Сёння сваім вопытам па эфектыўнай арганізацыі і кіраванні сістэмай адукацыі рэгіёна дзеліцца начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Нараўлянскага райвыканкама Гомельскай вобласці Алена Іванаўна КІРГАНАВА.
— Пачнём з агульнай карціны, з характарыстыкі сістэмы адукацыі вашага рэгіёна. Якім чынам развівалася і чаго дасягнула сістэма адукацыі Нараўлянскага раёна ў мінулым навучальным годзе і што добрага адбылося за першую -чвэрць гэтага навучальнага года?
— Адукацыйная сістэма раёна адна з малаколькасных у вобласці. Штогод сетка ўстаноў адукацыі перажывае змены ў выглядзе рэарганізацыі або ліквідацыі маленькіх устаноў. У бягучым навучальным годзе яна прадстаўлена 16 установамі адукацыі. Існуючая сетка сістэмы адукацыі раёна цалкам задавальняе адукацыйныя запыты насельніцтва. Колькасць выхаванцаў і навучэнцаў — 1824. Для параўнання: у 1986 годзе да чарнобыльскай трагедыі дзіцячае насельніцтва ў Нараўлянскім раёне складала 4631 чалавек. Захавана і развіваецца сетка ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі. Забяспечаны 100-працэнтны ахоп дзяцей 5-гадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы. З 11 студзеня 2016 года ў раёне функцыянуе дзіцячы дом сямейнага тыпу. Створана 11 прыёмных і 17 апякунскіх сем’яў. У раёне пражываюць 196 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (у 2016 годзе было 241 дзіця). Ахоп дзяцей названай катэгорыі спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай складае 100%. На 20,7% знізілася колькасць дзяцей, якія наведваюць пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.
Адукацыйны працэс у бягучым навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ажыццяўляюць 258 педагогаў. Забяспечанасць кадрамі складае 100%. У 2017 годзе ў раён прыбыў 21 малады спецыяліст, з іх больш за 66% — выхадцы з нашага раёна. Сістэма агульнай сярэдняй адукацыі раёна штогод па многіх паказчыках працы мае станоўчую дынаміку. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання раён на 11-й пазіцыі (з 25 раёнаў вобласці). У 2016 годзе атрыманы 100-бальны вынік па грамадазнаўстве. У 2017 годзе студэнтамі сталі больш за 53% выпускнікоў раёна. Ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі паступіў 31% дзевяцікласнікаў раёна, сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 34%. Па выніках удзелу ў абласных інтэлектуальных конкурсах і канферэнцыях у раёна 16-е месца ў абласным рэйтынгу па колькасці перамог. У творчых конкурсах усіх узроўняў у нас 33 дыпломы, што на 24 больш, чым у 2015/2016 навучальным годзе.
У верасні 2016 года В.В.Чайка заваяваў дыплом ІІІ ступені ў рэспубліканскім этапе конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. У 2016 годзе ў нас быў дыплом II ступені ў рэспубліканскім этапе агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку. Зробім лета ярчэйшым” (начальнік лагера Жанна Яўгенаўна Ісачанка, настаўніца гімназіі Нароўлі). У мінулым навучальным годзе ў абласным конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” электронны адукацыйны рэсурс “Азбука “Нараўлянка” адзначаны дыпломам II ступені. На працягу двух гадоў установы адукацыі становяцца пераможцамі ў абласным конкурсе інтэрнэт-сайтаў. У верасні 2017 года на ўручэнне дыплома і каштоўных падарункаў была запрошана ў Маскву настаўніца сярэдняй школы № 2 Нароўлі Алена Пятроўна Шчарбін, якая стала лаўрэатам XVII Міжнароднага Пушкінскага конкурсу для настаўнікаў рускай мовы.
— Якія задачы ставіце перад сабой на бягучы навучальны год?
— Будзем працаваць над кадравым патэнцыялам праз удасканаленне прафесіяналізму педагагічных кадраў, над павышэннем эканамічнай кампетэнтнасці кіраўнікоў устаноў адукацыі, падтрымкай маладых спецыялістаў і замацаваннем іх на месцах, праводзіць працу з рэзервам кіруючых кадраў. Працягнем дзейнасць па аптымізацыі адукацыйнай сеткі, скарачэнні неэфектыўных выдаткаў, прыцягненні пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, аснашчэнні іх сучаснымі сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем. Будзем ажыццяўляць дзейсны ведамасны кантроль за бяспекай адукацыйнага працэсу, ствараць ва ўстановах адукацыі адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе.
— Актуальным з’яўляецца ўзаемадзеянне сям’і і школы, якія ў выхаванні дзяцей павінны быць партнёрамі. Але на практыцы атрымліваецца, што выхаваўчыя акцэнты зрушаны ў бок школы. Як наладжана ўзаемадзеянне з бацькамі ў вашым раёне?
— Шосты год запар у нас праводзіцца агульнараённы бацькоўскі сход, на які запрашаюцца ўсе нашы сацыяльныя партнёры. У 2017 годзе такі сход праходзіў пад лозунгам “Бяспечнае лета”. З мэтай папулярызацыі ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на выхаванне ў замяшчальныя сем’і ўпершыню ў чэрвені 2017 года праведзены раённы фестываль творчасці замяшчальных бацькоў і дзяцей “Таленавітыя разам — 2017”.
— Хочацца спытаць і пра ролю раённага метадычнага кабінета ў павышэнні метадычнай пісьменнасці педагогаў, як маладых так і са стажам. Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РВМК?
— Раённы вучэбна-метадычны кабінет з’яўляецца асноўным цэнтрам усёй метадычнай работы раёна, каардынатарам дзейнасці ўстаноў адукацыі з установамі сістэмы павышэння кваліфікацыі, грамадскімі арганізацыямі. Як паказвае практыка, не ўсе педагогі здольны самастойна праяўляць ініцыятыву з мэтай пераасэнсавання і перабудовы сваёй дзейнасці. Яны маюць патрэбу ў дапамозе, і гэта з’яўляецца сведчаннем таго, што каардынацыя дзейнасці метадычных структур па забеспячэнні прафесійнага росту педагогаў неабходна. “Формулу поспеху ведаюць многія. Справа за малым — спазнаць сам поспех”, ― казаў У.І.Лізінскі. Сёння роля метадычнай службы не прадугледжвае павышэння прафесійнага ўзроўню педагога за кошт нарошчвання аб’ёму ведаў пра новыя тэхналогіі, метады, прыёмы і выпрацоўку ўменняў за кошт капіравання іх у сваю дзейнасць. Трэба стварыць умовы для змены статусу педагога. Сучаснай установе адукацыі неабходны педагог-менеджар, педагог-метадыст, педагог-даследчык. Прыходзім да адназначнай высновы, што метадычная служба патрэбна, але яна не можа і не павінна заставацца нязменнай, яна павінна пастаянна развівацца і ўдасканальвацца ў залежнасці ад патрабаванняў, што прад’яўляюцца грамадствам да сучаснай адукацыі.
— Якія праблемы сёння хвалююць вас як начальніка аддзела адукацыі і што хвалюе педагогаў вашага рэгіёна?
— Дэмаграфічная сітуацыя ў раёне прыводзіць да зніжэння колькасці вучняў, асабліва ў сельскай мясцовасці. Пасля завяршэння мінулага навучальнага года закрыты Завайцянскі дзіцячы сад — базавая школа. Напаўняльнасць класаў сельскіх школ ― 4,4 чалавека пры абласным паказчыку 9,3. Матэрыяльна-тэхнічная база школ раёна патрабуе дапаўнення і абнаўлення, таму стаіць задача рацыянальна і эфектыўна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі шляхам прадуманага планавання, прыняцця аптымальнага рашэння на аснове абгрунтаваных крытэрыяў выбару і атрымання максімальнага выніку пры мінімальных укладаннях.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.