Студэнты — будучыня краіны

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў будучым годзе мае намер удзяліць асаблівую ўвагу сустрэчам са студэнцкімі калектывамі. Аб гэтым ён заявіў, узгадняючы назначэнне новых кіраўнікоў ВНУ.

7 снежня кіраўнік дзяржавы даў згоду на назначэнне: Аліны Анатольеўны Корбут рэктарам установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, Ірыны Фёдараўны Кітурка рэктарам установы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”, Міхаіла Уладзіміравіча Мірончыка дырэктарам Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў асаблівую значнасць універсітэцкай адукацыі, якая рыхтуе кадры і фактычна фарміруе будучыню краіны па розных напрамках. “Калі шчыра — тут і адміністрацыя не спрацавала, і я быў перагружаны — я апошнім часам мала сустракаюся са студэнцкімі калектывамі. Упэўнены, што ў будучым годзе пройдзе шэраг гэтых сустрэч, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Сапраўды, гэта наша будучыня. Яны заўтра будуць кіраваць у грамадстве і вызначаць вектар развіцця”.

Прэзідэнт хоча акцэнтаваць увагу менавіта на тых пытаннях, якія важныя для сучаснай моладзі, студэнцтва не толькі цяпер, але і на перспектыву.

“Мы ж з вамі помнім, з якімі праблемамі сутыкаліся мы, выходзячы за дзверы ВНУ з дыпломам у руках. Таму гэта для мяне вельмі важна, каб я мог звярнуць на гэта ўвагу ў выступленнях, адрэагаваць і прымаць нейкія рашэнні”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.