Студэнцкае меню, якое падабаецца не толькі студэнтам

Сталовыя і кафэ Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (ва ўсялякім разе, некаторыя з іх) знаходзяцца зусім побач з рэдакцыяй “Настаўніцкай газеты”. Як і за які кошт харчуюцца студэнты гэтага ўніверсітэта, многія нашы супрацоўнікі ведаюць даўно: смачна і танна. І таму арыентаванне ўсіх іншых студэнцкіх сталовых на цэнаўтварэнне і якасць менавіта ў гэтых пунктах харчавання нас не здзівіла — арыенцір годны.

Абедзенны перапынак

Так, днямі зайшлі разам з фотакарэспандэнтам “НГ” у сталовую спартыўна-аздараўленчага комплексу “Палітэхнік” БНТУ. Сталовая невялікая, у разгар буднага дня жадаючых паабедаць тут многа.

— Я часта сюды прыходжу, — гаворыць студэнт машынабудаўнічага факультэта Павел, які стаіць у чарзе перад намі. — На нашым факультэце сталовай няма, таму харчуюся тут, задаволены і цаной, і якасцю, і асартыментам.

Гэтае меркаванне падтрымлівае загадчык кафедры фізічнай культуры БНТУ Рэгіна Эдуардаўна Зімніцкая, якая расказвае, што не кожны дзень, але час ад часу ў сталовую свайго факультэта заходзіць.

— Мы вельмі чакалі адкрыцця гэтага корпуса, — гаворыць Рэгіна Эдуардаўна, — асабліва спартыўна-тэхнічны факультэт. Тут і спартыўныя залы, і іншыя неабходныя памяшканні. А тое, што тут напрыканцы 2015 года адкрылі сталовую, якой раней не было, стала для нас нечаканасцю. Спачатку былі заклапочаны наконт паху са сталовай. Але зайшлі сюды з калегамі і былі прыемна здзіўлены і цэнамі, і якасцю страў. А яшчэ тут вельмі прафесійны персанал: людзі ветліва ўсміхаюцца, адказваюць на любыя пытанні, ствараюць прыемную атмасферу.

Меню сталовай, заўважу, дазваляе выбраць абед на любы густ і кашалёк. Мой абед з малочнага супу, тварожнай запяканкі і кісялю пацягнуў на 2 рублі 17 капеек. “Зусім нядорага, — мысленна падлічваю я, — у іншых сталовых за сваю любімую запяканку плаціла больш, чым тут за ўсё разам”. Па-мужчынску важкі абед нашага фотакарэспандэнта каштаваў 4 рублі 7 капеек: боршч, мяса, гарнір з агародніны, капусны салат, хлеб, кампот. “Смачна”, — дзелімся ўражаннямі пасля. Загадчыца сталовай Людміла Уладзіміраўна Лойка кажа, што кліентаў хапае ў любы час: сталовая спартыўна-тэхнічнага факультэта працуе з 10 да 19 гадзін, у іншых пунктах харчавання БНТУ свае графікі.

З цікаўнасцю зазіраем у будынак насупраць, дзе размяшчаецца факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі, вывучаем меню. Яно не дакладна такое самае, але падобнае на меню, што мы бачылі ў першай сталовай: і асартымент разнастайны, і цэны на тым жа ўзроўні — шніцаль натуральны са свініны 2 рублі 12 капеек за 75 грам, смажаніна з ялавічыны (75/25 г) — 2 рублі 91 капейка, запяканка з тварагу са смятанай — 1 рубель 62 капейкі і г.д. Людзей тут у абедзенны час таксама многа.

Дарэчы, з размовы з першым прарэктарам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Георгіем Аляксандравічам Вяршынай я ўжо ведаю, што УВА мае 31 пункт харчавання: сталовыя, буфеты, кафэ і інш., якія абслугоўваюць каля 8 тысяч чалавек у дзень. Плануюць пашырацца: падрыхтаваны памяшканні і набыта неабходнае абсталяванне для адкрыцця буфетаў. У лютым плануецца адкрыць буфеты ў 10-м вучэбным корпусе на Партызанскім праспекце і інтэрнатах на вуліцы Сурганава, восенню — у 7-м вучэбным корпусе на вуліцы Якуба Коласа.

Ахоп харчаваннем студэнтаў складае больш за 70%, хаця, як зразумела з нашага наведвання сталовых, у іх ахвотна прыходзяць і выкладчыкі, і жадаючыя з іншых арганізацый, якія размешчаны паблізу. Заўважу, што ў самім БНТУ толькі студэнтаў дзённай і завочнай форм навучання 23 тысячы.

Сакрэты цаны і якасці

Кошт абеду ў сталовых універсітэта ў сярэднім складае ад 1 рубля 75 капеек да 5 рублёў. Пры гэтым якасць страў, як мы пераканаліся самі, не псуецца. У чым сакрэт? Пытаюся пра гэта ў Георгія Аляксандравіча.

— Харчаваннем у нашым універсітэце займаецца асобнае структурнае падраздзяленне — Цэнтр харчавання, створаны яшчэ напрыканцы 90-х гадоў. У ім па штатным раскладзе 217 супрацоўнікаў, што не так многа, а загадвае цэнтрам Ніна Нічыпараўна Лойка, вельмі вопытны супрацоўнік, якая ведае пра арганізацыю харчавання ўсё. Важна, што цэнтр працуе на ўмовах гаспадарчага разліку, бюджэтных датацый няма і не будзе.

Прыкладна трэцяя частка наведвальнікаў сталовых і іншых пунктаў УВА, як лічыць мой суразмоўнік, гэта не студэнты і не супрацоўнікі БНТУ. І можна было б атрымліваць вялікі прыбытак: для сваіх зрабіць адзін кошт на стравы, для гасцей — іншы, павышаны. Але ўніверсітэт не ідзе на гэта. Рэнтабельнасць сталовых, такім чынам, невысокая, але яна ёсць, цэны пры гэтым радуюць.

— Першае, што ўплывае на цэны, — гэта тое, што мы сыравіну набываем у вытворцаў. Толькі напрамую і без пасрэднікаў, — тлумачыць Георгій Аляксандравіч. — Сярод больш чым 100 нашых пастаўшчыкоў — агракамбінат “Ждановічы”, гармалзавод № 1, Мінскі камбінат хлебапрадуктаў, Нясвіжская гатункавыпрабавальная станцыя і нават Мінскі маторны завод, у якога ёсць падсобная гаспадарка.

Другі шлях эканоміі сродкаў, які называе Георгій Аляксандравіч, — кампактнае размяшчэнне пунктаў харчавання, што да мінімуму зніжае транспартныя выдаткі: адзін вадзіцель абслугоўвае іх усе. Ды і большасць пастаўшчыкоў знаходзяцца або ў Мінску, або недалёка ад яго. Дапамагае і работа студэнтаў, якія ўзімку, напрыклад, расчышчаюць снег перад будынкамі, у тым ліку тымі, дзе знаходзяцца сталовыя. Так скарачаюцца пэўныя накладныя расходы.

— Што да якасці страў, то, па-першае, кожны год летам мы закрываем усе нашы пункты харчавання, каб адрамантаваць, — працягвае Георгій Аляксандравіч. — Для таго, зразумела, каб выканаць усе санітарныя нормы. Да 1 верасня ў нас усё вымыта, пабелена, абсталяванне праверана і г.д. Па-другое — гэта наша ўласная сертыфікаваная лабараторыя з неабходным дыягнастычным абсталяваннем для выпрабаванняў сыравіны, паўфабрыкатаў і гатовай прадукцыі па арганалептычных, фізіка-хімічных паказчыках якасці. Лабараторны кантроль праводзіць і гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, а ў самім універсітэце створана грамадская камісія па кантролі за якасцю харчавання.

Між іншым спрыяе строгаму кантролю і тое, што ў сталовай № 2 БНТУ абслугоўваюцца больш за 400 курсантаў ваенна-тэхнічнага факультэта. А ў ваенных — кантроль асаблівы, праверкі якасці харчавання праводзяцца сістэматычна з боку харчовага ўпраўлення Міністэрства абароны і 23-га санітарна-эпідэміялагічнага цэнтра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь сумесна з Цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі Савецкага раёна Мінска. Атрымліваецца двайны і вельмі эфектыўны кантроль. Хаця, можна сказаць і трайны, бо студэнцкая прафсаюзная арганізацыя, дакладней, яе спецыяльная камісія, у рэжыме рэальнага часу маніторыць сацыяльныя сеткі на прадмет водгукаў аб харчаванні ў студэнцкіх сталовых.

Наступны пункт, які спрыяе якасці харчавання і абслугоўвання наведвальнікаў, — сістэма масавага меню, заведзеная ў БНТУ яшчэ ў савецкія часы. Сістэма гэтая даўно даказала сваю эфектыўнасць, таму жыве і зараз. Папросту кажучы, меню сталовых і кафэ прапаноўваюць адразу шмат страў па кожнай пазіцыі: салаты ад самых простых да складаных, а таму больш дарагіх, тое ж і па іншых стравах. Можна ўзяць самы танны абед, а можна выбіраць з больш дарагіх прапаноў.

І, зразумела, для масавага гатавання якасных страў неабходна добрае абсталяванне. Яно тут ёсць, і з яго закупкай Цэнтру харчавання ўсё ж дапамагае ўніверсітэт, выкарыстоўваючы частку сродкаў, якія зарабляе сам. Сучаснае абсталяванне зручнае ў рабоце, для яго абслугоўвання не трэба шмат работнікаў, а гэта зноў эканомія.

Таксама для зручнасці студэнцкія сталовыя і кафэ маюць розныя графікі работы: з самай ёсць такія, што адкрываюцца з самай раніцы, і тыя, што працуюць да 8 вечара — з улікам раскладу заняткаў. Таксама плюс да якасці абслугоўвання.

І наведвальнікі, трэба сказаць, высока ацэньваюць усе гэтыя намаганні. Так, маніторынг, які ў маі 2017 года правяла пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў сярод 647 навучэнцаў з 15 факультэтаў, паказаў, што якасць страў добра ацанілі 92,3% апытаных (выдатна, добра — 290 чалавек, здавальняюча — 307). На пытанне аб тым, ці заўсёды ў пунктах харчавання БНТУ свежыя прадукты і стравы, станоўча адказалі 86% рэспандэнтаў, 8% заўважылі, што не звярталі на гэта ўвагі. Якасць абслугоўвання станоўча ацанілі 87% апытаных (выдатна, добра — 249 чалавек, здавальняюча — 312).

Дарэчы, па выніках апытанняў у апошнія 3 гады (амаль 3 тысячы чалавек кожны раз) задаволенасць студэнтаў арганізацыяй харчавання расце. Так, у 2014/2015 навучальным годзе ёй былі задаволены 89,4% апытаных, у 2015/2016 — 90,2%, у мінулым — 90,9% рэспандэнтаў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.