Сучасная, паспяховая і ўтульная. Такой павінна быць школа для дзяцей з АПФР.

- 11:22Спецыяльная адукацыя
Днямі ў АПА прайшла рэспубліканская нарада “Установы спецыяльнай адукацыі: учора, сёння, заўтра”, падчас якой была прааналізавана дзейнасць устаноў спецыяльнай адукацыі розных відаў і вызначаны перспектыўныя кірункі іх развіцця, шляхі ўдасканалення якасці навучання ў кожнай з іх.
Сучасныя тэндэнцыі ў адукацыі дзяцей з АПФР

“Сёння каля 70 працэнтаў дзяцей з АПФР, якія маюць патрэбу ў спецыяльнай адукацыі, атрымліваюць яе ва ўмовах устаноў асноўнай адукацыі, — падкрэсліў у пачатку свайго выступлення намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Васіль Антонавіч Будкевіч. — Ва ўстановах спецыяльнай адукацыі навучаюцца дзеці з найбольш выяўленымі і складанымі парушэннямі. Сістэма спецыяльнай адукацыі краіны ўключае зараз 244 установы спецыяльнай адукацыі і каля 4 тысяч устаноў асноўнай адукацыі, на базе якіх створаны структуры інтэграванага профілю. Сістэма забяспечвае ахоп спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай дзяцей з АПФР на 98,4 працэнта (гэта амаль на 1 працэнт больш, чым у мінулым навучальным годзе)”.
Прыярытэтным кірункам дзейнасці ўстаноў спецыяльнай адукацыі ў 2013/2014 навучальным годзе з’яўляецца павышэнне якасці навучання. Для гэтага рэкамендавана ствараць адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе, якое ўлічвала б асаблівасці псіхафізічнага развіцця кожнай катэгорыі навучэнцаў, і аснашчаць класы сучаснымі тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі. У працэсе навучання неабходна выкарыстоўваць эфектыўныя інфармацыйныя і камунікатыўныя тэхналогіі, удасканальваць вучэбна-метадычнае забеспячэнне. Якасць адукацыі можна павышаць і за кошт пашырэння спектра паслуг, якія аказваюцца ўстановамі спецыяльнай адукацыі дзецям і сем’ям, што выхоўваюць дзяцей з АПФР, а таксама за кошт фарміравання ў навучэнцаў прафесійнага самавызначэння. Важна забяспечваць права на атрыманне якаснай адукацыі дзецям, чые парушэнні выяўлены дзякуючы апошнім дасягненням у сферы аховы здароўя — дзецям з аўтычнымі парушэннямі, з парушэннем слыху, асабліва тым з іх, хто мае кахлеарныя імпланты. Для гэтага неабходна весці навукова-даследчую работу, эксперыментальную апрабацыю праграмна-метадычнага забеспячэння навучання і выхавання дзяцей з такімі парушэннямі. Трэба пашыраць супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі і выкарыстоўваць іх ініцыятывы пры рэалізацыі міжнародных адукацыйных праектаў, скіраваных на павышэнне якасці жыццядзейнасці дзяцей з АПФР.
“Сёння аптымізацыя ўстаноў спецыяльнай адукацыі паскарае інтэграцыю і пераход да інклюзіўнай адукацыі — варта развіваць працэсы ўключэння ў адзінае адукацыйнае асяроддзе ўсіх дзяцей, незалежна ад парушэнняў, полу, нацыянальнасці, прыналежнасці да этнічнай групы, рэлігіі, — падкрэсліў намеснік міністра. — Для гэтага неабходна пастаянна прыцягваць увагу грамадства да праблем сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі дзяцей з АПФР, фарміраваць пазітыўнае грамадскае меркаванне пра іх”.
“У сферы адукацыі асоб з АПФР сёння можна вылучыць некалькі тэндэнцый, — паведаміла начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Міхайлаўна Змушко. — Першая з іх — павелічэнне колькасці дзяцей з АПФР, у тым ліку па асобных катэгорыях парушэнняў, напрыклад, больш стала дзяцей з аўтычнымі парушэннямі.
Другая тэндэнцыя — аптымізацыя сеткі ўстаноў спецыяльнай адукацыі: закрываюцца спецшколы і школы-інтэрнаты і ў той жа час павялічваецца колькасць ЦКРНіР. Калі ў 2000 годзе было 95 спецшкол і школ-інтэрнатаў і 72 ЦКРНіР, то ў 2012 годзе іх стала адпаведна 60 і 143. Працэс аптымізацыі працягваецца. Заўважу, што закрыццё ўстаноў ідзе эвалюцыйным шляхам. У першую чаргу ліквідуюцца неперспектыўныя школы — тыя, што не развіваюцца, што засталіся “ў мінулым стагоддзі”. Установы, якія пераадольваюць усе цяжкасці, выглядаюць зараз сучаснымі, утульнымі, паспяховымі, маюць адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе, найноўшыя сродкі навучання, яны пашыраюць узаемадзеянне з установамі асноўнай адукацыі і, канечне, закрывацца не будуць. Яны забяспечваюць правы бацькоў пры выбары формы атрымання адукацыі іх дзецьмі.
Трэцяя тэндэнцыя — атрыманне адукацыі большасцю дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці ва ўстановах асноўнай адукацыі. Інтэграванае навучанне і выхаванне на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца сёння ў 208 спецкласах і 5370 класах інтэграванага навучання і выхавання. Чацвёртая тэндэнцыя — стварэнне спецыяльных умоў для навучэнцаў з АПФР ва ўстановах асноўнай адукацыі.
І пятая тэндэнцыя — развіццё інклюзіўнай адукацыі. Каб падтрымаць гэты працэс, уносяцца адпаведныя змяненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі”, распрацоўваецца праект канцэпцыі развіцця інклюзіўнай адукацыі, праект пагаднення паміж дзяржавамі — членамі ЕўрАзЭС аб супрацоўніцтве ў сферы інклюзіўнай адукацыі, вызначаюцца індыкатары інклюзіўнай адукацыі для краін — членаў ЕўрАзЭС і інш. Пакуль не садзейнічае развіццю інклюзіўнай адукацыі тое, што наша краіна не ратыфікавала канвенцыю ААН аб правах інвалідаў”.
Настаў час задумацца і пра мэтазгоднасць некаторых іншых змяненняў. Напрыклад, пра выкарыстанне слова “інтэрнат” у назве ўстаноў: школамі-інтэрнатамі ў будучым могуць называцца школы з магчымасцю пражывання навучэнцаў у пакоях інтэрната (“общежития”). Па ініцыятыве бацькоў абмяркоўваецца перспектыва стварэння новага віду ўстановы спецыяльнай адукацыі, якая прызначана для атрымання адукацыі і аказання карэкцыйнай дапамогі дзецям з парушэннямі аўтычнага спектра. Якой будзе гэтая ўстанова, належыць у найбліжэйшы час адказаць навукоўцам і практыкам.

Дасягненні і праблемы

Установы спецыяльнай адукацыі вымушаны сёння функцыянаваць ва ўмовах канкурэнцыі з агульнаадукацыйнымі ўстановамі, перад імі ўзнікае шэраг эканамічных і фінансавых праблем. Тым не менш установы спецадукацыі не ізаляваны, не закрыты ад грамадства, як гэта было некалькі дзесяцігоддзяў назад. Яны ўдзельнічаюць у эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, маюць свае традыцыі. Такія ўстановы маюць усе падставы для гонару, таму што, як правіла, забяспечваюць высокі ўзровень навучання.
У гэтым годзе навучэнцы з АПФР упершыню прынялі ўдзел у міжнароднай алімпіядзе “Інтэлектуальны марафон”, якая прайшла ў Варшаве, і ў камандным заліку занялі 2 месца. Выпускнікі ўстаноў спецадукацыі становяцца студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. У гэтым годзе, напрыклад, студэнтамі сталі 356 чалавек з інваліднасцю. Каля 700 выпускнікоў з асаблівасцямі сталі навучэнцамі ўстаноў прафтэхадукацыі, каля 30 — сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Навучэнцы ўстаноў спецыяльнай адукацыі ўдзельнічаюць у конкурсах, фестывалях, спаборніцтвах — у рэспубліканскай спартакіядзе для дзяцей з АПФР, у рэспубліканскім конкурсе “Усе разам” па развіцці рухальнай актыўнасці дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі, у фестывалі “Вясёлкавы карагод”. Педагогі сферы спецадукацыі таксама ўдзельнічаюць у конкурсах — “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”, “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, праводзяць навуковыя даследаванні, становяцца суаўтарамі вучэбных дапаможнікаў. У 2014 годзе пройдзе рэспубліканскі конкурс на лепшую ўстанову спецыяльнай адукацыі.
Павышаецца роля і значэнне ЦКРНіР, якія ёсць ва ўсіх раёнах, ва ўсіх абласных гарадах і ў Мінску. Тры цэнтры (Гомельскі, Магілёўскі і Мінска) рэалізуюць адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі, а ў астатніх абласных цэнтрах ажыццяўляецца толькі дыягнастычная дзейнасць і карэкцыйна-педагагічная дапамога. У большасці раённых цэнтраў наладжаны адукацыйны працэс, створаны класы (групы) для дзяцей з цяжкімі парушэннямі ў развіцці. На жаль, большасць такіх цэнтраў знаходзіцца ў тыпавых будынках былых устаноў дашкольнай адукацыі, якія першапачаткова не прызначаліся для атрымання адукацыі дзецьмі-інвалідамі. Многім цэнтрам патрэбны дадатковыя памяшканні — кабінеты ранняй комплекснай дапамогі, ізаляваныя памяшканні для правядзення псіхолага-медыка-педагагічнай дыягностыкі, кабінеты сацыяльна-побытавай арыенціроўкі.
Пры правядзенні дыягнастычнай работы ў цэнтрах часам мае месца фармальны падыход да яе, што не заўсёды дае аб’ектыўную інфармацыю пра асаблівасці і магчымасці дзяцей, вядзе да памылак пры вызначэнні для іх спецыяльных умоў навучання, перашкаджае наладжванню супрацоўніцтва з бацькамі. Дагэтуль сустракаюцца сітуацыі, калі ў адзін клас аб’ядноўваюць дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту (нягледзячы на наяўнасць асобных праграм для кожнай катэгорыі дзяцей). Не заўсёды наладжана распаўсюджванне практычнага вопыту навучання дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця, які быў набыты падчас міжнародных праектаў (работа па праектах завяршылася і пра яе забыліся).
Большасць спецшкол і школ-інтэрнатаў таксама размешчаны ў будынках, пабудаваных у другой палове мінулага стагоддзя. Яны маюць патрэбу ў аднаўленні і паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы, пераабсталяванні памяшканняў, стварэнні безбар’ернага асяроддзя. Не ўсе ўстановы спецыяльнай адукацыі забяспечаны ў поўнай меры вучэбнай літаратурай, самая сур’ёзная праблема з вучэбна-метадычным забеспячэннем спецыяльных дашкольных устаноў. Існуюць цяжкасці і з забеспячэннем інфармацыйна-камунікатыўнымі тэхналогіямі, не ва ўсіх установах ёсць камп’ютарныя класы, на занятках часта выкарыстоўваюцца састарэлая тэхніка і абсталяванне, а гукаўзмацняльная апаратура функцыянуе ўмоўна.
З мэтай паляпшэння сітуацыі да 1 кастрычніка 2013 года спецыяльным установам неабходна прадставіць інфармацыю ў Міністэрства адукацыі пра свае патрэбнасці ў спецыяльным абсталяванні для асоб з парушэннем слыху і зроку.
“У НІА вядзецца пастаянная работа па ўдасканаленні зместу спецыяльнай адукацыі, улічваюцца пры гэтым і інклюзіўныя падыходы, — адзначыла вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі спецыяльнай адукацыі НІА Таццяна Віктараўна Лісоўская. — У апошні час створаны вучэбныя праграмы па розных адукацыйных галінах для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем зроку, функцый апорна-рухальнага апарату, слыху, з цяжкімі парушэннямі маўлення, з цяжкасцямі ў навучанні. Змест навучання ў гэтых праграмах аб’яднаны па адукацыйных галінах для пяці катэгорый навучэнцаў з улікам здольнасці гэтых дзяцей да асваення цэнзавага ўзроўню адукацыі. Змест новых вучэбных праграм сінхранізаваны ў адпаведнасці з тыпавой вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, што палегчыць педагогам працэс арганізацыі вучэбнай дзейнасці пры ўмове сумеснага навучання дзяцей з рознымі парушэннямі і дзяцей з паўнацэнным развіццём”.
Скарэкціраваны вучэбныя праграмы па прадметах і для навучэнцаў 1— 5 класаў з вышэйназванымі парушэннямі для ўстаноў з рускай і беларускай мовамі навучання. Змест навучання па вучэбных прадметах таксама аб’яднаны для пяці катэгорый навучэнцаў. Вылучаны агульныя і спецыфічныя асаблівасці асваення праграмнага матэрыялу кожнай катэгорыяй дзяцей. Вызначана колькасць гадзін на асваенне тэм у залежнасці ад катэгорыі навучэнцаў. З верасня гэтага года на чатырох пляцоўках пачаў дзейнічаць эксперыментальны праект па апрабацыі зместу аб’яднаных вучэбных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, распрацаваных з улікам інклюзіўных падыходаў.

Адрасы ўнікальнага вопыту

Падчас нарады быў прадстаўлены станоўчы вопыт работы ўстаноў спецыяльнай адукацыі, якія развіваюцца сёння ў адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі, чые напрацоўкі вартыя пераймання.
Дырэктар Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку Алена Сталіеўна Вараб’ёва з’яўляецца старшынёй савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі, які быў створаны ў 2012 годзе. У склад савета ўвайшлі 35 прадстаўнікоў ад кожнага рэгіёна рэспублікі, якія прадставілі ўстановы адукацыі ўсіх відаў. Алена Сталіеўна расказала пра задачы, якія вырашае савет, і пра яго планы на найбліжэйшы час. Акцэнт у пачатку сваёй дзейнасці савет зрабіў на аналіз практыкі прымянення заканадаўства ў сферы спецыяльнай адукацыі, на фарміраванне прапаноў аб яго ўдасканаленні.
Вопытам работы ўстановы па стварэнні магчымасцей для самастойнага пражывання навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю, а таксама для атрымання імі прафесіі падзяліўся дырэктар Малатковіцкай дапаможнай школы-інтэрната Пінскага раёна Брэсцкай вобласці Вячаслаў Рыгоравіч Ізотаў. У найбліжэйшых яго планах — стварэнне на базе ўстановы вытворчасці па вырабе тратуарнай пліткі, корпуснай мэблі, па пашыве пасцельнай бялізны. Таксама ён плануе арганізаваць на базе школы летнікі працы і адпачынку для навучэнцаў інтэграваных класаў агульнаадукацыйных устаноў.
Практычна ўсе спецыяльныя школы-інтэрнаты Мінскай вобласці з’яўляюцца сёння рэспубліканскімі інавацыйнымі або эксперыментальнымі пляцоўкамі па розных кірунках дзейнасці. Напрыклад, Маладзечанская школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку — адзіная ў краіне ўстанова, якая мае вопыт эфектыўнага навучання і выхавання слепаглухога дзіцяці. У межах работы рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкі ў Вілейскай школе-інтэрнаце для дзяцей з ЦПМ сёмы год навучаюцца дзеці з цяжкасцямі ў навучанні. Калектыў Мінскай абласной школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху ініцыяваў навучанне дзяцей з кахлеарнымі імплантамі, а зараз напрацоўвае адпаведны вопыт у межах рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкі. Калектыў Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната — піянер у навучанні дзяцей у класах паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі. У Гарадзейскай дапаможнай школе-інтэрнаце рэалізуецца праект па выкарыстанні электронных адукацыйных рэсурсаў.
Падчас нарады прайшла прэзентацыя дзейнасці ўстаноў спецыяльнай адукацыі рэгіёнаў і дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў, а таксама быў прадстаўлены вопыт работы рэсурсных цэнтраў на прыкладзе Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху, абазначаны праблемы і перспектывы развіцця спецыяльных устаноў на прыкладзе мазырскага спецыяльнага ясляў-сада № 30 для дзяцей з парушэннямі зроку, таксама была прааналізавана дзейнасць ЦКРНіР Партызанскага раёна Мінска.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.