Стратэгія выбару будучыні

- 11:59Адукацыйная прастора

Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дапрофільнага і профільнага навучання

Ідэалогія псіхолага-педагагічнага суправаджэння заключаецца ў тым, каб не засцерагаць дзіця ад цяжкасцей, у прыватнасці ад складанага выбару, не вырашаць праблемы за яго, а ствараць умовы для ўдасканалення ім усвядомленага, адказнага самастойнага выбару.

Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне прадугледжвае не толькі псіхалагічную, але і педагагічную пазіцыю, якая рэалізоўваецца на аснове ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу: настаўнікаў, класных кіраўнікоў, сацыяльнага педагога, прадстаўнікоў школьнай адміністрацыі, бацькоў.

Стратэгія выбару профільнага напрамку: ХАЧУ (інтарэсы) = МАГУ (здольнасці).

Профільнае навучанне стварае перад­умовы для рэалізацыі асобасна арыентаванага адукацыйнага працэсу.

Профільнае навучанне стварае шэраг тыповых складаных выпадкаў для адукацыйнай установы.

  1. Нізкая матывацыя навучэнцаў. Многія падлеткі не цікавяцца ніводным з прадметаў, ніводным відам дзейнасці. Гэта сустракаецца ўсё часцей на фоне мэтанакіраванага разбурэння традыцыйных каштоўнасцей і жыццёвага сэнсу старшакласнікаў.
  2. Праблема выбару з некалькіх раўнацэнных варыянтаў. Як правіла, адораныя падлеткі праяўляюць сябе ў розных сферах дзейнасці. У такіх падлеткаў высокі ўзро­вень паспяховасці па ўсіх прадметах, яны з’яўляюцца пераможцамі алімпіяд па некалькіх напрамках.
  3. Супярэчнасць паміж матывацыяй і здольнасцямі.
  4. Канфлікт інтарэсаў дзяцей і бацькоў.

Профільнае навучанне нацэльвае на стварэнне магчымасцей для выбару індывідуальных адукацыйных праграм для больш поўнага задавальнення інтарэсаў, магчымасцей, здольнасцей і схільнасцей навучэнцаў з улікам іх адукацыйных і прафесійных запатрабаванняў, якія адпавядаюць патрэбам сучаснага рынку працы.

Каб распрацаваць праграмы дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання (у адпаведнасці з індывідуальнымі асаблівасцямі, здольнасцямі і схільнасцямі), неабходна:

— вызначыць існуючы ўзровень навучэнца;

— выбраць нейкую асаблівую мэту, якая можа быць дасягнута ў зададзеных часавых рамках (за дзень, за тыдзень);

— распрацаваць і прымяніць спецыфічныя метады, якія дадуць навучэнцу магчымасць дасягнуць мэты;

— пастаянна ацэньваць прагрэс вучня;

— мадыфікаваць праграму, калі вучню цяжка дасягнуць мэты, або выбраць новую мэту, калі вучань апраўдаў чаканні педагога.

Некаторыя віды паводзін, на якія трэба звяртаць увагу, назіраючы за вучнем:

  1. Якіх спецыфічных навыкаў яму не хапае?
  2. Якія яго навыкі ў пісьмовай і вуснай мове?
  3. Якія метады ён выкарыстоўвае для выпраўлення сваіх памылак або для разумення новай інфармацыі?
  4. Якія метады маюць патрэбу ў развіцці?
  5. Якім чынам ён спрабуе кампенсаваць свае недахопы?
  6. Калі ён не спрабуе, то чаму?
  7. Ці не вельмі хутка ён здаецца?

8. Ці ў стане ён выконваць школьныя правілы?

  1. Як ён рэагуе на крытыку і дысцыпліну?
  2. Як ён ладзіць са сваімі равеснікамі?
  3. Якую ролю ён адыгрывае ў групе (лідар, блазан, задзіра, адасоблены і г.д.)?
  4. Якія ў яго адносіны з дарослымі?
  5. Як ён спраўляецца з цяжкасцямі?

Прыпавесць пра стварэнне індывідуальных праграм

Была аднойчы створана школа для жывёл. Выкладчыкі былі ўпэўнены, што ў іх вельмі зразумелы вучэбны план, але чамусьці вучняў даймалі няўдачы. Качка была зоркай урока па плаванні, але цалкам правальвалася ў лажанні па дрэвах. Малпа была цудоўнай у лажанні па дрэвах, але атрымлівала “тройкі” па плаванні. Кураняты былі выдатнымі ў пошуку зярнят, але так зрывалі ўрокі па лажанні па дрэвах, што іх кожны дзень адпраўлялі ў кабінет да дырэктара. Трусы рабілі сенсацыйныя поспехі ў бегу, але ім прыйшлося наймаць індывідуальнага выкладчыка па плаванні. Найбольш сумна ішлі справы ў чарапах, якія пасля многіх дыягнастычных тэстаў былі аб’яўлены не здольнымі развівацца. Іх паслалі ў спецыяльны клас, у аддаленую норку сусліка.

Хто ж быў на самай справе няўдачнікам? Не трэба чакаць, што ўсе вучні выву­чаць матэрыял аднолькава і на адным узроўні. Кожны прыўнясе свае сілы і слабасці ў навучанне, і ў выніку некаторыя прадметы будуць давацца вучню лягчэй, чым іншыя. Гэта наша адказнасць — максіміза­ваць сілы дзяцей і навучыць іх кампенсаваць свае слабасці.

Па даных даследаванняў доктара псіхалагічных навук прафесара Л.М.Міцінай, схематычная тыпізацыя вучняў зводзіцца да пяці наступных тыпаў.

Першы тып. Вучні-выдатнікі, якія су­працоўнічаюць з настаўнікам. Гэта ўпрыгажэнне класа і гордасць настаўніка. Ён давярае такім вучням і спадзяецца на іх, бачыць у іх вынік сваіх педагагічных здольнасцей
і г.д.

Другі тып. Вучні, якіх настаўнік лічыць здольнымі або таленавітымі, але ў пэўным сэнсе цяжкімі, напрыклад, ненадзейныя, недысцыплінаваныя, якія працуюць несістэматычна, “злачынна” не выкарыстоўваюць свае здольнасці і г.д. У настаўніка часта ўзніка­юць з імі канфлікты, але ён цэніць магчымасці такіх вучняў.

Трэці тып. Так званыя добрыя (паслухмяныя) вучні, удзячныя настаўніку за кожную праяву сімпатыі і дапамогі, але якія лічацца малаздольнымі, са слабай паспяховасцю. Настаўнік не чакае ад іх вялікіх поспехаў, тым не менш праяўляе да такіх вучняў пэўную сімпатыю, імкнучыся зрабіць прымальнымі іх вучэбныя няпоспехі. Усімі сродкамі імкнецца дапамагчы ім захаваць узровень паспяховасці, не зніжаючы яго.

Чацвёрты тып. Яўна праблемныя вучні. У настаўніка часта ўзнікаюць з імі супярэчнасці і канфлікты, часам яму здаецца, што гэтым дзецям увогуле не месца ў класе.

Пяты тып. Вучні, якіх можна аднесці да нявызначанай групы, якая слаба дыферэнцыруецца. Гэта вучні, якія амаль не прыцягваюць да сябе ўвагі настаўніка. Ён рэдка звяртаецца да іх, часта доўга не можа запомніць, з якога яны класа — “А” ці “Б”, як дакладна завуць вучняў і інш.

Якасць профільнага навучання дзіцяці шмат у чым вызначаецца яго псіхолага-педагагічным суправаджэннем. Асноў­нымі напрамкамі псіхолага-педагагічнага суправа­джэння профільнага навучання з’яўляюцца:

— псіхалагічная дыягностыка навучэнцаў, якая накіравана на выяўленне ­ўзроўню сфарміраванасці ўяўленняў пра асаблівасці выбару будучай прафесійнай дзейнасці;

— кансультацыйная работа з педагогамі і бацькамі, якая дапамагае ў пошуку эфектыўных шляхоў вырашэння разам з навучэнцамі цяжкасцей іх прафесійнага вызначэння;

— метадычная работа, накіраваная на дзейсную дапамогу педагагічным работнікам з боку дырэктара, яго намеснікаў, метадычнай службы, вопытных калег у пытаннях прафесійнага развіцця, тэарэтычнай і метадычнай падрыхтоўкі з улікам асаблівасцей дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі навучэнцаў;

— прафілактычная работа, якая ажыццяўляецца педагогам-псіхолагам і сацыяльным педагогам і накіравана на падтрымку кожнага навучэнца ў яго асобасным развіцці і праектаванні прафесійнай будучыні;

— карэкцыйна-развіццёвая работа, якая праводзіцца з навучэнцамі, што сутыкаюцца з цяжкасцямі ў прафесійным самавызначэнні, і якая дапамагае развіваць прафесійныя інтарэсы на аснове выяўленых магчымасцей і здольнасцей асобы;

— аналітычная работа, накіраваная на вывучэнне створаных умоў, арганізацыі псіхолага-педагагічнай дапамогі навучэнцам, яе вынікаў у кантэксце дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі навучэнцаў; гатоўнасці падлетка да ўсвядомленага выбару прафесій, працягу навучання; на ацэнку эфектыўнасці і карэкцыю гэтага віду сумеснай дзейнасці.

Псіхолага-педагагічнае ­суправаджэнне дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання арыентавана на станаўленне ўнікальнасці асобы кожнага навучэнца, прыя­рытэты асобаснага развіцця (калі навучанне выступае не як самамэта, а як сродак развіцця асобасных якасцей дзіцяці), бесперапыннасць, аўтаномнасць і мультыдысцыплінарнасць, што спрыяюць узаемадзеянню розных спецыялістаў (настаўніка, педагога-псіхолага, сацыяльнага педагога, класнага кіраўніка, выхавальніка і інш.).

Чаканым вынікам такога ўзаемадзеяння, безумоўна, становіцца больш усвядомленае прафесійнае самавызначэнне навучэнцаў, а таксама сфарміраванасць у іх псіхалагічных уменняў, асобасных якасцей, неабходных для паспяховага развіцця як працаўніка, так і грамадзяніна сваёй краіны.

У псіхолага-педагагічным суправаджэнні дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання навучэнцаў важнай з’яўляецца рэалізацыя прынцыпаў сістэмнасці і ўзаемадзеяння ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу, што дазваляе пазбегнуць фрагментарнасці работы, якая праводзіцца, дубліравання яе відаў і форм.

Педагог-псіхолаг пры суправаджэнні дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў:

— фарміруе ў навучэнцаў маральныя адносіны да працы як генетычна зыходнага віду дзейнасці, які аказвае вялікі ўплыў на псіхічнае і фізічнае развіццё чалавека, яго здароўе;

— фарміруе паважлівыя адносіны да любой прафесіі;

— знаёміць навучэнцаў з тыпамі існуючых прафесій: “чалавек — тэхніка”; “чалавек — чалавек”; “чалавек — прырода”, “чалавек — знакавая сістэма”; “чалавек — мастацкі вобраз”;

— выяўляе розныя аспекты прафесійнага самавызначэння навучэнцаў;

— выяўляе матывы прафесійнага самавызначэння навучэнцаў;

— праводзіць трэнінгі асобаснага росту.

Пры псіхолага-педагагічным суправа­джэнні профільнага навучання педагог-псіхолаг:

— актуалізуе прафесійнае самавызначэнне;

— фарміруе ў навучэнцаў навыкі і ўменні супастаўляць патрабаванні прафесіі з індывідуальнымі фізіялагічнымі асаблівасцямі;

— знаёміць навучэнцаў з магчымымі шляхамі атрымання прафесійнай адукацыі і фарміруе навыкі выбару правільнага шляху ў прафесійным выбары;

— псіхалагічна рыхтуе навучэнцаў да ­ўсвядомленага выбару профілю навучання;

— фарміруе ў навучэнцаў асобасныя прафесійныя планы на найбліжэйшую і аддаленую перспектыву;

— падбірае дыягнастычны інструментарый, адэкватны мэце і задачам профільнага самавызначэння;

— праводзіць трэнінгі для асобаснага росту і пашырэння ўяўленняў навучэнцаў аб прафесійным самавызначэнні.

Пры псіхолага-педагагічным суправа­джэнні профільнага навучання спецыялістам важна грунтавацца на трохфактарнай мадэлі выбару прафесіі, распрацаванай заснавальнікам навуковай прафарыентацыі Ф.Парсанам, які вылучыў тры галоўныя фактары, што дэтэрмінуюць адэкватны выбар прафесіі:

1) правільная самаацэнка схільнасцей, здольнасцей, інтарэсаў, імкненняў, магчымасцей і абмежаванняў;

2) веданне таго, што трэба для паспяховай дзейнасці па прафесіі, якая выбіраецца;

3) уменне суаднесці вынікі самаацэнкі з правільна вылучанымі патрабаваннямі.

Псіхалагічнае суправаджэнне навучэнцаў профільных класаў можа заключацца і ў даследаванні эмацыянальнага стану ў пачатку навучання, дыягностыцы сацыяльна-псіхалагічнага клімату ў класах, дыягностыцы ўзроўню задаволенасці арганізацыяй вучэбнага працэсу.

Прыпавесць “Чатыры надзіманыя шары”

Маленькі цемнаскуры хлопчык назіраў за прадаўцом надзіманых шарыкаў на кірмашы. Як відаць, чалавек быў добрым прадаўцом: ён адпусціў высока ў неба ярка-чыр­воны шар, прыцягваючы тым самым натоўп маленькіх патэнцыяльных пакупнікоў.

 Потым ён выпусціў у неба блакітны шар, потым — жоўты, потым — белы. Яны ўзнімаліся высока ў неба і пасля губляліся з вачэй. Маленькі цемнаскуры хлопчык доўга разглядаў чорны надзіманы шар, потым спытаў:

— Дзядзя, калі вы адпусціце ў неба чорны шарык, ён узляціць таксама высока?

Прадавец шароў з разуменнем усміхнуўся. Ён адрэзаў нітку, якая трымала чорны шар — і той узляцеў у неба.

— Справа не ў колеры, сын мой. Шар узнімае тое, што знаходзіцца ў яго ўнутры.

Алена БЛІЗНЕЦ,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 32 Гомеля.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.