Стварыць казачны настрой

- 12:05Нашы дзеці

Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” абавязвае дарослых дарыць дзецям святочны настрой, клопат і ўвагу. Такое меркаванне выказаў міністр працы і сацыяльнай абароны Валерый Малашка ў ходзе акцыі ў Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў (РРЦДІ) у Мінску.

“У гэтыя пераднавагоднія дні хацелася б пажадаць, каб усе дзеці былі здаровыя, шчаслівыя, мелі паўнацэнную сям’ю”, — падкрэсліў міністр. Ён выказаў словы ўдзячнасці калектыву РРЦДІ — выхавальнікі, урачы, педагогі робяць усё для таго, каб у дзяцей было шчаслівае дзяцінства і станоўчая дынаміка ў стане здароўя.

Валерый Малашка адзначыў, што з моманту нараджэння дзіця, якое мае праблемы са здароўем, і яго сям’я атрымліваюць падтрымку дзяржавы: гэта і дзіцячыя дапамогі, і рэабілітацыйныя мерапрыемствы, і дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога, і сацыяльныя паслугі, і забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. У населеных пунктах, асабліва буйных, ствараецца безбар’ернае асяроддзе. З большым разуменнем, чым раней, ставіцца да праблематыкі інваліднасці і беларускае грамадства. “Дзякуючы гэтай шматаспектнай падтрымцы колькасць дзяцей з інваліднасцю, ад якіх адмовіліся бацькі, за апошнія гады значна зменшылася”, — канстатаваў кіраўнік міністэрства. Дарэчы, цяпер у рэспубліцы сетка дзяржаўных устаноў стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання ўключае 10 дзіцячых дамоў-інтэрнатаў для 1,7 тысячы дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў.

У РРЦДІ адбыўся навагодні паказ для дзяцей, якія праходзяць тут курс рэабілітацыі, і іх бацькоў. Безумоўна, не абышлося без навагодніх падарункаў: ад Мінпрацы і сацабароны — наборы салодкіх прысмакаў і настольныя гульні, ад Міністэрства абароны — музычная апаратура, ад ААТ “Банк Масква—Мінск” — 120 камплектаў цукерак. Старшыня праўлення банка Ігар Ліхагруд пажадаў дзецям моцнага здароўя і здзяйснення жаданняў. “Трэба верыць у лепшае, а дарослыя паклапоцяцца аб тым, каб усё ў вас было добра”, — сказаў ён, звяртаючыся да дзяцей.

Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў уваходзіць у сістэму Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, пабудаваны па прэзідэнцкай праграме “Дзеці Беларусі” (яго афіцыйнае адкрыццё адбылося ў лістападзе 2000 года). Цэнтр спраектаваны па аналагах еўрапейскіх рэабілітацыйных устаноў. У ім праводзіцца рэабілітацыя па індывідуальных праграмах дзяцей-інвалідаў ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў з захворваннямі нервовай і касцёва-мышачнай сістэмы, вынікам якіх з’яўляецца парушэнне функцый апорна-рухальнага апарату.

У мінулым годзе ў РРЦДІ адкрылася першая ў Беларусі безбар’ерная гульнявая пляцоўка для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі (горка, рукаход, трап, мегафон, штурвал, мелавая дошка, крывое люстэрка і зона адпачынку). Большасць гульнявых элементаў спраектавана з улікам асаблівасцей дзяцей-інвалідаў і выраблена з мяккіх матэрыялаў, натуральнага дрэва. Для забеспячэння камфортнага доступу да гульнявой пляцоўкі прылеглая тэрыторыя аснашчана пад’язнымі шляхамі.

На ўліку ў РРЦДІ знаходзяцца 2,4 тысячы дзяцей-інвалідаў. Усяго за час работы цэнтра курс рэабілітацыі прайшлі больш за 15 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку за дзевяць месяцаў гэтага года — каля 1 тысячы дзяцей-інвалідаў з усіх рэгіёнаў краіны.