Сумесна з бацькамі і сацыяльнымі партнёрамі

- 10:59Планёрка ў рэгіёне

Сёння наша планёрка адбываецца ў Гарадку, што на Віцебшчыне. Размова з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Гарадоцкага райвыканкама Уладзімірам Барысавічам НАВІЧОНКАМ пра надзённае.

— Уладзімір Барысавіч, якім чынам развіваецца і куды рухаецца сістэма адукацыі Гарадоцкага раёна сёння?

— На працягу некалькіх гадоў з улікам дэмаграфічнай сітуацыі, сацыяльных і эканамічных фактараў і ў мэтах павышэння эфектыўнасці расходавання бюджэтных сродкаў праводзіцца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. Яна мае планавы характар і заклікана забяспечыць стварэнне больш якасных умоў для навучання, выхавання і самарэалізацыі падрастаючага пакалення. З 1 верасня 2016 года ліквідаваны тры ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Закрыццё ў першую чаргу звязана з нізкай напаўняльнасцю класаў, адсутнасцю перспектывы павелічэння колькасці навучэнцаў. Эканамічны эфект ад праведзенай аптымізацыі сеткі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі за 4 месяцы 2016 года склаў 2,3 млрд недамінаваных рублёў. Грошы накіроўваюцца на развіццё сістэмы адукацыі раёна.

Штогод навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі вынікова выступаюць на трэцім і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, цэнтралізаваным тэсціраванні. У 2017 годзе 7 навучэнцаў сталі пераможцамі трэцяга (абласнога) этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Біялогія”, “Геа-графія”, “Матэматыка”, “Беларуская мова і літаратура”, трое будуць выступаць на рэспубліцы. Навучэнка сярэдняй школы № 1 Гарадка Юлія Талкачова — пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі 2016 года (дыплом I ступені), уключана ў банк даных адораных навучэнцаў і ўзнагароджана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У 2016 годзе выпускнікі сярэдняй школы № 1 Гарадка на цэнтралізаваным тэсціраванні па англійскай мове па паказчыку сярэдняга бала занялі 1-е месца сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны, 11-е — па матэматыцы, гісторыі Беларусі.

— Сёння шмат увагі ўдзяляецца сувязі сям’і і школы. Як наладжана ўзаемадзеянне з бацькамі ў вашым раёне?

— Нездарма гавораць, што самае складанае ў рабоце з дзецьмі — гэта работа з іх бацькамі. У апошні час мы ўсё часцей пераконваемся ў несумненнай слушнасці гэтай фразы. Зараз тыповыя выпадкі, калі школа застаецца адзін на адзін з праблемай выхавання дзіцяці. У гэтай сітуацыі школа сапраўды выхоўвае і дзіця, і сям’ю. Але ў большасці выпадкаў абодва бакі дзейнічаюць разам, бо зацікаўлены ў тым, каб выхаваць у дзіцяці Чалавека. Узаемадзеянне з бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) у нашых установах арганізавана па двух асноўных напрамках: педагагічная асвета і ўключэнне бацькоў у дзейнасць устаноў адукацыі. З гэтай мэтай ва ўстановах праходзяць бацькоўскія лекторыі, адкрытыя заняткі, бацькоўскія сходы, кансультацыі псіхолагаў, арганізавана рубрыка “Бацькам” на сайтах устаноў адукацыі. Уключэнне бацькоў у дзейнасць устаноў адукацыі адбываецца праз працу бацькоўскіх камітэтаў, удзел бацькоў у рабоце савета школы, а таксама з дапамогай правядзення розных сумесных мерапрыемстваў — спаборніцтваў, конкурсаў, паходаў, акцый.

— А што прапануюць школы раёна сваім вучням у суботу?

— Арганізацыя суботняга дня ажыццяўляецца з улікам канкрэтных умоў кожнай установы адукацыі. Выхаваўчая прастора шостага дня ўключае раённыя культурна-масавыя мерапрыемствы, арганізацыю дадатковай адукацыі, пазакласную работу па вучэбных прадметах, спартыўныя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, работу службы СППС. У шосты школьны дзень ва ўстановах нашага раёна працуюць 34 факультатывы, функцыянуе 51 аб’яднанне па інтарэсах. У бягучым месяцы ва ўстановах прайшлі піянерскія зборы, прысвечаныя Дню юнага героя-антыфашыста, круглыя сталы і сустрэчы, прымеркаваныя да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, конкурсы патрыятычнай песні, віншаванні ветэранаў з Днём абаронцаў Айчыны.

Прайшлі дні прафарыентацыі, у рамках якіх навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі наведалі аграрна-тэхнічны каледж Гарадка, пазнаёміліся з вытворчымі лабараторыямі і майстэрнямі, атрымалі ўяўленні аб прафесіях, на якія тут можна вучыцца, паўдзельнічалі ў практычных занятках. Спадзяёмся, што дні прафарыентацыі дапамогуць нашым навучэнцам з прафесійным самавызначэннем і яшчэ раз звернуць іх увагу на прафесіі, запатрабаваныя ў нашым рэгіёне. Тут жа хачу заўважыць, што шосты школьны дзень зусім не азначае, што ў суботу ўсе павінны збірацца ў школе. Частка дзяцей прыходзіць у школу, частка — ва ўстанову дадатковай адукацыі, дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, дзіцячую школу мастацтваў. Хтосьці па аб’ектыўных прычынах застаецца дома з бацькамі. У навучэнцаў ёсць магчымасць выбару.

— А якія перспектывы ў арганізацыі вольнага часу, накіраванага на фарміраванне здаровага ладу жыцця?

— Значнай падзеяй 2016 года стала перамога аддзела адукацыі, спорту і турызму Гарадоцкага райвыканкама і сярэдняй школы № 1 Гарадка ў 1-м конкурсе мясцовых ініцыятыў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “БЕЛМЕД”. Наша праектная ініцыятыва “4 сезоны здароўя” атрымала грант на ўкараненне тэхнічных і адукацыйных мерапрыемстваў. У выніку рэалізацыі ініцыятывы на працягу 2017 года на тэрыторыі сярэдняй школы № 1 Гарадка будзе створаны комплексны навучальны спартыўна-аздараўленчы цэнтр “4 сезоны здароўя”, які забяспечыць разнастайныя магчымасці для арганізацыі заняткаў спортам на працягу ўсіх сезонаў года: будуць абсталяваны хакейная пляцоўка, лёгкаатлетычнае ядро стадыёна, валейбольная пляцоўка, комплекс варкаўта. Будзе створана пляцоўка па вывучэнні ПДР, іміджавая пляцоўка па асновах бяспекі жыццядзейнасці. На базе аздараўленчага лагера ў Кабішчы да адкрыцця летняга сезона будзе абсталяваны вяровачны парк.

А 22 лютага 2017 года на базе сярэдняй школы № 2 Гарадка адбылося адкрыццё скаладрома. Акрамя скаладрома, абсталявана траса для турысцка-прыкладнога мнагабор’я. Па сваіх памерах і функцыянале пабудаваны спартыўны комплекс уваходзіць у пяцёрку лепшых скаладромаў краіны. Скаладром уключае ў сябе 8 маршрутаў рознай ступені складанасці. Дзякуючы канструктыўным асаблівасцям, існуе магчымасць лёгкай змены маршрутаў ад лёгкага да экстрэмальнага ўзроўню складанасці.

— Не магу не спытаць і пра праблемы.

— У раёне захоўваецца тэндэнцыя зніжэння колькасці дзяцей. За апошнія 5 гадоў колькасць дзяцей да 18 гадоў зменшылася на 500 чалавек. Прыкметна адрозніваецца колькасць нованароджаных у сельскай і гарадской мясцовасці. Так, у 2016 годзе ў сельскай мясцовасці нарадзілася 39 дзяцей, у гарадской — 165. Усё гэта вядзе да памяншэння колькасці навучэнцаў і выхаванцаў, якія вучацца ў сельскіх установах адукацыі раёна. Па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема забеспячэння школ новым лабараторным і дэманстрацыйным абсталяваннем, сучаснымі кабінетамі фізікі, хіміі, біялогіі. З улікам сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, дэмаграфічнай сітуацыі прыярытэтнымі задачамі работы аддзела і ўстаноў адукацыі з’яўляюцца павелічэнне аб’ёмаў пазабюджэтнай дзейнасці, пошук новых відаў паслуг і забеспячэнне рэжыму эканоміі матэрыяльных, энергетычных, фінансавых рэсурсаў. Задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі, нямала. Усе яны выканальныя, але патрабуюць дасведчанага кіраўніцкага падыходу, як на ўзроўні ўстановы адукацыі, так і на ўзроўні раёна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.