У Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце цяпер дзейнічае кол-цэнтр для ўзаемадзеяння з кантактамі першага ўзроўню і ранняга выяўлення пацыентаў з COVID-19.
Прэс-сакратар УВА Алена Смірнова расказала, што больш як дзясятак студэнтаў шостага курса штодзень звязваюцца па тэлефоне з кантактамі першага ўзроўню па COVID-19. Валанцёры збіраюць даныя пра стан іх здароўя. Гэтая інфармацыя аператыўна перадаецца ў гарадскія паліклінікі. Чакаецца, што такая практыка дазволіць палепшыць узаемадзеянне з кантактамі першага ўзроўню і зрабіць больш эфектыўным ранняе выяўленне хворых на каранавірус.
На шостым курсе выкладаецца дысцыпліна “Прафесійныя камунікацыі ў ахове здароўя”, дзе студэнты вывучаюць асаблівасці зносін з пацыентамі з рознымі формамі захворванняў. Ва ўстанове расказалі, што гутарка з пацыентам па тэлефоне мае асаблівы характар — дыстанцыйныя зносіны адрозніваюцца ад гутаркі пры асабістай сустрэчы. Таму перад пачаткам работы кол-цэнтра старшакурснікі прайшлі дадатковую падрыхтоўку. На семінары па асаблівасцях тэлефоннага кансультавання былі змадэляваны магчымыя сітуацыі пры гутарцы з пацыентамі. Студэнты адпрацоўвалі патрэбныя алгарытмы, каб пацыент атрымліваў даступную медыцынскую інфармацыю, а таксама маральную падтрымку.
Па словах каардынатара кол-цэнтра Гомельскага медуніверсітэта Наталлі Бакалец, цяпер яны супрацоўнічаюць з усімі паліклінікамі абласнога цэнтра. На кожнага пацыента запаўняецца чэк-ліст. Інфармацыю перадаюць у паліклініку.
Больш як 40 студэнтаў пятага-шостага курсаў ГДМУ працуюць у паліклініках абласнога цэнтра: у чатырох дзіцячых і пяці дарослых. Будучыя ўрачы аказваюць дапамогу людзям у кантактных групах, у кабінетах даўрачэбнай дапамогі для хворых з высокай тэмпературай, займаюцца рэабілітацыяй хворых у пяці бальніцах абласнога цэнтра і цэнтральных раённых бальніцах Рэчыцы, Добруша і Веткі.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.