Дзень ведаў жыхары Кобрына сустрэнуць з новай установай — дзіцячым садам — пачатковай школай № 10.
Яна пабудавана ў паўднёвым мікрараёне горада, які імкліва развіваецца. “Тут пражывае шмат маладых і мнагадзетных сем’яў, таму ўстанова будзе вельмі запатрабавана. Акрамя таго, яна павінна разгрузіць суседнія школы”, — гаворыць начальнік аддзела па адукацыі Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Віктаравіч Шамяцюк.
“Будаўніцтва, пачатае вясной мінулага года, амаль завершана. Зараз устараняюцца дробныя недахопы. На тэрыторыі ўстановы, узвядзенне і аснашчэнне якой абышлося больш як у 15 млн рублёў, усталёўваюцца малыя архітэктурныя формы, гульнявыя і спартыўныя комплексы, а ўнутры — тэхніка і мэбля. Па кабінетах і памяшканнях размяркоўваюцца вучэбныя дапаможнікі і цацкі”, — расказвае будучы дырэктар дзіцячага сада — пачатковай школы № 10 загадчыца ясляў-сада № 6 Кобрына С.А.Жэшка.
Установа можа пахваліцца самай сучаснай матэрыяльнай базай сярод пачатковых школ раёна. Тут абсталяваны ценявыя навесы, пляцоўкі для вывучэння правіл дарожнага руху, заняткаў футболам і баскетболам, бегавыя дарожкі са спецыяльным пакрыццём. Дзякуючы камп’ютарнаму класу, малодшыя школьнікі змогуць вывучаць на факультатыўных занятках асновы інфарматыкі. Сярод іншых пераваг — вялікая харэаграфічная зала, басейн, сенсорны пакой.
Установа разлічана на 150 дашкольнікаў і 321 вучня пачатковых класаў. Жадаючых трапіць сюды дастаткова. Ужо набраны пяць 1-х класаў, два — 2-х і два — 3-х. Сярод 8 дашкольных груп адна прызначана для дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату і яшчэ адна — для інтэграванага навучання і выхавання.
С.А.Жэшка запэўніла, што праблем з кадрамі не будзе. Дзіцячы сад укамплектаваны пераважна за кошт маладых спецыялістаў, а асноўную частку педкалектыву пачатковай школы складуць вопытныя настаўнікі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.