. А іх лавілі пад Ленінградам, і адна жабка каштавала 5 рублёў. Пытаюся, а чаму 500, ці можна набыць меней. Ён падумаў і напісаў 200. Вось з чаго ўсё ў нас пачыналася. А потым мы задумаліся і пра маральны бок пытання, перагледзелі многія рэчы, зразумелі, што даследаванні могуць і павінны быць больш гуманнымі.
— Што б там ні казалі, але мне здаецца, што чалавецтва ўдасканальваецца. На пачатку мінулага стагоддзя ніхто б і не падумаў абараняць жывёл, калі яны служаць навуцы!
— Гэта так. Новы час, новая свядомасць, новая мараль. Калісьці ў медінстытуце сабак нажамі рэзалі, а сёння іх тут увогуле няма. Мы пачалі хаваць людзей па-чалавечы. На Паўночных могілках у Мінску абсталявалі склепы, дзе пахаваны людзі, чые целы паслужылі навуцы. Мы вярнулі гэтым людзям імёны — яны напісаны на кожнай урне, хаця ніхто іх не памятае, у іх няма ні сваякоў, ні сяброў. Але яны не зніклі бясследна з зямлі. Гэта іх права, вызначанае Хельсінкскай дэкларацыяй, — права на дастойнае жыццё, дастойную смерць і дастойнае абыходжанне з целам пасля смерці.
— Скажыце, Сяргей Дзмітрыевіч, ці выкладаецца студэнтам курс медыцынскай этыкі?
— Безумоўна, такі курс ёсць, выдадзена шмат падручнікаў і дапаможнікаў. Хаця, па шчырасці, хацелася б, каб гэтая навука выкладалася ў большым аб’ёме. Напрыклад, у Кішынёўскім і Кіеўскім медыцынскіх універсітэтах кафедры, якія вядуць адпаведнае навучанне, называюцца кафедрамі біямедыцынскай этыкі і філасофіі. Па-добраму біямедыцынская этыка павінна праходзіць праз усе вучэбныя дысцыпліны медыцынскага ўніверсітэта.
Выкладаючы анатомію ці аперацыйную хірургію, я заўсёды кажу студэнтам, што гэта асаблівае права хірурга — права на аперацыйнае ўмяшанне. Вы толькі падумайце — увайсці ў чалавечае цела з нажом! Таму вучу студэнтаў, што чалавеку абавязкова трэба тлумачыць, чаму нельга абысціся без аперацыі, у чым яе сутнасць, якія ёсць рызыкі і небяспекі, магчымыя ўскладненні і, наадварот, якія перспектывы.
— Адзін з сучасных напрамкаў у сусветнай медыцыне — сумесная выпрацоўка стратэгіі лячэння ўрачом і пацыентам. Мы рухаемся ў гэтым напрамку ці, як у ранейшыя часы, пераважае аўтарытарная пазіцыя ўрача?
— Як ёсць педагогіка супрацоўніцтва, так ёсць і медыцына супрацоўніцтва. Калісьці была патэрналісцкая схема лячэння — “я ўрач, а ты ніхто”, але зараз многае змянілася. Скажыце, вы баіцеся ўрачоў?
— Скажам так, я іх пабойваюся.
— Вельмі многія пацыенты пабойваюцца, бо ім даводзіцца давяраць сябе чалавеку, які мае права ажыццяўляць над імі пэўныя дзеянні.
— Але калі прытрымлівацца логікі медыцыны супрацоўніцтва, то ўрач павінен быць шчырым з пацыентам.
— Ведаеце, ёсць такая галіна этыкі — дэанталогія, якая яскрава адлюстроўвае ўзаемаадносіны ўрача і пацыента. Справа ў тым, што вырашэнне этычных пытанняў часта не мае гатовых рэцэптаў і прамых адказаў. Маральныя аспекты гэтых пытанняў настолькі разнастайныя, што прапісаць іх, як у юрыспрудэнцыі, немагчыма. Але відавочныя тэндэнцыі ёсць.
Калі я вучыўся ва ўніверсітэце, нам цвёрда казалі, што ёсць святая хлусня, і нават калі ў чалавека рак, ён не павінен пра гэта ведаць. Зараз сітуацыя іншая, урач павінен паведамляць пацыенту дыягназ. Але кожны раз урач павінен прымаць рашэнне, калі і як гэта зрабіць.
Уявіце: вы ўрач, дыягнаставалі ў пацыента рак і ведаеце, што смерць непазбежная, прычым у вельмі блізкім перыядзе. І вось вы разважаеце. Калі вы паведаміце гэта чалавеку зараз жа, то яго жыццё будзе атручана, рэшткі жыцця ён правядзе ў маральных пакутах. Калі ж вы скажаце яму пазней ці зможаце неяк іншасказальна данесці да яго патрэбную інфармацыю, то, магчыма, зменшыце перыяд яго пакут. Вось і шукайце адказ на пытанне.
— Мы з вамі, Сяргей Дзянісавіч, не закранулі яшчэ многія пытанні біяэтыкі, якія выклікаюць дыскусіі ва ўсім свеце, — эўтаназіі, трансплантацыі органаў, штучнага апладнення і г.д. Шмат коп’яў зламана ў спрэчках, прыняты адпаведныя законы, але для кожнага канкрэтнага чалавека згаданыя пытанні не з’яўляюцца вырашанымі да канца. Многія нюансы патрабуюць удакладненняў. Скажыце, што думаюць прафесійныя эксперты ў галіне біяэтыкі на гэты конт?
— Сапраўды, прымаюцца законы, вядуцца дыскусіі, але на многія рэчы людзі пачынаюць глядзець па-іншаму, калі пытанне закране іх асабіста. Я ведаю прыклады, калі людзі, якія катэгарычна выступалі супраць эўтаназіі, вельмі хутка кардынальна мянялі меркаванне, калі бяда здаралася ў блізкіх ім людзей. Таму трэба абмяркоўваць праблемы рознабакова, пераконваць адно аднаго, шукаць ісціну.
Самую вялікую шкоду біяэтыцы наносяць агрэсіўныя людзі, якія надзвычай напорыста адстойваюць свой пункт гледжання, нават калі яны на светлым баку. Але прагрэсіўныя погляды нельга прывіць сілком. Этыку можна распаўсюджваць толькі этычным шляхам. Што мы і робім.
— Дзякуй, Сяргей Дзмітрыевіч, за гутарку.
— Галіна, вы, пэўна, ведаеце, што ў суботу ва ўсіх школах краіны будуць праходзіць вечары сустрэч выпускнікоў? Я хацеў бы, карыстаючыся выпадкам, перадаць самае шчырае прывітанне маім аднакласнікам, а таксама Азерскай сярэдняй школе Уздзенскага раёна, дзе я вучыўся. Маіх настаўнікаў, на жаль, ужо няма, але, як і раней, у школе працуюць выдатныя прафесіяналы, майстры сваёй справы. Дарэчы, як і ў многіх школах краіны. Ведалі б вы, якія да нас прыходзяць абітурыенты! І ўсё гэта іх заслуга. Хачу сказаць беларускім настаўнікам шчыры дзякуй.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.