На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці прадстаўлялі 17 навучэнцаў, 11 з іх сталі ўладальнікамі дыпломаў. Чатыры школьнікі будуць абараняць гонар вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Аб арганізацыі работы ў раёне з адоранымі навучэнцамі, ажыццяўленні профільнага навучання сёння мы гутарым з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Бярозаўскага райвыканкама Таццянай Пятроўнай БРЭНЬКА.
— Таццяна Пятроўна, якія напрамкі работы для педагогаў Бярозаўшчыны з’яўляюцца ў сёлетнім навучальным годзе прыярытэтнымі? Якія цікавыя праекты рэалізоўваюцца?
— Сёлета найбольш значнымі напрамкамі работы з’яўляюцца аднаўленне профільнага навучання, далучэнне педагогаў да праектнай дзейнасці, работа з адоранымі дзецьмі, пошукі новых форм працоўнай занятасці школьнікаў у летні і канікулярны перыяд, развіццё спорту і турызму. Нашы педагогі і навучэнцы ўключаны ў рэалізацыю цікавых праектаў. Так, у верасні — лістападзе быў рэалізаваны праект “Спорт і я” па прыцягненні замежнай бязвыплатнай дапамогі. Дзякуючы праекту, навучэнцы сярэдняй школы № 3 Белаазёрска маюць магчымасць займацца баскетболам на сучасна абсталяванай пляцоўцы.
Новым напрамкам праектнай дзейнасці для нашага рэгіёна сталі першыя спробы стварэння рэгіянальнай сістэмы па фарміраванні фінансавай граматнасці навучэнцаў і ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. У лютым пачынаецца рэалізацыя праекта “Стварэнне рэсурснага цэнтра фінансавай граматнасці насельніцтва” (ЕС/ПРААН) на базе ЦДАДіМ Бярозы. Міжнародная тэхнічная дапамога складзе 8720 долараў ЗША. Гэты напрамак актыўна падтрымліваецца кіраўніцтвам банкаўскіх структур на ўзроўні раёна. Пры іх удзеле праводзіцца інфармацыйна-тлумачальная работа сярод адміністрацыі ўстаноў адукацыі і педагогаў. Для навучэнцаў прайшла алімпіяда па фінансавай граматнасці, інтэрактыўная гульня на мясцовасці “Фінансавае арыентаванне”.
Здзітаўская сярэдняя школа з’яўляецца сузаснавальнікам асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”. Школа як рэспубліканскі рэсурсны цэнтр комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця актыўна ўключылася ў рэалізацыю сацыяльна значных праектаў на тэрыторыі раёна. З 2008 года рэалізавана сем праектаў, сярод якіх — стварэнне эколага-этнаграфічнага музея “Здзітаўскі фальварак”, праект па энергазберажэнні “Энергаэфектыўнасць: вырашаем праблемы разам”, “Здзітава — радзіма мілая”, у выніку якога апублікаваны інфармацыйна-краязнаўчы зборнік.
— Асаблівая ўвага ў раёне ўдзяляецца алімпіяднаму руху. Якая сістэма склалася па рабоце з адоранымі дзецьмі?
— Сапраўды, на працягу шэрага гадоў у нас выбудавалася пэўная сістэма работы з адоранымі дзецьмі. Выяўленне і развіццё адоранасці пачынаецца з дашкольнай установы, дзе фарміруецца першасная база даных аб дасягненнях дзяцей. У раённым банку даных налічваецца 510 навучэнцаў. Самая вялікая колькасць школьнікаў ахоплена ўдзелам у малых прадметных алімпіядах, конкурсе даследчых работ, інтэлектуальным марафоне (пачынаючы з пачатковага звяна).
Для падрыхтоўкі дзяцей да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе ў раёне на базе гімназіі Белаазёрска створаны і працуе рэсурсны цэнтр, наладжана цеснае ўзаемадзеянне з Брэсцкім абласным ліцэем імя П.М.Машэрава. З 2015 года мы актыўна супрацоўнічаем з Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам у плане адпрацоўкі практычных навыкаў па хіміі. І такая работа прыносіць плён. Летась 2 навучэнцы сталі прызёрамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды (навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 2 Бярозы Андрэй Кухарэвіч — па гісторыі, дзевяцікласніца сярэдняй школы № 1 Бярозы імя В.Х.Галаўко Наталля Ткачова — па беларускай мове і літаратуры). Штогод высокіх вынікаў дасягаюць навучэнцы гімназіі і сярэдняй школы № 3 Белаазёрска, сярэдніх школ № 1 і № 2 Бярозы; сярод сельскіх школ лідзіруе Малецкі яслі-сад — сярэдняя школа. Па выніках рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі работа навучэнкі Стрыгінскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам настаўніка-метадыста па геаграфіі Ірыны Уладзіміраўны Пабожнай адзначана дыпломам ІІІ ступені.
— Бягучы навучальны год адметны арганізацыяй на старшай ступені профільных класаў. Як працуюць такія класы ў вас у раёне? Ці былі цяжкасці з іх адкрыццём?
— З 1 верасня ў раёне адкрыты 12 профільных класаў на базе 10 устаноў адукацыі з ахопам 165 навучэнцаў. Самым запатрабаваным прадметам стала “Матэматыка”, яе выбралі навучэнцы дзевяці класаў. Другой па папулярнасці стала беларуская мова (пяць класаў), на трэцім месцы — адразу тры вучэбныя прадметы: “Руская мова”, “Англійская мова” і “Хімія” (па тры класы).
Разам з тым пры арганізацыі профільнага навучання мы сутыкнуліся з шэрагам цяжкасцей. Па-першае, некаторыя выпускнікі базавай школы пры выбары профілю не вызначыліся з выбарам далейшага прафесійнага шляху. Па-другое, нязгода некаторых бацькоў з крытэрыямі адбору ў профільны клас (навучэнцу неабходна мець сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі не ніжэй за 6 балаў і адзнакі не ніжэй за 7 балаў па профільных вучэбных прадметах). Па-трэцяе, нізкая матывацыя навучэнцаў на атрыманне педагагічнай прафесіі. У 2014/2015 навучальным годзе не ўдалося сфарміраваць педагагічныя класы. Па выніках анкетавання навучэнцаў у 4 класе каля 30% мараць стаць настаўнікамі, сярод старшакласнікаў 9—11 класаў хочуць выбраць прафесію педагога толькі 5% выпускнікоў.
Адзначу, што разам з адкрыццём профільных класаў навучэнцам, якія не вызначыліся з профілем, была прадастаўлена магчымасць вывучэння ўсіх вучэбных прадметаў на базавым узроўні.
Значная ўвага ў раёне ўдзяляецца патрыятычнаму і прававому выхаванню падрастаючага пакалення. На працягу 10 гадоў у сярэдняй школе № 1 Бярозы імя В.Х.Галаўко дзейнічаюць кадэцкія класы. Гэты напрамак развіваецца пры актыўнай падтрымцы Бярозаўскага раённага ваеннага камісарыята і Бярозаўскага ваеннага гарнізона. У жніўні 2014 года заключана дамоўленасць з Акадэміяй МУС, раённым аддзелам унутраных спраў аб адкрыцці класаў прававой накіраванасці. Зараз такіх класаў 7, у іх вучыцца 166 школьнікаў.
Думаю, што ўвядзенне профільнага навучання дазволіць павысіць якасць навучання, дасць большую ўпэўненасць навучэнцам і іх бацькам у вызначэнні далейшага жыццёвага шляху. У сувязі з гэтым адной з задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі, з’яўляецца стварэнне аптымальнай кіруемай рэгіянальнай мадэлі профільнага навучання з улікам кадравых, матэрыяльна-тэхнічных і вучэбна-метадычных рэсурсаў.
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.