Сучаснай школе не хапае ўзаемадзеяння, а настаўніку — абароны

- 12:17Сацыяльны ракурс

У сучаснай школе сістэма атрымання ведаў заснавана на прынцыпе пастаяннага сацыяльнага ўзаемадзеяння паміж настаўнікам і навучэнцам. Для таго каб гэтая сістэма была дасканалай і паўнацэннай, і настаўніку, і навучэнцу трэба навучыцца размаўляць на адной мове, а таксама ўмець ісці на кампраміс, калі праблема гэтага патрабуе.

Як дасягнуць гэтага балансу? Якімі якасцямі павінен валодаць кіраўнік навучальнай установы? Як выявіць у навучэнцах лідарскія якасці і абараніць настаўнікаў ад агрэсіі?

Пра гэта нам расказала загадчык кафедры псіхалогіі кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Наталля Аляксандраўна ДУБІНКО.

— Наталля Аляксандраўна, у чым заключаецца псіхалагічная кампетэнтнасць кіраўніка? Што неабходна ўмець настаўніку, каб быць паспяховым выкладчыкам і кіраўніком?

— Варта пачаць з таго, што ў акадэміі рыхтуюць кіраўнікоў розных узроўняў для ўсіх сфер кіравання. І калі браць практыку падрыхтоўкі кіраўнікоў для сферы адукацыі, у тым ліку школьнай, значна павышаецца ўзровень тых патрабаванняў, на якія сёння пры адборы для навучання мы ўдзяляем увагу. Тыя настаўнікі, выкладчыкі, якія плануюць заняць кіруючыя пасады ў сістэме адукацыі, павінны валодаць шматлікімі якасцямі. Патэнцыяльныя кіраўнікі павінны мець вельмі моцную эмацыянальную ўстойлівасць. Яны не павінны быць схільны даводзіць да канфлікту тых людзей, з якімі працуюць. Асноўнае патрабаванне да сучаснага чалавека, які хоча пабудаваць кар’еру ў любой кіраўніцкай сферы, гэта ўменне наладзіць камунікацыю з рознымі катэгорыямі людзей. Сёння наша грамадства вельмі адукаванае, людзі маюць па некалькі вышэйшых адукацый. А гэта значыць, што кіраўнік не мае права спыняцца на дасягнутым, таму самаадукацыя і самадысцыпліна, самавыхаванне — гэта базіс, якасці, з якімі да нас прыходзяць тыя, хто імкнецца да кіраўніцкай дзейнасці. І наша задача навучыць іх кіраваць часам, навучыць стрэс-менеджменту — паказаць, як працаваць у сітуацыях рызыкі, нявызначанасці, а таксама пры дэфіцыце часу. Яшчэ адным, безумоўна, важным момантам з’яўляецца канфлікталагічная ўстойлівасць і канфлікталагічная кампетэнтнасць. Сёння ў сферы адукацыі, і гэта не сакрэт, узнікае шмат канфліктаў. Бывае, што такія канфлікты даходзяць да разборак на больш высокім узроўні, да суда. Таму заўсёды, калі да нас на навучанне прыходзяць кіраўнікі, мы на першае месца ставім тэхналогіі эфектыўнай камунікацыі — уменне аргументавана даказваць пункт погляду і ўменне вырашаць і кіраваць канфліктамі. Безумоўна, было б ідэальна не дапускаць разгарання канфлікту, таму што, калі ён успыхвае, патушыць гэты пажар ужо вельмі цяжка. Акрамя гэтага, сёння мы звяртаем увагу яшчэ і на наяўнасць арганізатарскіх, дзелавых і асобасных якасцей чалавека. Гэтымі якасцямі будучы кіраўнік абавязкова павінен валодаць.

— У 2004 годзе прэзідэнтам быў падпісаны Указ № 354 “Аб рабоце з кіруючымі кадрамі ў сістэме дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый”. Ці змянілася і як праходзіць дзякуючы гэтаму дакументу работа з перспектыўным кадравым рэзервам, у тым ліку з таленавітымі і матываванымі школьнікамі?

— Зыходзячы з гэтага дакумента, наша акадэмія працуе з дзецьмі, якія ў школе з’яўляюцца лідарамі. На працягу некалькіх гадоў у нас існавала школа маладога лідара, а зараз рэалізоўваецца праект “Лесвіца поспеху”. Сёлета праект падарыў 30 школьнікам магчымасць развіць свой творчы патэнцыял, праявіць лідарскія якасці. Усе навучэнцы праходзілі тэсціраванне на выяўленне лідарскіх, кіраўніцкіх якасцей, а таксама ўдзельнічалі ва ўсялякіх трэнінгах, майстар-класах, якія праводзілі прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу акадэміі. Развіццё асобаснай самаактуалізацыі, камунікатыўнай кампетэнтнасці — вось тое нямногае, чаму вучыліся маладыя лідары, перспектыўны кадравы рэзерв. Наша акадэмія рыхтуе кіраўнікоў са школы. Хачу адзначыць, што ўсе навучэнцы на высокім узроўні праявілі каштоўнасныя арыентацыі. Найбольш увагі маладыя людзі ўдзялялі ўменням рабіць кар’еру, наладжваць кантакт з аднагодкамі, а таксама з настаўнікамі і тымі людзьмі, якія кіруюць. Удзельнікі “Лесвіцы поспеху” адначылі, што моладзь нават ад настаўнікаў патрабуе іншых метадаў у падыходзе да камунікацыі. Дзеці больш адукаваныя, валодаюць багатай інфармацыяй у дачыненні да таго ці іншага матэрыялу, які задаецца ў школе. І такіх жа адносін да вучобы, багатых ведаў патрабуюць і ад настаўнікаў. Навучэнцы хочуць, каб педагог даваў ім інфармацыю не толькі з падручніка, а прадстаўляў яе пашырана.

— Ці можна такую заўвагу лічыць своечасовай? Зразумела, што гэтым школьнікі паказваюць на наяўнасць недахопаў у сістэме выкладання, а значыць, на адсутнасць у настаўнікаў тых ці іншых ведаў.

— Так, настаўнік не павінен адставаць ад навучэнцаў. Калі гаварыць пра педагагічныя кадры, то падрыхтоўка павінна быць проста ідэальнай. Калі гаварыць пра кіраўніка педагагічнай установы, то яму трэба вельмі прафесійна працаваць з калектывам. У дадатак да работы з настаўнікамі на кіраўніка ўскладваецца і работа яшчэ з дзвюма катэгорыямі — навучэнцамі і іх бацькамі. Самае галоўнае, што неабходна ведаць, — гэта як не дапусціць канфліктных сітуацый. У нас на факультэце падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі ёсць спецыяльнасці, дзе вучацца педагогі-кіраўнікі, якія авалодваюць кіраўніцкімі кампетэнцыямі. Варта адзначыць, што гэтыя кампетэнцыі закладзены не толькі ў стандартах, звыклых для ўсіх метадаў работы. Сёння ідзе пастаянная ацэнка кадраў, якая дазваляе развіваць і ўдасканальваць кіраўніцкі патэнцыял педагогаў. Самыя актуальныя напрамкі па іх развіцці — ідэалагічныя, сацыялагічныя, а таксама псіхалагічныя. Важна, каб чалавек, які прыйдзе да кіраўніцтва, быў псіхалагічна ўстойлівым і псіхалагічна надзейным.

Кажуць, што, калі эмоцыі стукаюць у дзверы, розум выскаквае ў акно. Так яно насамрэч і ёсць. Падрыхтаваць чалавека да работы ў стрэсавых сітуацыях — гэта і ёсць наша асноўная задача. Апошнія 10 гадоў настаўнікам даецца магчымасць на базе ўніверсітэтаў павышаць сваю кампетэнтнасць. Калі чалавек не будзе самаадукоўвацца, калі не будзе сам ад сябе патрабаваць асваення інфармацыйных тэхналогій, яго развіццё застанецца на першапачатковым узроўні. Сёння ні адна ўстанова адукацыі, нават калі раз у год адпраўляць настаўнікаў на курсы павышэння кваліфікацыі, не задаволіць тыя запыты, якія існуюць у навучэнцаў у адносінах да выкладчыка. Важна, каб у настаўніка была развіта аўтапсіхалагічная кампетэнтнасць, назіраўся высокі ўзровень імкнення да самаадукацыі і было жаданне будаваць узаемаадносіны з навучэнцамі. Каб усё гэта рэалізаваць, настаўнік павінен валодаць і псіхалагічнымі ведамі. Важна, што сёння рэалізуецца падрыхтоўка настаўніка як псіхолага, а як на практычным узроўні выкладчык здольны рэалізаваць дадзеныя яму псіхалагічныя веды — гэта ўжо іншае пытанне.

Мы працуем са школамі, аналізуем, як адбываецца ўзаемадзеянне паміж настаўнікам і навучэнцам, як у навучэнцаў дзякуючы школе развіваюцца лідарскія якасці. Гледзячы на тых лідараў, якія трапляюць да нас, бачым, наколькі многа школа ўкладвала ў гэтых дзяцей. Наша моладзь ахоплена школай. І настаўнік пасля заканчэння УВА прыходзіць у школу падрыхтаваным. Галоўнае, каб і потым настаўнік быў зацікаўлены і арыентаваны на далейшае ўзаемадзеянне з дзецьмі.

— Часта даводзіцца чуць меркаванне, што сістэму сярэдняй адукацыі ў нашай краіне трэба мяняць. І рэформы, якія праводзяцца ў сферы адукацыі, на гэта накіраваны. Як кіраўнікі навучальных устаноў, настаўнікі павінны правільна рэагаваць на такія змены?

— Так, у сферы адукацыі час ад часу з’яўляюцца новаўвядзенні. Зараз, напрыклад, многа гавораць пра тое, што, магчыма, гімназіі прыраўнуюць са школамі. І, безумоўна, калі такое адбудзецца, з’явіцца і новы падыход да таго, як павінен развівацца навучэнец. Усе нашы праграмы, калі гаварыць пра кіраўнікоў, накіраваны на развіццё апераджальнай стратэгіі падчас прыняцця рашэння. Калі, напрыклад, у школе ідзе перабудова адукацыйнага працэсу, значыць, неабходна перабудаваць і кіраўніцкі апарат у школе, каб ён працаваў не з запозненай рэакцыяй, а рабіў усё на апярэджанне. Увогуле, любыя змены ў сістэме адукацыі прыводзяць да з’яўлення новых праграм, мэта якіх будзе заключацца ў тым, каб удасканаліць работу выкладчыкаў. Прыгадваю сваю вясковую школу. У нас працавалі цудоўныя настаўнікі, якія закладвалі ў кожнага вучня ўменне ўзаемадзейнічаць адно з адным і жаданне вучыцца. Раней не было рэпетытараў. Калі былі неабходны дадатковыя заняткі па тым ці іншым прадмеце, з дзецьмі займаліся дадаткова тыя ж настаўнікі. Увогуле, раней была сфарміравана матывацыя і ў настаўнікаў, і ў школьнікаў. Настаўнік хацеў даць навучэнцам як мага больш ведаў, зацікавіць сваім прадметам, а навучэнцы хацелі ведаць як мага больш. Як вынік, паміж настаўнікам і навучэнцам быў створаны своеасаблівы тандэм. Менавіта такога матываванага ўзаемадзеяння не хапае сучаснай школе. Будзе ідэальна, калі сённяшнія навучэнцы будуць разумець, што веды, якія дае настаўнік, у першую чаргу неабходны менавіта ім. Хацелася б не прымушаць вучыцца, а зрабіць так, каб навучэнец разумеў: усё, што дае школа, неабходна менавіта яму самому.

— Пасля сутыкнення з абыякавасцю ў адносінах як да сябе, так і да прадмета, а часам і з непавагай з боку навучэнцаў, у выкладчыка пачынае развівацца сіндром прафесійнага выгарання. Наколькі сур’ёзнай з’яўляецца такая “паталогія” і ці можна яе пазбегнуць?

— Так, у сучаснай школе існуе яшчэ адна праблема. У педагагічным асяроддзі вельмі высокі сіндром эмацыянальнага выгарання. Настаўнік стараецца, але яго старанні часта разбіваюцца аб ненастаўніцкія абавязкі.

Што патрабуецца ад настаўніка? У выкладчыка павінен быць багаты слоўнікавы запас, назірацца цяга да пазнання. Увогуле, прага да атрымання адукацыі, ведаў павінна ісці праз усё жыццё.

Педагог, які стараецца даць веды, павінен атрымліваць аддачу ад навучэнцаў. Калі гэтага няма, адбываецца выгаранне. Менавіта па гэтай прычыне настаўнікам неабходна сур’ёзная псіхалагічная дапамога. Сёння прэзідэнтам на высокім узроўні адзначана работа педагагічных кадраў, а гэта значыць, што ў нашай сістэме адукацыі працуюць добрыя настаўнікі. У адукацыі павінны працаваць людзі, якія поўнасцю аддаюць сябе рабоце і ў той жа час могуць псіхалагічна самааднаўляцца — умець кіраваць уласнымі чалавечымі рэсурсамі. Адначасова варта падымаць прэстыж прафесіі настаўніка. Усе хочуць, каб з дзецьмі працавалі тыя, хто разумее кошт ведаў.

— Вельмі сур’ёзнай праблемай сучаснай школы з’яўляецца неабароненасць настаўніка ад агрэсіі. Часам менавіта страх быць абвінавачаным у здзеках з навучэнцаў прымушае выкладчыкаў на многае заплюшчваць вочы. Ці магчыма педагогам абараніцца ад агрэсіі? І як навучэнцу не стаць аб’ектам цкавання з боку настаўніка?

— Так, гэта праўда: настаўнік не заўсёды абаронены. І ад гэтай неабароненасці ён і пакутуе. Безумоўна, настаўнік павінен валодаць жалезнай вытрымкай. У педагога ёсць узаконенае паўнамоцтва пакараць навучэнца, таму што настаўнік знаходзіцца на прыступку вышэй. Аднак нельга парушаць законы ўзаемадзеяння паміж настаўнікам і вучнем. І калі нешта здарылася, вельмі цяжкім пытаннем з’яўляецца тое, хто насамрэч вінаваты? Настаўнік павінен быць эмацыянальна ўстойлівым і не зрывацца на навучэнца, таму што ў любым выпадку ён прайграе. І пытанне “вайны” паміж педагогамі і дзецьмі — гэта вельмі балючае пытанне для нашага грамадства. Навучыць абараняць сябе правільна — задача ўсяго педагагічнага калектыву.

Калі разглядаць дзяцей з псіхалагічнага пункту гледжання, я лічу, што павінна весціся сур’ёзная работа з навучэнцамі 5—8 класаў, таму што ў іх вельмі складаны ўзрост. З такімі класамі павінны працаваць моцныя настаўнікі, якія не зламаюцца ў асяроддзі агрэсіўна настроенай аўдыторыі. Не сакрэт, што настаўнікі сёння не абаронены ад нематываванай агрэсіі і могуць стаць ахвярамі здзекаў.

Варта адзначыць, што ёсць агрэсія як псіхалагічная характарыстыка, а ёсць агрэсія як рыса асобы. І калі агрэсія ў навучэнца ўжо сфарміравана як рыса асобы, гэта і будзе нематываваная агрэсія. Менавіта яна і з’яўляецца самым страшным праяўленнем нелюбові да выкладчыка ці каго-небудзь іншага. Ад псіхічных праблем, на якія не звяртаюць увагі і якія пасля перарастаюць ва ўнутраны эгацэнтрызм, пазбавіцца вельмі цяжка. Такія выпадкі рэдкія, але бываюць, і выявіць такіх людзей складана. Яны маюць высокі ўзровень суб’ектыўнага кантролю. Калі гэты ўзровень ідзе пад зрыў, чалавек не адказвае за свае ўчынкі і ўсё зло здзяйсняецца ў стане афекту. На гэта больш увагі павінны звяртаць бацькі, і менавіта яны павінны вырашаць такія праблемы. Такія выпадкі, на жаль, таты і мамы старанна замоўчваюць, нічога за межы сям’і не выносяць. А пасля і адбываюцца злачынствы, з-за якіх гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі. Бывае, калі і навучэнцы становяцца ахвярамі нелюбові настаўнікаў. І ад гэтага таксама пакутуе не адзін чалавек. Такія выпадкі ёсць, і яны ўсім вядомы.

Узяць, напрыклад, амерыканскія школы, дзе шмат выпадкаў нематываванай агрэсіі. Ці выпадак у Падмаскоўі, дзе падлетак здзейсніў страшнае злачынства. Так адбываецца, таму што ў грамадстве назіраецца эмацыянальная выхалашчанасць, а таксама павышаны фон агрэсіўнасці як рысы чалавека. На жаль, лякарства ад гэтага толькі адно — быць пільнымі ў адносінах да сваіх дзяцей і размаўляць з імі. Давяральныя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі — гэта гарантыя таго, што праблема будзе вынесена на абмеркаванне і, магчыма, знойдзена аптымальнае вырашэнне цяжкай сітуацыі. Калі паміж настаўнікам і навучэнцам узнікае канфлікт, бацькі павінны размаўляць з педагогам. Ні ў якім выпадку нельга прымушаць дзяцей цярпець. Уменне правільна вырашаць канфлікты і пры гэтым не баяцца выказваць свой пункт погляду можа даць гарантыю, што дзіця будзе абаронена.

Размаўляла Наталля САХНО.
Фота з архіва Наталлі ДУБІНКО.