Суквецце дружбы

- 13:30Спецыяльная адукацыя

У дапаможнай школе-інтэрнаце № 10 Мінска рэалізуецца творчы праект “Суквецце дружбы”, які курыруе загадчыца бібліятэкі ўстановы Алена Іванаўна Камінская. Мэта праекта — распрацоўка і правядзенне мерапрыемстваў па вывучэнні культуры іншых краін, кіраванне эмацыянальным станам дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя праз гульню, сродкамі музыкатэрапіі, сузіранне твораў мастацтва, літаратуры, тэатра, кіно і інш.

“Асноўная мэта адукацыі і выхавання асаблівага дзіцяці — развіццё і фарміраванне яго як асобы, — гаворыць Алена Іванаўна. — Актуальная і праблема кіравання эмоцыямі, пачуццямі, асабліва ў дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю — вучняў нашай школы. Працэс іх навучання і выхавання будуецца не на ведах, а на спосабе іх падачы, абапіраецца на пачуцці. Выхаванне асаблівага дзіцяці — цяжкая місія, якая не мае гатовых тэхналогій і рэцэптаў. Яе поспех вызначаецца прафесіяналізмам, ініцыятывай і гатоўнасцю да супрацоўніцтва ўсёй школьнай каманды”.

Кожнае дзіця вартае любові дарослага, а дзіця з асаблівасцямі ў развіцці патрабуе да сябе ў разы больш увагі, цярпення і любові. Толькі сумесная творчасць дзяцей, бацькоў і педагогаў фарміруе даверлівыя адносіны, прывучае да супрацоўніцтва, са­дзейнічае ўсебаковаму развіццю дзяцей. У працэсе творчасці ўдасканальваюцца маторныя навыкі дзяцей, уяўленне, здольнасці, адбываецца іх сацыяльная адаптацыя. Да таго ж гэта цікава і займальна.

“Развіваючы ідэю дыялогу культур, у бягучым навучальным годзе мы з вучнямі сістэматызавалі веды аб дзіўнай Італіі, гасцінным Азербайджане і маляўнічай Грузіі, — расказала Алена Іванаўна. — Арганізавалі шэраг сустрэч з запрошанымі гасцямі, кніжныя і музейныя выставы, падрыхтавалі нумары самадзейнасці. Нам удалося гэта зрабіць дзякуючы асабістаму знаёмству педагогаў школы з прадстаўнікамі названых краін. Віртуальна праз інтэрнэт нашы выхаванцы наведалі знакавыя месцы сонечнай Італіі, паглядзелі відэафільмы пра Джані Радары і паслухалі яго кнігі. Экскурсавод з Мілана сеньёр Дарыё Ваір падарыў нашым выхаванцам кнігі на італьянскай мове, у тым ліку вядомую казку “Прыгоды Чыпаліна”. Разам з госцем вучні развучвалі італьянскія словы і фразы, вучыліся танцаваць пад італьянскія песні.

У школе-інтэрнаце таксама адбылося мерапрыемства, прысвечанае азербайджанскай культуры. Азербайджан спрадвеку называюць “краінай агнёў” з-за радовішчаў нафты і газу, якія залягаюць блізка да паверхні. Прыродны газ, які прарываецца з расколін, часта запальваецца з-за ўдару маланкі ці няўдала разведзенага вогнішча. Мы з задавальненнем пазнаёміліся з гэтай краінай, навучыліся вітаць ­адзін аднаго па-азербайджанску, танцаваць нацыянальныя танцы з гасцямі, якіх запрасілі. Сярод іх быў Рашыд Агакішыеў — на той момант генеральны дырэктар кампаніі “Сокар Канстракшн” (Азербайджан), якая, дарэчы, аказала падтрымку беларускім медыкам у барацьбе з COVID-19. Адкрыў свята цудоўны музычны нумар “Прыгожыя вочы”, выкананы на кларнеце. Падчас сустрэчы мы спявалі, рабілі нацыянальны дыван у стылі аплікацыі. На кніжнай выставе былі прадстаўлены азербайджанскія казкі, кнігі Э.Сафарлі і зборнік “Я палюбіў Азербайджан”, дзе надрукаваны верш беларускай паэткі Е.Лось, прысвечаны гэтай краіне.

У красавіку наша школа прымала гасцей з сонечнай Грузіі. Мы знайшлі цікавыя факты аб гэтай краіне, падрыхтавалі насычаны сцэнарый. Віртуальнае падарожжа ў Грузію стала адной з яркіх вясновых падзей у школе-інтэрнаце. Дабрачынны канцэрт прайшоў пры ўдзеле і падтрымцы старшыні грузінскага культурна-асветніцкага таварыства “Мамулі” Кахі Пакацашвілі. У сваю чаргу нашы педагогі разам з вучнямі паказалі самабытнасць, гасціннасць і шчодрасць беларускага народа. На свяце чыталі вершы на грузінскай і беларускай мовах, спявалі песні. Канцэрт адкрыла ўладальніца моцнага вакалу, таленавітая і чароўная спявачка Daro Dari. Хвалюючымі грузінскімі танцамі захапіў публіку танцавальны ансамбль “Сонечная Грузія” пад кіраўніцтвам Дзіяны Дараселія. Грузінскія мужчыны з выдатнымі галасамі выклікалі асаблівыя сімпатыі ў прадстаўніц прыгожага полу. Навучэнцы ра­зам са старшынёй грузінскай дыяспары паўдзельнічалі ў майстар-класе па вырабе хінкалі. І, вядома ж, паспрабавалі розныя прысмакі, падораныя нашымі гасцямі.

Дыялог культур — гэта пранікненне ў сістэму каштоўнасцей той ці іншай культуры, павага да іх. Так навучэнцы набываюць новыя веды аб гісторыі і культуры розных народаў. Акунуўшыся ў атмасферу любові і свята, дзеці дэманструюць свае таленты, вучацца праяўляць сябе, не баяцца спрабаваць нешта новае. Напрыклад, падчас заняткаў пляценнем або аплікацыяй добра развіваецца маторыка пальцаў, маляванне развівае пачуццё густу, а спевы паляпшаюць работу галасавых звязак. Музыка — гэта мова сэрца, яна прымушае адчуваць, дазваляе расказаць пра тое, пра што не скажаш словамі, дапамагае жыць, бо валодае магічнай сілай, якая закранае самыя тонкія струны чалавечай душы. Усё гэта так неабходна для асаблівых дзяцей. А музычная казка — яркі, эмацыянальны пераказ казачных па­ядзей з музычным суправаджэннем. Разам мы ствараем сваю асаблівую казку. Сфарміраваць у свядомасці дзіцяці пачуццё прыгожага — вось фундаментальная задача мастацка-эстэтычнага выхавання. Дзіця заўсёды адгукаецца на прыгажосць у прыродзе, прадметным свеце, мастацтве, на дабрыню людзей. Хочацца верыць, што і ў будні, і ў святы добрыя ўсмешкі заўсёды знойдуць адна адну, добрыя рукі зліюцца ў поцісках, а добрыя справы прынясуць шмат радасці”.

Надзея ЦЕРАХАВА.