Сучаснае вырашэнне традыцыйных задач

“Дадатковая адукацыя — для самарэалізацыі асобы і на карысць рэгіёна” — так гучыць місія Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Дзейнасць інстытута сёння арыентавана на забеспячэнне якасці дадатковай адукацыі дарослых, інфармацыйна-аналітычнае, арганізацыйнае, навукова-метадычнае суправаджэнне сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці, на навукова-даследчую, праектную і міжнародную дзейнасць у вышэйназваных кірунках. Гэтыя глабальныя мэты патрабуюць сучасных падыходаў і прымянення інавацыйных тэхналогій, якія б у поўнай меры адпавядалі патрэбам не толькі сістэмы, але і кожнага дарослага ў гродзенскім рэгіёне. У інстытуце іх шукаюць, знаходзяць і выкарыстоўваюць, вялікая роля адводзіцца ў гэтым працэсе сучасным інфармацыйным тэхналогіям.

Настаўнік у “аблоках” і супольнасцях

З 2013 года ў інстытуце праводзяць дыстанцыйныя майстар-класы па ўкраненні воблачных тэхналогій у адукацыйны працэс. Павышэнне кваліфікацыі ў дыстанцыйнай форме праходзіць з 2014 года.
— Інстытут з’яўляецца цэнтрам, які кіруе развіццём інфарматызацыі сістэмы адукацыі, — гаворыць рэктар ГрАІРА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Сяргейка. — У апошні час вельмі актыўна вядзецца ўкараненне дыстанцыйнай формы атрымання адукацыі і стварэнне сеткавых супольнасцей педагогаў. У сувязі з гэтым унесены змяненні ў ліцэнзію на адукацыйную дзейнасць у частцы завочнай формы атрымання адукацыі. Пачалі вучыць настаўнікаў і стварэнню падручнікаў новага пакалення. У мінулым годзе гэта былі падручнікі з дадатковай рэальнасцю, з гэтага года — з QR-кодам на кожную вучэбную адзінку.— Адзначаецца стабільны рост удзельнікаў дыстанцыйнай формы павышэння кваліфікацыі, — дадае начальнік аддзела інфармацыйных тэхналогій і тэхнічных сродкаў навучання Жанна Навуменка. — Так, у 2014 годзе было праведзена чатыры віды такіх адукацыйных праграм, у мінулым — ужо 15. На 2016 год таксама запланавана правядзенне 15 такіх курсаў.
Сеткавыя супольнасці педагогаў — гэта адказ на патрабаванні сучаснага адукацыйнага працэсу, лічаць у Гродзенскім інстытуце развіцця адукацыі. У вобласці пабудавана сістэма сеткавага ўзаемадзеяння паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу па кірунках: педагог — педагог, педагог — вучань — бацькі, аддзел адукацыі — інстытут — упраўленне адукацыі.
Вопыт стварэння сеткавых супольнасцей у мінулым годзе быў прадстаўлены на міжнародным семінары-трэнінгу “Выкарыстанне сэрвісаў Web 2.0 у рабоце кіраўніка ўстановы адукацыі. Стварэнне сеткавых супольнасцей удзельнікаў адукацыйнага працэсу”. Супрацоўнікі інстытута падзяліліся вопытам кіравання працэсамі інфарматызацыі адукацыі Гродзенскай вобласці з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў, на прыкладзе аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна паказалі, як можна выкарыстоўваць воблачныя тэхналогіі ў кіраўніцкай і метадычнай рабоце.
У інстытуце рэгулярна праходзяць семінары-практыкумы, удзельнікі якіх вучацца будаваць мадэль інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі, вывучаюць магчымасці інтэрнэт-сэрвісаў.
За апошнія два гады кіраўнікі і спецыялісты адукацыі атрымалі магчымасць выкарыстання дадатковых віртуальных рэсурсаў, якія адкрылі метадысты ІРА, і змаглі аб’яднацца ў 14 сеткавых супольнасцей па інтарэсах і кірунках прафесійнай дзейнасці праз міні-блогі.
— На ўзроўні Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, упраўлення адукацыі аблвыканкама падтрымліваецца віртуальная інфармацыйная прастора, у якой размешчаны дакументы аператыўнага і стратэгічнага планавання, формы для арганізацыі апытанняў і збору інфармацыі рознага ўзроўню, даведнікі па сістэме адукацыі, матэрыялы метадычнага і кіраўніцкага характару. Работа вядзецца праз сеткавую супольнасць “ГроСС” (Гродзенская сеткавая супольнасць). Супольнасцю вядзецца сумесная работа над дакументамі — справаздачамі, праектамі, стварэннем агульнага дакумента, падрыхтоўка інфармацыі ў рэжыме рэальнага часу, а таксама падрыхтоўка перспектыўных планаў, — расказвае Святлана Сяргейка.
Супольнасць “ДА-дашкольнік” прызвана навучыць карыстанню інтэрнэт-рэсурсамі кіраўнікоў і спецыялістаў сістэмы дашкольнай адукацыі. Адкрыты супольнасці для тых, хто зацікаўлены ў стварэнні інфармацыйна-бібліятэчнага асяроддзя, для настаўнікаў матэматыкі, замежных моў, спецыялістаў сістэмы спецыяльнай адукацыі, а таксама педагогаў, якія займаюцца экалагічным выхаваннем школьнікаў і пытаннямі энергазберажэння. Ажыццяўляецца сеткавае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі, якія вядуць эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць.Ужо ў гэтым годзе ў Мастах арганізавалі семінар-практыкум “Электронна-камунікатыўныя тэхналогіі і электронныя сродкі навучання ў рабоце настаўніка пачатковых класаў”. Педагогам прадэманстравалі магчымасці выкарыстання інтэрактыўнай дошкі і навучылі ствараць інтэрактыўныя прэзентацыі ў праграме Smart Notebook.
Для класных кіраўнікоў правялі семінар “Выкарыстанне магчымасцей ІКТ у дзейнасці класнага кіраўніка”. Мэта такой вучобы — павышэнне кампетэнцый у пытаннях увядзення ў практыку выхаваўчай работы сучасных камп’ютарных тэхналогій, удасканаленне суправаджэння самастойнай работы вучняў, стварэнне новых інфармацыйных рэсурсаў.
Вялікую дапамогу аказваюць супрацоўнікі інстытута педагогам вобласці па стварэнні ўласных электронных сродкаў навучання. На сайце інстытута размешчаны матэрыялы семінараў і вэбінараў, якія могуць дапамагчы ў гэтым, а таксама матэрыялы пераможцаў абласнога конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Педагогі Гродзеншчыны апошнія пяць гадоў паказваюць высокія вынікі на рэспубліканскім конкурсе. Так, у 2015 годзе з 43 дыпломаў 27 — у прадстаўнікоў Гродзенскай вобласці. Сярод іх — чатыры дыпломы І ступені.

“ПараГраф” для маладога настаўніка

— Пачуць іншых педагогаў, асэнсаваць каштоўнасці, разуменне сэнсу жыцця, дапамагчы вызначыць сваё месца ў прафесійным плане — такая логіка работы інстытута з маладымі спецыялістамі сёння, — прадстаўляе канцэпцыю дзейнасці С.А.Сяргейка. — З гэтай мэтай у мінулым годзе пачаў працаваць рэсурс “ПараГраф”. Гэтая сістэма дазваляе настаўніку пракласці індывідуальны маршрут павышэння кваліфікацыі, аднесціся свядома і самастойна да пабудовы, карэкціроўкі і рэалізацыі прафесійнага, жыццёвага і асобаснага развіцця і знайсці ў любы момант любую патрэбную інфармацыю, адказ на любое пытанне, спосаб вырашэння любой праблемы, што з’явілася ў час работы.
Выкарыстоўваюць у інстытуце і традыцыйныя формы работы, але напаўняюць іх сучасным зместам. У мінулым годзе ўпершыню была арганізавана летняя школа маладога педагога “Прызванне — педагог”. Яе ўдзельнікамі сталі сто настаўнікаў са стажам работы да двух гадоў. Маладым спецыялістам была прапанавана насычаная праграма па псіхолага-педагагічным і метадычным суправаджэнні. 86 удзельнікаў школы актыўна ўключыліся ў сеткавае ўзаемадзеянне.
Сучасны педагог павінен быць у трэндзе новых адукацыйных магчымасцей, напрыклад, сучасных арт-тэрапеўтычных метадаў: пясочнай тэрапіі, мандалатэрапіі, метаду Sand Art. Менавіта такая арт-тэрапеўтычная пляцоўка створана на базе інстытута.
Дарэчы, работа па падрыхтоўцы кадраў пачынаецца яшчэ ў школе. У гэтым навучальным годзе на Гродзеншчыне працуюць 23 профільныя класы педагагічнага кірунку, у якіх вучацца 232 чалавекі. Супрацоўнікі кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі (С.А.Сяргейка, Л.М.Таранцей) сумесна з навукоўцамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка распрацавалі тыпавую вучэбную праграму “Уводзіны ў педагагічную прафесію” для навучэнцаў 10—11-х класаў і адпаведнае вучэбна-метадычнае забеспячэнне для 10-х класаў.

Новыя кірункі, новае супрацоўніцтва

Значная ўвага ўдзяляецца навуковай і навукова-метадычнай рабоце. Супрацоўнікі кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі з’яўляюцца выканаўцамі НДР, якая фінансуецца са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, па тэме “Даследаванне заканамернасцей і форм трансляцый беларускай культуры між пакаленнямі ў Рэспубліцы Беларусь”, у складзе часовага навуковага калектыву сумесна з навукоўцамі з БДПУ імя Максіма Танка ўдзельнічаюць у галіновай праграме “Якасць адукацыі”.
У 2015 годзе інстытут пачаў выдаваць навукова-метадычны часопіс “Веснік адукацыі. Гродзенскі рэгіён”. У мінулым годзе дацэнт кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі Алена Казаноўская абараніла кандыдацкую дысертацыю.
Яшчэ адным важным і эфектыўным кірункам работы становіцца міжнародная дзейнасць. У мінулым годзе заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з Тульскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Л.М.Талстога, Валагодскім інстытутам развіцця адукацыі.
— Удзельнікамі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба. Адукацыя. Супольнасць” сталі вучоныя і практыкі з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі, Польшчы, Літвы, Малдовы, Украіны і Казахстана, — расказвае загадчык кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ларыса Таранцей. — Эфектыўнасць навуковага форуму, які праходзіў па тэме “Самарэалізацыя педагога і навучэнцаў у полікультурнай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”, бачым не толькі ў магчымасці абмену думкамі і поглядамі на важныя працэсы. Замежныя госці канферэнцыі правялі майстар-класы з настаўнікамі, якія ў гэты час праходзілі навучанне ў інстытуце і атрымалі новы практычны вопыт.
Інстытут ставіць перад сабой задачу дапамагчы рэалізавацца кожнаму чалавеку ў любой прафесіі, таму тут рэалізоўваюцца міжнародныя праекты “Развіццё прадпрымальніцтва на аснове лічбавых тэхналогій у працэсе бесперапыннай адукацыі ў Беларусі” (пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі), “Паляпшэнне доступу да фінансавых рэсурсаў сельскага насельніцтва Беларусі” (сумесна з Рэспубліканскім мікрафінансавым цэнтрам), праграма дзіцячай сацыяльнай і фінансавай адукацыі “Афлатун” (Нарвегія). У сувязі з гэтымі праектамі загадчык кафедры адукацыйных тэхналогій Мікалай Еўдакіменка прайшоў навучанне ў Францыі, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Вольга Пішчык і метадыст Л.Чабоцька — у Польшчы, старшы выкладчык кафедры адукацыйных тэхналогій Ігар Слінко — стажыроўку па праграме Community Connections “Сувязі супольнасцей” у Балтымары (ЗША) па тэме “Павышэнне фінансавай адукаванасці насельніцтва”.
Яшчэ адным новым кірункам у дзейнасці інстытута стала работа па стварэнні абласнога цэнтра ідэалагічнай работы. Аформлена памяшканне цэнтра, распрацаваны сайт, падрыхтаваны праекты адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце, перыядычна вядзецца комплексная псіхалагічная дыягностыка кадравага рэзерву вобласці.
— У найбліжэйшы час цэнтр адчыніць свае дзверы для ідэалагічных работнікаў гродзенскага рэгіёна, — гаворыць рэктар ГрАІРА. — Сярод найбліжэйшых планаў — правядзенне ў сакавіку міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі: тэндэнцыі і перспектывы развіцця”. Ужо сёння вядома, што на яе збіраюцца прыехаць вучоныя не толькі з усёй Беларусі, але і з Партугаліі, Украіны, Расіі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.