Суд ідзе!

- 9:55Якасць адукацыі
Старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда В.С. Камянкоў і рэктар Міжнароднага ўніверсітэта "МІТСО" С.Н. Князеў падчас падпісання дагавора.

25 лютага адбылося падпісанне дагавора паміж Вышэйшым гаспадарчым судом Рэспублікі Беларусь і Міжнародным універсітэтам “МІТСО” аб супрацоўніцтве ў галіне юрыдычнай адукацыі і выкарыстанні ў адукацыйным працэсе магчымасцей відэаканферэнцсувязі. Дзякуючы гэтаму, студэнты і выкладчыкі змогуць непасрэдна назіраць за ходам судовых пасяджэнняў Вышэйшага гаспадарчага суда, а таксама гаспадарчых судоў Мінска і Мінскай вобласці.

Гэта першы праект такога кшталту ў нашай краіне, і ён быў рэалізаваны менш, чым за год. Летась у Дзень Канстытуцыі старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда В.С.Камянкоў выступаў перад студэнтамі Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” і, назіраючы вялікую зацікаўленасць студэнтаў, прапанаваў развіваць новыя формы супрацоўніцтва.

Старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда В.С. Камянкоў і рэктар Міжнароднага ўніверсітэта "МІТСО" С.Н. Князеў падчас падпісання дагавора.

Натуральна, універсітэт падтрымаў такую ініцыятыву і сумесна з адпаведнымі падраздзяленнямі Вышэйшага гаспадарчага суда ўзяўся за тэхнічную рэалізацыю новага праекта. Было закуплена спецыяльнае абсталяванне, і падчас першай відэатрансляцыі, якая была арганізавана непасрэдна перад падпісаннем дагавора, можна было бачыць, што сувязь выдатная, выява і гук — вельмі высокай якасці.
“Нам давялося вырашаць шмат пытанняў: камунікацый, абсталявання, праграмнага забеспячэння, менеджменту і іншыя, — расказвае рэктар Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”, доктар юрыдычных навук, прафесар Станіслаў Нікіфаравіч Князеў. — Напрыклад, мы спецыяльна шукалі маніторы з вельмі высокім разрашэннем, каб выява была максімальна якаснай. Гэтак жа карпатліва мы падышлі да падбору аўдыяабсталявання, каб атрымаць якасны гук. І мы ахвотна падзелімся сваім вопытам з тымі ўніверсітэтамі, якія будуць развіваць падобную тэхналогію ўслед за намі”.
Усе, хто прысутнічаў у аўдыторыі падчас першай трансляцыі, сталі сведкамі сапраўднага судовага працэсу. Яны маглі назіраць дзеянні ўсіх удзельнікаў працэсу і тое, якімі фармулёўкамі карыстаюцца спецыялісты, на якія дакументы спасылаюцца.

“Гэта выдатная падмога ў навучанні будучых юрыстаў, — адзначыў Станіслаў Нікіфаравіч. — Не сакрэт, што многім маладым спецыялістам (не толькі юрыстам) не хапае навыкаў дзелавых зносін. Назіраючы за ходам судовага пасяджэння, студэнты могуць бачыць выдатныя ўзоры зносін людзей у працэсе выканання імі сваіх абавязкаў. Зразумела, гэта напрацоўваецца з вопытам, але, калі, акрамя тэарэтычных ведаў, выпускнікі знаёмы з практыкай, гэта дае ім дадатковыя магчымасці”.

Старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Віктар Сяргеевіч Камянкоў, у сваю чаргу, заўважыў, што пры інтэрактыўным навучанні значна павышаецца не толькі якасць адукацыйнага працэсу. Суддзя, які чыніць правасуддзе пад пільным наглядам студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта, таксама будзе прад’яўляць павышаныя патрабаванні да сваёй прафесійнай планкі.
“Зараз мы актыўна развіваем электроннае правасуддзе і ўжо разглядаем справы не толькі ў маштабах нашай краіны, але і паміж дзяржавамі (Беларусь — Расія, Беларусь — Украіна, Беларусь — Казахстан). І паколькі мы думаем пра будучыню электроннага правасуддзя, то, вядома, трэба рыхтаваць адпаведныя кадры”, — сказаў Віктар Сяргеевіч.
Мэта згаданага праекта — зрабіць некалі эксклюзіўную інфармацыю даступнай для студэнтаў, у тым ліку ў філіялах універсітэта. “Дзякуючы сучасным камунікацыям, у нас няма правінцыі: студэнты ў іншых гарадах атрымліваюць тую ж інфармацыю, што і сталічныя навучэнцы”, — заўважыў С.Н.Князеў.

Адметна, што студэнтам не толькі будзе дэманстравацца сам судовы працэс, але пры неабходнасці (пасля завяршэння працэсу) спецыялісты раскажуць пра сутнасць спрэчкі, якая разглядалася, патлумачаць падставы, паводле якіх прымаюцца тыя ці іншыя судовыя рашэнні, адкажуць на пытанні і нават прачытаюць адпаведную лекцыю. Такім чынам, любая праблема будзе разглядацца ў комплексе.
“Студэнты змогуць бачыць і чуць усё, што ім неабходна для будучай практыкі, для гэтага будзе арганізавана анлайн-трансляцыя судовых пасяджэнняў, — адзначыў В.С.Камянкоў. — Многія пасяджэнні студэнты змогуць праглядваць у відэазапісе, што таксама карысна. Часам, каб зразумець усе тонкасці працэсу, адзін і той жа відэазапіс трэба праглядзець некалькі разоў, прычым з кампетэнтнымі каментарыямі спецыялістаў”.

Жадаючыя змогуць карыстацца прадастаўленай магчымасцю не толькі падчас заняткаў, але і ў вячэрні час, на факультатывах. Як мяркуецца, гэта надасць адукацыйнаму працэсу большую практычную скіраванасць і павысіць якасць ведаў будучых выпускнікоў, а таксама прафесійную кваліфікацыю выкладчыкаў універсітэта.
“Многія студэнты яшчэ да заканчэння ўніверсітэта задумваюцца над тым, каб пайсці працаваць па спецыяльнасці, — заўважыў В.С.Камянкоў. — Але часта студэнты (незалежна ад формы ўласнасці ўстановы адукацыі) маюць цяжкасці з тым, каб напісаць іскавую заяву ў суд, тым больш выступіць у судзе, задаць там патрэбныя пытанні і г.д. Але такі вопыт важна атрымаць яшчэ падчас вучобы, і для гэтага трэба ствараць адпаведныя ўмовы. Таму відэаканферэнцсувязь у Міжнародным універсітэце “МІТСО” будзе дзейнічаць на бязвыплатнай аснове, хаця ўвогуле такія рэчы каштуюць дорага. Мы зацікаўлены ў тым, каб з універсітэта выходзілі выпускнікі высокага ўзроўню, якія могуць упэўнена распачаць працоўную дзейнасць”.
“Нават калі вы не будзеце працаваць у судах, а станеце адвакатамі, юрыстамі ў дзяржаўных установах, фірмах, на прадпрыемствах, практычныя веды, набытыя ў працэсе назірання за дзейнасцю суда, безумоўна, будуць карыснымі”, — звярнуўся да студэнтаў рэктар Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”.
Трэба сказаць, што гэта першы дагавор такога кшталту паміж Вышэйшым гаспадарчым судом і навучальнай установай, але цікавасць да супрацоўніцтва ўжо праяўляюць і БДУ, БДЭУ, рэгіянальныя ўніверсітэты. А Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” між тым стварае новыя планы.
“Мы будзем развіваць падобныя праекты і з іншымі структурамі, бо ў нас ёсць цікавасць да ўсіх галін права, — расказвае С.Н.Князеў. — Але сённяшні дзень, калі ва ўніверсітэцкай аўдыторыі пачалі адбывацца рэальныя падзеі з судовай практыкі, несумненна, увойдзе ў гісторыю сістэмы юрыдычнай адукацыі. Мы расцэньваем гэта і як элемент развіцця дэмакратычных пачаткаў судаводства: гэты працэс становіцца галосным”.
Дагавор з Вышэйшым гаспадарчым судом — гэта таксама важны крок да павышэння юрыдычнай адукаванасці насельніцтва. На жаль, многія людзі дагэтуль часта не ведаюць, куды пайсці, да каго звярнуцца і як увогуле ажыццяўляецца абарона іх правоў. “Нам трэба працаваць над тым, каб павышаць юрыдычную адукаванасць насельніцтва, — звярнуўся да студэнтаў рэктар Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”. — Спадзяёмся, што калі вы станеце дыпламаванымі спецыялістамі, то паўнавартасна ўключыцеся ў гэты працэс. Але ўжо зараз вы можаце тлумачыць сваім бацькам, суседзям, знаёмым, як ім абараніць свае правы”.

Галіна СІДАРОВІЧ.

sidarovich@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.