Сучасна, эфектыўна, вынікова

- 11:20Адукацыйная прастора

Дзявяты рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства стаў чаканым і традыцыйна маштабным. За пару тыдняў да старту настаўнікі актыўна посцілі ў сацыяльных сетках свае чаканні і ўспаміналі мінулы год. Пазітыў, творчасць, натхненне чакалі ўсіх удзельнікаў і гэтым разам. Сёлетні фестываль быў прысвечаны педагагічным тэхналогіям і праходзіў пад дэвізам “Педагагічныя тэхналогіі — сучасна, эфектыўна, вынікова”.

У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі паклапаціліся не толькі пра атмасферу свята, але і пра ўмовы для канструктыўнай працы. У рамках фестывалю было праведзена 100 мерапрыемстваў. Сваім вопытам падзяліліся  130 педагагічных работнікаў краіны. На фэст былі зарэгістраваны каля 400 педагогаў з усіх рэгіёнаў краіны. Традыцыйна калядны фестываль праводзіўся пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Беларускага педагагічнага таварыства. Ідэйным і змястоўным напаўненнем займаліся метадысты Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Для ўдзелу ў фестывалі былі запрошаны педагогі-псіхолагі, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, замежных моў, матэматыкі, інфарматыкі, фізікі, біялогіі, хіміі, геаграфіі, гісторыі, музыкі, выяўленчага мастацтва, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры, а таксама настаўнікі пачатковых класаў і выхавальнікі дашкольных устаноў. Падчас адкрыцця фестывалю намеснік мініст­ра адукацыі Аляксандр Кадлубай адзначыў, што майстэрства настаўніка — не выпадковая ўдача, не шчаслівая знаходка, а сістэматычны, карпатлівы пошук і праца, будзённая, напоўненая роздумамі.

“Для таго каб стаць прафесіяналам-майстрам, педагогам неабходна пастаянна вучыцца, у тым ліку і адно ў аднаго. Лепшым натхняльнікам для гэтага павінен ста ць узаемаабмен прафесійным вопытам, узаеманавучанне, узаемаўдасканаленне адукацыйнай дзейнасці на прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Адным са сродкаў узаеманавучання з’яўляюцца фестывалі педагагічнага майстэрства, якія маюць сваю гісторыю і традыцыі.

Калядны фестываль зарэкамендаваў сябе як пляцоўка для дэманстрацыі педагагічнага майстэрства настаўнікаў, распаўсюджвання эфектыўнай практыкі выкладання вучэбных прадметаў. Прыемна адзначыць, што значную ролю ў станаўленні гэтай сістэмы адыгрываюць лепшыя педагогі краіны, прызнаныя майстры сваёй справы — члены Рэспубліканскага клуба “Крыштальны  журавель”, прадстаўнікі асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”, — адзначыў намеснік міністра.

Рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэй Манастырны заўважыў: “Мы ганарымся не толькі значнасцю каляднага фестывалю для росту педагагічнага майстэрства, але і той непаўторнай атмасферай прафесійнага яднання і радасці ад педагагічнай творчасці, якая пастаянна на ім прысутнічае. Мы ганарымся тым, што фестываль нязменна, ужо 9-ы год, становіцца пляцоўкай для абмену вопытам і меркаваннямі пра актуальныя праблемы ў адукацыі”.

На працягу двух дзён у 14 секцыях мадэратарамі выступалі лепшыя педагогі краіны. Гэта члены асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”, члены клуба “Крыштальны журавель” і іншыя перадавыя настаўнікі. Прысутныя на фестывалі сталі не толькі актыўнымі ўдзельнікамі яго мерапрыемстваў, але і з ахвотай прэзентавалі ўласныя метадычныя напрацоўкі.


Майстар-клас “Перавяр­нуць, каб спазнаць”: перавернутае навучанне на ўроках матэматыкі” правяла настаўніца матэматыкі гімназіі Іванава Брэсцкай вобласці Таццяна Мікалаеўна Лось. Педагог  спачатку патлумачыла, чаму звярнулася да перавернутага ўрока, і асноўнымі матывамі сталі: пасіўнасць навучэнцаў, карэкціроўка ўласнай педагагічнай дзейнасці, наяўнасць тэхналогій і сродкаў ІКТ, якімі неабходна карыстацца,  неэфектыў­насць зубрэння, а таксама неабход­насць даць вучням якасці і ўменні ХХІ стагоддзя. Да апошніх настаўніца адносіць творчы падыход і наватарства; крытычнае мысленне і здольнасць выра­шаць праблемы;  камунікабельнасць і супрацоўніцт­ва; інфармацыйную дасведча­насць;  пісьмен­насць у ІКТ; гнуткасць і здоль­насць да адаптацыі; ініцыятыўнасць і самастойнасць; прадукцыйнасць і ўцягнутасць; лідарства і адказнасць. Усё гэта педагогу дапамагае развіваць перавернутае навучанне.

— Як я пераварочваю свае ўрокі? Спачатку даведалася, ці ва ўсіх ёсць электронная пошта (гэта неабходна для падтрымання сувязі). У каляндарна-тэматычным планаванні гляджу тэму новага ўрока. Затым выкарыстоўваю інтэрнэт-рэсурсы, дзе бяру гатовае відэа. Праглядаю відэаўрок, прадумваю пытанні, якія дапамогуць мне праверыць, наколькі ўважліва дзеці глядзелі відэа, ці ўлавілі сутнасць роліка. На электронную пошту дзецям прыходзіць ліст, у якім дадзена спасылка на вучэбнае відэа. Кожны вучэбны ролік абавязкова суправаджаецца заданнем: адказаць на пытанні; скласці памятку; расказаць пра тое, чаго няма ў падручніку.

Каб вучэбны матэрыял, які дзеці атрымалі з відэа, у іх замацаваўся і адклаўся, прапаную ім скарыстацца рэсурсамі сайта http://LearningApps.org. На гэтым сайце змяшчаецца велізарная калекцыя гульняў, віктарын, заданняў па розных прадметах. Заданні па тэме вучні атрымліваюць за тыдзень да ўрока, каб у іх была магчымасць падрыхтавацца. На ўроку ідзе праверка і адпрацоўка вучэбнага матэрыялу.

Напрыклад, тэма ўрока “Уласцівасці ступені з рацыянальным паказчыкам”. Навучэнцам быў прапанаваны відэаролік па тэме, а таксама кароткі даведачны матэрыял сайта “ЯКлас”. Азнаёміўшыся з матэрыялам, неабходна было выканаць тэст на сайце “Відэаўрокі”. У пачатку ўрока я прапанавала сабраць усе формулы, якія характарызуюць асноўныя ўласцівасці, і кожнай формуле знайсці адпаведны прыклад. Паколькі ў класе навучэнцы былі аднаго ўзроўню падрыхтаванасці, то затым была арганізавана работа ў групе.

Увогуле, у залежнасці ад сітуацыі, на ўроку можа быць арганізавана індывідуальная работа з дыягнастычным тэстам, групавая работа навучэнцаў, франтальная работа. Настаўнік можа зрабіць кароткае абагульненне, у якім зверне ўвагу на асноўныя сэн­савыя і самыя важныя моманты тэмы, — па­дзялілася Таццяна Мікалаеўна. У выніку настаўніца ўпэўнілася, што перавернутае навучанне забяспечвае ўцягну­тасць навучэнцаў у вучэбны працэс, фарміруе іх адказнасць за сваё навучанне і робіць яго асэнсаваным. А педагогу перавернутае навучанне дапамагае канструя­ваць вучэбныя сітуацыі, фарміраваць у навучэнцаў адказнасць за навучанне і спрыяе фарміраванню даверлівых адносін паміж вучнямі і настаўнікам.


Інтэрактыўныя заняткі “Формы і метады работы з навучэнцамі гуманітарных класаў” правялі выкладчыкі фізікі Ліцэя БДУ: загадчык кафедры фізікі настаўнік-метадыст Леанід Рыгоравіч Марковіч, Арцём Алегавіч Буры і Настасся Аляксандраўна Крывалап.

Іх рэкамендацыі можна прымяняць у класах з філалагічным, гісторыка-грамадазнаўчым, гуманітарным профілямі. Асноўнымі задачамі пры вывучэнні фізікі гуманітарыямі з’яўляюцца: развіццё ў вучняў лагічнага мыслення (рашэнне якасных задач); умення прымяніць атрыманую інфармацыю на практыцы (рашаць разліковыя практыка-арыентаваныя задачы); аналіз інфармацыі, атрыманай з іншых крыніц (даклады, праекты); фарміраванне светапогляду і міжпрадметных сувязей.

У такіх класах выкладчыкі Ліцэя БДУ прапануюць звяртацца да лекцый, практычных заняткаў (рашэнне задач, абарона праектаў), лабараторных работ. Пры падрыхтоўцы лекцыі акцэнт рабіць на ключавых пытаннях папярэдняй тэмы (але звязаных з новай тэмай); назве тэмы; пастаноўцы мэты; тэорыі (асноўныя паняцці, мінімум формул або поўная іх адсутнасць); дэманстрацыі, практычным прымяненні (абавязкова); замацаванні.

Затым выступоўцы прывялі прыклады розных задач.

Якасныя задачы на 5-6 балаў:

— Чаму на зямлі да гэтага часу не распаліся ўсе радыеактыўныя ядры?

— Чаму для засолкі агуркоў іх трэба трымаць у расоле некалькі дзён, а бульба, апушчаная ў кіпячы суп, прасольваецца за 15-20 мінут?

На 7-8 балаў:

— На малюнку паказана форма паверхні вады ў дзвюх шклянках. Якая са шклянак была старанна вымыта мыйным сродкам?

— Драўляная дошчачка, пакла­дзеная на дно пасудзіны і залітая затым вадой, усплывае, а шкляная пласцінка, залітая ртуццю, не ўсплы­вае. Растлумачце гэтую з’яву.

А вось некалькі якасных задач на 9-10 балаў:

— Чаму на станцыях метрапалітэна не ўзнікае ценяў ад прадметаў?

— Трамвайны вагон асвятляецца пяццю лямпамі, уключанымі паслядоўна. Ці паменшыцца расход электраэнергіі, калі колькасць лямп паменшыць на адну?

Разліковыя практыка-арыентаваныя задачы:

— Блізарукі чалавек чытае без акуляраў, трымаючы кнігу на адлегласці d=15 см ад вачэй. Вызначыце аптычную сілу D кантактных лінз, неабходных яму для чытання. (IV узровень.)

— Намаляваць  схему такога электрычнага ланцуга для асвятлення доўгага калідора, пры выкарыстанні якога чалавек, які захо­дзіць у калідор з любога яго канца, мог бы ўключыць святло, а пры выхадзе праз супрацьлеглы канец — выключыць. (V узровень.)

Далей выкладчыкі Ліцэя БДУ спыніліся на арганізацыі лабараторных работ, якія не прадугле­джваюць ніякіх хібаў і кантрольных пытанняў. Асноўны ўпор на іх трэба рабіць на фарміраванні ўменняў правесці просты эксперымент, прааналізаваць даныя, сфармуляваць высновы, а не перапісаць мэту работы, як гэта часта здараецца. Пасля прывялі прыклады тэм для дакладаў: “Прынцып работы батарэйкі”, “Маланка: тэорыя, небяспека, перспектывы”. І некалькі тэм для праектаў: “Узаемасувязь фізікі і сусветнай класічнай літаратуры”, “Аналіз праектаў вечных рухавікоў у гісторыі”.


Пра некаторыя моманты работы настаўнікаў замежнай мовы расказала метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Галіна Сільветсраўна Хадасевіч:

— Першы майстар-клас “29 спосабаў застацца крэатыўным” праводзіла настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Навагрудка Алена Чал. Напрыклад, прыём пяці пальцаў не патрабуе спецыяльнага абсталявання. Дзіцяці дастаткова ведаць значэнне кожнага пальца і пералічваць іх па чарзе: якія веды, вопыт на ўроку атрымаў; што зрабіў; мае станоўчыя эмоцыі; чым я сабе дапамог, узрадаваўся; што зрабіў для свайго здароўя.

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Мікашэвіч Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці Наталля Літвіновіч арганізавала майстар-клас “Элементы актыўнай ацэнкі на ўроках замежнай мовы як сродак павышэння матывацыі вучняў”. Калядны экспрэс разам з удзельнікамі фестывалю адправіўся ў цікавае віртуальнае падарожжа па інтэрактыўных метадах, а машыністам з’яўлялася настаўніца англійскай мовы Браслаўскай гімназіі Вольга Лукша.

Настаўніца англійскай мовы настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 14 Мазыра Вераніка Арлова і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 14 Наваполацка Вольга Кецко арганізавалі і правялі надпрадметны майстар-клас “Навыкі будучыні і прычым тут Edu Scrum?”. У ходзе майстар-класа ўдзельнікі пазнаёміліся з асаблівасцямі методыкі Edu Scrum і яе структурнымі элементамі, у форме гульні навучыліся ствараць адукацыйныя праекты пры дапамозе методыкі Edu Scrum. У правядзенні майстар-класа актыўны ўдзел прымала галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Наталля Іванова.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.