Супрацоўніцтва без меж

- 12:16Якасць адукацыі

У падрыхтоўцы спецыялістаў дашкольнай і пачатковай адукацыі Мінскі гарадскі педагагічны каледж — заўсёды ў пошуку новых падыходаў. 

Толькі за некалькі месяцаў новага навучальнага года распрацоўкі калектыву былі прадстаўлены на больш чым 10 міжнародных канферэнцыях. Сярод іх — Педагагічныя чытанні імя К.Д.Ушынскага, арганізаваныя Гатчынскім педагагічным каледжам (Расія) па тэме лічбавага навучання, Усерасійская навукова-практычная канферэнцыя “Сучасныя тэндэнцыі развіцця дашкольнай і пачатковай адукацыі”, праведзеная сумесна з Глазаўскім дзяржаўным педагагічным каледжам. Педагогі каледжа прэзентавалі свой вопыт на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Дашкольная адукацыя: вопыт, праблемы, перспектывы”, арганізаванай Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі. З калегамі з Кастанайскага педагагічнага каледжа разгледзелі актуальныя пытанні народнай педагогікі і сучаснай адукацыі, разам з педагогамі з Масквы абмеркавалі інавацыйныя падыходы ў галіне  псіхалогіі адоранасці і творчасці.

На VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Падрыхтоўка настаўніка пачатковых класаў: праблемы і перспектывы”, арганізатарам якой выступіў БДПУ імя Максіма Танка, педагогі каледжа сумесна з даследчыкамі з Расіі, Узбекістана, Латвіі і Эстоніі абмеркавалі сучасныя тэндэнцыі адукацыі. У час пасяджэння ўзнімаліся тэмы сацыяльнага ўзаемадзеяння ў станаўленні асобы грамадзяніна, патрыёта, прафесіянала, фарміравання прафесійных кампетэнцый будучага педагога сродкамі валанцёрскай дзейнасці, павышэння імі­джу маладога педагога, эстэтычнай культуры будучых педагогаў сродкамі мастацкай творчай дзейнасці.

На погляд дырэктара Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа кандыдата педагагічных навук К.А.Пятруцкай, адна з галоўных задач сёння — фарміраванне грамадзянскай і прававой культуры будучых педагогаў, імкнення да прафесійнага росту і самаўдасканалення на карысць краіны. Ідэалагічная работа каледжа ўключае шырокі спектр інавацыйных форм і напрамкаў работы, доўгатэрміновых акцый і сумесных мерапрыемстваў з усімі сацыякультурнымі аб’ектамі сталічнага рэгіёна. Пры правя­дзенні дыялогавых пляцовак і сумесных мерапрыемстваў з зацікаўленымі структурамі ажыццяўляецца ўзаемадзея­нне з дзяржаўнымі і грамадскімі дзеячамі, вядомымі вучонымі, прадстаўнікамі мастацкай сферы.

— Педагогі нашага каледжа працуюць над удасканаленнем выхаваўчага працэсу, — адзначыла дырэктар каледжа. — Мы шануем традыцыі педагагічнай адукацыі, пастаянна пашыраем магчымасці для самарэалізацыі і самаўдасканалення навучэнцаў, выкарыстоўваючы дадатковую адукацыю, арганізацыю вольнага часу, сацыяльнае ўзаемадзеянне з зацікаўленымі арганізацыямі.

Заслугоўвае ўвагі мадэль падрыхтоўкі будучага выхавальніка дашкольнай адукацыі ў кантэксце лічбавізацыі сістэмы адукацыі. Гэтая тэма была прадстаўлена загадчыкам аддзялення “Дашкольная адукацыя” магістрам педагагічных навук Н.В.Пралыгінай. Па словах педагога, інавацыйным напрамкам з’яўляецца фарміраванне асноў інжынернага мыслення ў дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, Lego-канструявання і Lego-праграмавання, адукацыйнай робататэхнікі і мультыплікацыі. Аднак гэты працэс патрабуе спецыяльных умоў, тэхналогій, якія педагог выкарыстоўвае, выбудоўваючы сістэму педагагічнага ўзае­мадзеяння з дзіцем. Распрацаваная мадэль падрыхтоўкі выхавальніка дашкольнай адукацыі (на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі) стане асновай для вызначэння прафесійных кампетэнцый. Адметным крокам у гэтым працэсе з’яўляецца арганізацыя падрыхтоўкі будучых педагогаў на аснове стандартаў WorldSkills. 

Фарміраванне прафесійных кампетэнцый навучэнцаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з вучэбным планам па спецыяльнасці, у рамках вучэбнай дысцыпліны “Методыка прымянення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе” і на факультатыўных занятках “Спаборніцкая педагогіка”, “Адукацыйная робататэхніка”. Абавязковай педагагічнай умовай рэалізацыі мадэлі з’яўляецца арганізацыя працэсу прафесійнай падрыхтоўкі на базе цэнтра WorldSkills па кампетэнцыях “Да­школьная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя”, які функцыянуе ў дзіцячым садзе — пачатковай школе № 31 Мінска.

Ала КЛЮЙКО. 
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.