Суперквіз для школьнікаў

- 15:46Адукацыйная прастора

Ва ўстановах адукацыі Бабруйска рэалізуецца абласны праект #Мая_Зямля_Прыдняпроўе.

Да праекта падключылася кожная навучальная ўстанова горада. Ладзяцца сумесныя патрыятычныя мерапрыемствы. Так, для мясцовых школьнікаў быў арганізаваны сапраўдны суперквіз “Бабруйск — мой край: вывучай, любі і ведай!”.

— У інтэлектуальным спаборніцтве прынялі ўдзел каманды навучэнцаў з гарадскіх сярэдніх школ № 16, 28, 30 і 34, а таксама гімназіі № 1 Бабруйска. Квіз складаўся з шасці раўндаў. Навучэнцам неабходна было прадэманстраваць свае веды па тэмах “Бабруйск гістарычны”, “Бабруйская крэпасць”, “Бабруйск у датах”, “Імі ганарыцца Бабруйск”, “Бабруйск прамысловы”, “Сімвалы Бабруйска”. Інтэрактыўная гульня атрымалася вельмі захапляючай. Дух саперніцтва, актыўнасць і імкненне да перамогі вылучалі кожнага ўдзельніка. Былі пытанні, якія выклікалі ў дзяцей пэўныя цяжкасці, але ў цэлым яны паказалі, што добра ведаюць мінулае і сучаснасць роднага горада, — паведаміла начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама А.С.Лісіца.

Паводле яе слоў, гульня дапамагла навучэнцам праявіць інтэлектуальныя здольнасці, папоўніць і пашырыць свае веды пра малую радзіму. Самыя лепшыя каманды былі адзначаны. Дыпломамі ўпраўлення па адукацыі гарвыканкама ўзнагаро­дзілі прадстаўнікоў гімназіі № 1 і сярэдняй школы № 28 Бабруйска, якія падзялілі паміж сабой 1-е месца, а таксама каманды, што сталі прызёрамі суперквіза.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўпраўленнем па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама.