Стратэгічнае планаванне ў рабоце з педагагічнымі кадрамі: майстар-клас для кіраўнікоў устаноў адукацыі

- 13:35Образование, Школа управления

Падчас майстар-­класа “Ад асабістага росту — да агульнага выніку: метады стратэгічнага планавання ў рабоце з педагагічнымі кадрамі” будзем ствараць умовы для асваення метадаў стратэгічнага планавання. Акрамя таго, яго правядзенне паспрыяе развіццю аналітычнай культуры кіраўнікоў устаноў адукацыі, будзе садзейнічаць выпрацоўцы падыходаў да фарміравання асобасных і прафесійных кампетэнцый педагогаў.

Ход майстар-класа

Арыентацыйна-матывацыйны этап.

Калегі, прашу выбраць картку і ў адпаведнасці з ёй за­няць сваё месца ў групе. (Удзельнікі выцягваюць картку з выявай і назвай школы, разыходзяцца па групах.) Атрымаліся тры кіраўніцкія каманды, члены якіх, мяркуючы па зробленым выбары, маюць блізкія погляды: каманда Школы радасці, каманда Школы творчасці і каманда Школы росту. Магчыма, пасля вашай сумеснай работы напрыканцы сустрэчы вы захочаце ўдакладніць назвы сваіх школ.

Актуалізацыя суб’ектнага вопыту ўдзельнікаў.

Мэта дзейнасці кожнага кіраўніка ўстановы адукацыі — забяспечыць якасць адукацыі. У Год якасці гэтая задача бачыцца яшчэ больш актуальнай. Яна шмат­аспектна абазначана і ў Праграме развіцця нацыянальнай сістэмы забеспячэння якасці адукацыі да 2025 года і на перспектыву да 2030 года. Давайце прыга­даем, якімі крытэрыямі вымяраецца якасць адукацыі.

Запаўняецца кластар: якасць і матывацыя педагагічнага калектыву; стан матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі; якасць вучэбных праграм, якасць ведаў вучняў, інавацыйная актыўнасць кіраўніцтва, укараненне працэсных інавацый, канкурэнтаздольнасць выпускнікоў, дасягненні выпускнікоў.

Шматзадачнасць і тэрміно­васць выканання ўсіх задач могуць прывесці кіраўніка да страты прыярытэтаў у арганізацыі работы. А як адчувае сябе малады кіраўнік? Якія праблемы ў яго ўзнікаюць?

Давайце звернемся да крытэрыяў якасці адукацыі. Які з аспектаў вы лічыце ключавым? На маю думку, гэта педагог. Чаму? Гэта ўнутраны фактар забеспячэння якасці, на яго можна ўплываць, ад яго залежаць многія іншыя фактары.

Ці здагадаліся вы, якім вопытам я хачу з вамі падзяліцца? Так, гэта стратэгічнае планаванне, планаванне на перспектыву, дакладней — стратэгічныя метады ў рабоце з педагагічнымі кадрамі.

Мэтавызначэнне.

Каму гэтае пытанне ўжо знаёма і хто карыстаецца такімі метадамі ў сваёй рабоце, выберыце чырвоны яблычак з талеркі. Для каго гэтае пытанне яшчэ не вельмі вядомае — зялёны. Давайце абмяркуем мэты, якія мы паставім перад сабой. Яны бу­дуць агульныя і асабістыя.

Такім чынам, мы асвоім метады стратэгічнага планавання ў рабоце з педагагічнымі кадрамі, папрацуем над нашай аналітычнай культурай і выпрацуем некаторыя канкрэтныя падыходы ў фарміраванні асобаснай і прафе­сійнай кампетэнцый педагогаў.

Метад стратэгічнага планавання — гэта інструмент, пры дапамозе якога ваша каманда можа засяродзіцца на канкрэтным элеменце стратэгічнага плана і дэталёва яго апісаць. У нашым выпадку — на рабоце з педагагічнымі кадрамі.

Працэс стратэгічнага планавання можа здацца занадта складаным, але метады дапамогуць з ім справіцца. Вы будзеце выкарыстоўваць свой метад (або некалькі метадаў), каб у працэсе планавання прапрацаваць канкрэтныя этапы без блытаніны і расчараванняў, захоўваючы сваю энергію і энтузіязм.

Большасць метадаў заснавана на наступных пазіцыях: дзе вы знаходзіцеся зараз; куды вы маеце намер рухацца; як вы збіраецеся дасягнуць гэтых мэт. Метады стратэгічнага планавання дапамагаюць пагрузіцца ў канкрэтны этап вашага плана, каб стварыць усёабдымнае апісанне, якое сапраўды дапаможа ператварыць ідэі ў дзеянні.

Для розных аспектаў стратэгічнага плана можна выкарыстоўваць розныя метады.

Стварэнне стратэгічнай карты. Стратэгічная карта можа стаць рэсурсам, які дынамічна абнаўляецца. Прапаную разгледзець планаванне работы па фарміраванні прафесійных кампетэнцый педагогаў. Падыходы да вызначэння кампетэнцый розныя, возьмем асноўныя 4 аспекты: асабовая, камунікатыўная, прафесійная і інфармацыйная кампетэнцыі.
Безу­моўна, мы працуем над гэтым комплексам, але ў пэўны перыяд у нас дамінуюць пэўныя кірункі. І толькі вызначыўшы іх камандай і спланаваўшы пасля работу, можна сапраўды забяспечыць дасягненне мэты.

Прывяду прыклад: з асабовай кампетэнцыі ў прыярытэт выводжу каштоўнасную грамадзянска-патрыятычную кампетэнцыю, бо ад яе залежыць выхаванне вучняў, карэктнае засваенне многіх вучэбных прадметаў; з камунікатыўнай — кампетэнцыю ў галіне камунікацыі з вучнямі са СДУГ; з прафесійнай — прадметную ў галіне рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу і фарміравання функцыянальнай адукаванасці; з інфармацыйнай — кампетэнцыю ў галіне гарантавання інфармацыйнай бяспекі і захавання персанальных даных.

SWOT-аналіз. Метад выкарыстоўваецца, каб ацаніць, якія ўнутраныя і знешнія фактары могуць паўплываць на стратэгію.

Абрэвіятура SWOT расшыфроўваецца як “моцныя і слабыя бакі, магчымасці і пагрозы”. Моцныя і слабыя бакі з’яўляюцца ўнутранымі фактарамі (маецца на ўвазе, што ў вас ёсць пэўны кантроль над імі), у той час як магчымасці і пагрозы з’яўляюцца знешнімі фактарамі (паддаюцца кантролю толькі збольшага ці не паддаюцца зусім).

Такі метад трэба выкарыстоўваць у пачатку працэсу стратэгічнага планавання, паколькі ён дапамагае зразумець, у чым справы ідуць добра і якія аспекты вам варта палепшыць. Гэта важная інфармацыя для прапрацоўкі стратэгіі.

Прааналізуем стратэгію фарміравання грамадзянска-патрыятычнай кампетэнцыі педагагічных работнікаў на аснове гімназіі.

Моцныя бакі. Педагогі цікавяцца гістарычнай і культурнай спадчынай Беларусі. Слабыя бакі. Педагогі назапасілі свае веды па гісторыі і культуры Беларусі ў розны перыяд яе развіцця. Магчымасці. Наяўнасць дзяржаўных праграм і планаў па фарміраванні грамадзянска-патрыятычных якасцей грамадзян Беларусі. Пагрозы. Інфармацыйнае поле насычана рознай інфармацыяй.

Выкарыстаўшы гэты метад і дэталёва прапрацаваўшы стратэгію, можна правільна спланаваць дзейнасць. Напрыклад, мы ствараем музейную прастору, у якую ўключаем і вучэбную, і пазакласную дзейнасць.

Прапаную выбраць адну з кампетэнцый, напрыклад, грамадзянска-патрыятычную, і праана­лізаваць стратэгію.

Збалансаваная сістэма паказчыкаў. Метад выкарыстоўваецца, каб вызначыць мэты і крокі, якія патрабуюцца для іх дасягнення.

Збалансаваная сістэма паказчыкаў дазваляе вызна­чыць, якія задачы каманда спрабуе вырашыць, а таксама якую работу для гэтага павінен выка­наць кожны. Метад карысны для ра­зумення мэт, аб’яднання што­дзённай работы і размеркавання прыярытэтаў у ёй, а таксама для адсочвання прагрэсу з выкарыстаннем устаноўленых метрык.

Пры рабоце па гэтым мета­дзе трэба вызначыць наступнае.

Мэты. Вынік, які вы хочаце атрымаць (напрыклад, высокі ўзровень якасці грамадзянска-пат­рыятычнай кампетэнцыі педагогаў).

Меры. Як вы будзеце ацэнь­ваць поспех, напрыклад, створыце дыяграму вынікаў педагога па рэалізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў (выхаваўчы патэнцыял вучэбных заняткаў, якасць правядзення інфармацыйных і класных гадзін, пазакласныя мерапрыемствы, вынікі дыягностыкі выхаванасці вучняў класа) і актыўнасці педагога ў канструктыўных грамадскіх арганізацыях.

Ініцыятывы. Праграмы, сфарміраваныя для дасягнення мэт (напрыклад, стварэнне інтэрактыўнай музейнай прасторы і праекты ўнутры гэтай ініцыятывы).

Даручэнні. Асобныя крокі, выканаць якія зможа адзін чалавек ці невялікая каманда (напрыклад, кіраўніку музея прапаноўваецца стварыць план, настаўнікам — музеі ў чамаданах, класным кіраўнікам — правесці музейныя ўрокі і квесты, намесніку дырэктара — ажыццявіць кантроль якасці і планаванне, асобнаму педагогу — стварыць выставу).

Такім чынам можна перайс­ці ад вялікай і, здавалася б, недасяжнай мэты да элементарных дзеянняў, якія рэальна выканаць. У гэтым хараство збалансаванай сістэмы паказчыкаў: яна звязвае мэты ўзроўню ўсёй арганізацыі са штодзённымі задачамі кожнага ўдзельніка каманды. Прапаную вам спланаваць вынік, які вы хочаце атрымаць, і прапісаць стратэгію.

Планаванне на аснове разрыву. Метад выкарыстоўваецца, каб вызначыць, як скараціць разрыў паміж сітуацыяй, у якой вы знаходзіцеся, і сітуацыяй, у якой вы хочаце быць. Пераадоленне гэтага — задача няпростая. У гэтым няпростым інтэрвале якраз і выконваецца ўся цяжкая работа.

Гэты метад аб’ядноўвае ўсё, што патрабуецца зрабіць, каб перайсці ад бягучага стану да вызначаных перспектыў. Калі вы аналізуеце разрыў, трэба прымусіць сябе старанна падумаць аб тым, чаму вы яшчэ не дасягнулі ідэальнага стану. У чым галоўная прычына?

Вось прыклад таго, як працуе гэты метад.

Перспектыва. Высокі ўзровень сфарміраванасці прафесійнай арганізацыйна-метадычнай кампетэнцыі ў галіне абагульнення і распаўсюджвання перадавога педагагічнага вопыту.

Бягучы стан. Добры практычны вопыт, але адсутнасць навыкаў абагульнення і распаўсюджвання педагагічнага вопыту.

Разрыў. Настаўнікі не абагульняюць вопыт, адсутнічае навукова-метадычная і праектная дзейнасць, адпаведна няма прафесійнай самарэалізацыі.

Меры паляпшэння. Укараніць сістэму па фарміраванні арганізацыйна-метадычнай кампетэнцыі.

Гэты метад з’яўляецца яшчэ адным спосабам падзяліць агульнае бачанне на тактычныя крокі і меры паляпшэння.

Метадаў стратэгічнага планавання існуе дастаткова шмат, і было б няправільна думаць, што адны з іх лепшыя за іншыя: яны проста выконваюць розныя задачы. А значыць, калі трэба выб­раць метад, пачніце са сваёй мэты і прымайце рашэнне на яе аснове.

І памятайце: не абавязкова абмяжоўвацца толькі адным метадам. На розных этапах і для розных элементаў працэсу стратэгічнага планавання можна выкарыстоўваць розныя метады. Акрамя таго, стратэгічныя планы часта пераацэньваюцца і пераглядаюцца. Па меры развіцця вашага плана і ўстановы з часам можа спатрэбіцца іншы метад.

Мэты патрабуюць стратэгіі і дзеянняў. Ваш стратэгічны план разбівае агульнае бачанне сітуацыі на рэальныя крокі, якія патрэбна выканаць, каб прыйсці да мэты. Працэс стратэгічнага планавання можа здавацца сумным і складаным, але метады стратэгічнага планавання спрашча­юць прапрацоўку дэталей кожнага элемента вашага плана.

Алеся ЗЯНЕВІЧ,
дырэктар гімназіі № 28 імя Уладзіміра Караткевіча Мінска
Фота Алега ІГНАТОВІЧА