Сцяжынка да роднай мовы

- 18:57Выхаванне, Дадатковая адукацыя

Літаратуру і тэатр немагчыма ўспрымаць паасобку. Менавіта такой думкі прытрымліваецца Іна Мікалаеўна Краўчанка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры і кіраўнік тэатральнага калектыву сярэдняй школы № 33 Віцебска імя І.Д.Чарняхоўскага. Згодны з гэтым і яе навучэнцы­акцёры.

З тэатрам са школы — у школу

Выбар паміж словам, напісаным і агучаным са сцэны, стаяў перад Інай Мікалаеўнай заўсёды. З дзяцінства яна не толькі захаплялася літаратурнай творчасцю, але і сама іграла на сцэне, была задзейнічана ва ўсіх школьных тэатральных пастаноўках, чытала вершы, пісала сцэнарыі да розных мерапрыемстваў. І калі прыйшла настаўнічаць у школу, 11 гадоў выспявала яе мара заснаваць там школьны тэатр. Мара ажыццявілася ў 2007 годзе, калі настаўніца стала кіраўніком школьнага тэатральнага гуртка “Сцяжынка”. Па гэтай сцяжынцы Іна Мікалаеўна вывела на сцэну мноства юных акцёраў.

І.М.Краўчанка: “Для мяне важна, што дзеці на сцэне вучацца свабодна гаварыць па-беларуску, трымацца на публіцы, лагічна думаць і разважаць”.

Галоўныя крытэрыі, па якіх трапляе сюды дзіця, — жаданне іграць на сцэне і любоў да роднай мовы і літаратуры. Пастаноўкі тут ставяцца выключна на беларускай мове. 

Без комплексаў

Не менш важныя і псіхалагічныя складнікі. Часта навічкам уласцівы скаванасць, эмацыянальная няспеласць, таму педагогу даводзіцца прыкладваць шмат намаганняў, каб навучыць дзіця шчыра гаварыць, свабодна трымацца на сцэне. На яе занятках дзеці вучацца пераадольваць трывогу, няўпэўненасць у сабе, заніжаную самаацэнку.

“Я не стаўлю сваёй задачай ператварыць дзяцей у акцёраў. Для мяне важна, што дзеці, набываючы сцэнічныя навыкі, вучацца свабодна гаварыць па-беларуску, трымацца на публіцы, лагічна думаць і разважаць. Я стараюся выхаваць гарманічную асобу, якая ўмее творча жыць, ведае этыку паводзін, умее адрозніваць дабро ад зла”, — гаворыць Іна Мікалаеўна.

Заняткі ў гуртку пачынаюцца з тэарэтычнага курса, які ўключае ў сябе гутаркі пра тэатральнае мастацтва са старажытных часоў да сучаснасці, знаёмства з майстрамі тэатральнай сцэны, папаўненне слоўнікавага запасу тэатральнымі тэрмінамі і, вядома, наведванне спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Практыка пачынаецца з вучэбных заняткаў па авалоданні элементамі сцэнічнага майстэрства падчас вучэбных гульняў і практыкаванняў. Вельмі многа юныя акцёры працуюць над словам. 

“Асабліва шмат працуем над арфаэпіяй: на сцэне ідзе грунтоўная работа над тэкстам, над вымаўленнем, бо дзецям важна яго ўдасканальваць. Толькі пасля гэтага выбіраем п’есу”, — гаворыць Іна Мікалаеўна.

Выбар п’есы — справа калектыўная. Кіраўнік бярэ на сябе толькі ролю дарадчыка, які дапамагае ацаніць перавагу канкрэтнага драматычнага твора: “Нам падабаецца доўгі падрыхтоўчы працэс. Мы прыдумваем, спрачаемся, шукаем. Дзеці разумеюць, што праца акцёра складаная і карпатлівая. У тэатральнай дзейнасці даводзіцца прымаць ролю іншага чалавека, дзейнічаць ад яго асобы, што дазваляе падлетку спазнаваць і сябе, і іншага”.

Школьныя акцёры паставілі шмат спектакляў. Іх лепшыя работы — “Жабкі і Чарапашка” па п’есе С.Кавалёва, “Прыгоды трох парасят” па п’есе Н.Мацяш, “Сінявочка” па матывах казкі А.Дударава, “Купалле” па п’есе М.Чарота і інш.

Каб пастаноўкі былі яркімі, прыносілі задавальненне не толькі акцёрам, але і гледачам, над стварэннем спектакля працуе ледзь не ўвесь школьны калектыў. Далучаюцца да творчай талакі і кіраўнікі музычных аб’яднанняў па інтарэсах — дапамагаюць падабраць музыку, фанаграмы, паставіць харэаграфічныя нумары. Не застаюцца ўбаку і бацькі гурткоўцаў, якія становяцца часткай вялікага калектыву. Яны дапамагаюць ствараць дэкарацыі, шыць касцюмы, рабіць прычоскі і грым, падбіраюць аксесуары да касцюмаў.

Сучасны рэпертуар

За 15 тэатральных школьных сезонаў пастаянна мяняецца падыход да выбару рэпертуару. Некалі, калі артысты толькі пачыналі кар’еру, ставілі на сцэне ў асноўным праграмныя творы. Цяпер жа ў тэатральным калектыве ў большасці — старшакласнікі, і яны, у адрозненне ад малодшых, аддаюць перавагу якраз сучасным рэчам. Таму класіку пакідаюць для ўрокаў, а па-за імі падбіраюць нешта адмысловае. 

Максім Клімчук, школьны акцёр: “Мой любімы жанр — камедыя. Яна робіць чалавека больш пазітыўным, дружалюбным. Гэта магчымасць праз жарт данесці да гледача любую, нават сур’ёзную, праблему”.

“Для навучэнцаў 6—7 класаў у нас адной з самых удалай была п’еса Ігара Сідарука “Кветкі пад ліўнем”. Мы яе ігралі не толькі ў школе, на раённым метадычным аб’яднанні, з ёй мы прымалі ўдзел у раённым конкурсе тэатральных калектываў “Школьны тэатр”. Хоць юны ўзрост нашых удзельнікаў не дазваляў, згодна з правіламі, прыняць удзел у гарадскім конкурсе тэатральных калектываў “Жывая класіка”, журы запрасіла нас выступіць у якасці гасцей — на малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Вам не перадаць эмоцый дзяцей, якія там выступалі!

Са старэйшымі нядаўна паставілі п’есу “Страказа і мурашык, або Заблытаныя сцежкі” Васіля Ткачова. Гэтая п’еса нестандартная, сучасная. Яе вельмі цёпла ўспрынялі і настаўнікі, і дзеці. Гэтая п’еса вучыць любіць Радзіму, бо ў ёй узнімаецца тэма пошуку маладымі людзьмі дабрабыту за мяжой — ім падаецца, што іх там чакаюць з радасцю і да іх ног кідаюць багацці. Але героі вучаць, што і ў родным краі знойдзеш тое, чаго шукаеш, калі будзеш актыўны і будзеш упарта ісці да мэты. Гераіня Страказа толькі і марыла пра Парыж, пра яго залатыя горы, але, аказаўшыся там і сутыкнуўшыся са шматлікімі цяжкасцямі, вярнулася дадому, каб знайсці сябе на роднай зямлі.

Цяпер гурткоўцы захацелі ўзняць ваенную тэматыку. Для сучасных дзяцей яна таксама цікавая. Мы паставілі літаратурна-музычную кампазіцыю “Сямнаццатай вясной” па творах беларускіх сучасных пісьменнікаў. 

У сувязі з тым, што апошнім часам праблематычна сабрацца ў зале з-за пандэміі, мы сталі здымаць відэаролікі на розныя актуальныя тэмы. Нядаўна скончылі “Франтавыя пісьмы” — дзеці сыгралі ролі і салдат, якія пішуць лісты з фронту Вялікай Айчыннай вайны, і жонак, дзяцей, сяброў, якія іх атрымалі і чытаюць. Гэта іншы фармат акцёрскіх пастановак, але ён таксама падабаецца дзецям.

Калі ёсць прапановы, я заўсёды на іх адгукаюся, — бо падабраць п’есу трэба не проста тэматычна, а пад маіх дзяцей. Я чытаю п’есу і прымяраю кожную ролю на сваіх акцёраў. Падбіраю пад характар кожнага дзіцяці самую ўдалую і ролю, і п’есу ў цэлым”, — расказвае І.М.Краўчанка.

Школьныя артысты — удзельнікі розных конкурсаў і фестываляў, у тым ліку раённага фестывалю тэатральных калектываў “Школьны тэатр”, конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка”. Яны жаданыя госці на педагагічных саветах, метадычных аб’яднаннях настаўнікаў. Але больш за ўсё любяць выступаць перад навучэнцамі сваёй жа школы, якія ад усёй душы радуюцца іх творчым поспехам.

Сярод самых таленавітых школьных акцёраў — 15-гадовы Максім Клімчук. У яго акцёрскія таленты, як кажуць, у генах. Яго бацька Міхаіл Віктаравіч Клімчук — прафесійны акцёр і рэжысёр-пастаноўшчык, а дзядуля Віктар Ігнатавіч Клімчук — рэжысёр і мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька”. Першым спектаклем, які ён паглядзеў і запомніў, быў “Калабок”. Яму тады было гады чатыры. З таго часу Максім у тэатры бывае часта, але на сцэне сябе спрабуе толькі трэці год — у Іны Мікалаеўны.

“Адчуванні падчас спектакля з глядзельнай залы і са сцэны кардынальна розныя. Як глядач ты ўспрымаеш убачанае, а калі сам іграеш на сцэне — ужываешся ў ролю і становішся зусім іншым чалавекам, свет успрымаеш ужо іншымі вачыма”, — гаворыць Максім.

Хлопец падумвае пра кар’еру прафесійнага акцёра: “Я люблю тэатр, беларускую літаратуру і мастацтва. Я шмат увагі ўдзяляю вывучэнню роднай мовы — мне яна падабаецца ў звычайных зносінах, а са сцэны яна гучыць яшчэ каларытней. Напрыклад, у дзяцінстве са сваёй бабуляй Нінай я размаўляў выключна па-беларуску. Цяпер жа наталяю смагу да беларускамоўных зносін у нашым аб’яднанні — і з Інай Мікалаеўнай, і з сябрамі”.  

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва школы.