Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь распрацавала праграмы па барацьбе з карупцыяй. Работа над гэтым вялася ў непасрэдным кантакце і пад кіраўніцтвам Генеральнай пракуратуры краіны. Аб гэтым было аб’яўлена падчас прэс-канферэнцыі з нагоды 25-годдзя ўстановы вышэйшай адукацыі.
Тыпавыя адукацыйныя і вучэбныя праграмы распрацаваны як для спецыяльнасцей перападрыхтоўкі, так і для спецыяльнасцей першай ступені эканамічнага, прававога і кіраўніцкага профілю.
“Яшчэ з мінулага года ў вучэбныя планы і на першай ступені, і на ўзроўні перападрыхтоўкі дысцыпліна “Процідзеянне карупцыі” ўведзена ў якасці самастойнай”, — расказала Вольга Салдатава, начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Хутка з друкарні выйдзе і вучэбны дапаможнік з аднайменнай назвай, падрыхтаваны вялікім аўтарскім калектывам, сярод якога ёсць і прадстаўнікі Генпракуратуры. Да таго ж у гэтым годзе на ўзроўні перападрыхтоўкі адкрываецца новая спецыяльнасць — “Дзяржаўнае кіраванне і пракурорскі нагляд”. Як адзначыў рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РэспублікіБеларусь Марат Жылінскі, са сцен акадэміі выйшла не адно пакаленне кіраўнікоў, якія ўжо сёння працуюць ва ўсіх сферах дзяржаўнага жыцця нашай краіны.
“Мы ўсведамляем адказнасць таго, што Акадэмія кіравання павінна мабілізаваць свае сілы для эфектыўнага, якаснага вырошчвання інтэлектуальнага кіраўніцкага патэнцыялу, неабходнага краіне”, — адзначыў Марат Жылінскі.
Як расказаў Сяргей Шаўрук, прарэктар па вучэбнай рабоце — дырэктар Інстытута дзяржаўнай службы, высокай мабільнасцю ў змяненнях зместу адукацыйнага працэсу акадэмія не адрозніваецца ад самых прэстыжных універсітэтаў ЗША, Канады, Францыі і Германіі.
“Мы працуем такім чынам, каб нашы слухачы атрымлівалі адказы на пытанні, якія стаяць перад імі ў практычнай кіраўніцкай дзейнасці”, — удакладніў прарэктар па вучэбнай рабоце.
Нягледзячы на тое, што Акадэмія кіравання славіцца сваёй сістэмай перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, дзе вучацца кіраўнікі розных узроўняў, не меншай папулярнасцю яна карыстаецца і сярод юных абітурыентаў. Зараз у акадэміі вядзецца работа з банкам даных адоранай і таленавітай моладзі.
“Мы здзяйсняем падрыхтоўку па 16 адукацыйных праграмах на другой ступені вышэйшай адукацыі, якія лагічна працягваюць падрыхтоўку чатырох спецыяльнасцей на першай ступені”, — дадала Вольга Салдатава.
Святлана ШЫЯН.
Фота БелТА.