Супрацоўніцтва пашыраецца

- 11:19Адукацыйная прастора

Афіцыйная дэлегацыя на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь Крысцінай Юханесан у ходзе двухдзённага візіту на Віцебшчыну наведала гімназію № 2 абласнога цэнтра і тры ўстановы вышэйшай адукацыі рэгіёна.

Перспектывы супрацоўніцтва былі абмеркаваны падчас рабочай сустрэчы ў Віцебскім аблвыканкаме з кіраўніцтвам вобласці, прадстаўнікамі прамысловасці і дзелавых колаў. Намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін акцэнтаваў увагу на тым, што ўзаемавыгадныя кантракты ў сферах эканомікі, адукацыі, экалогіі і культуры пастаянна пашыраюцца, і выказаў спадзяванне на далейшае іх развіццё, для чаго Віцебшчына гатова ствараць неабходныя ўмовы і аказваць падтрымку ў рэалізацыі планаў. Гатоўнасць да ўзаемадзеяння выказалі і ўдзельнікі шведскай дэлегацыі. Па словах Крысціны Юханесан, фармат дзелавога супрацоўніцтва прадвызначаны падабенствам вобласці са шведскімі рэгіёнамі па кліматычных умовах і асноўных прыродных рэсурсах, таму адзін з магчымых прыярытэтных напрамкаў партнёрства — дрэваапрацоўка. Шведскі бізнес праяўляе цікавасць да прысутнасці ў СЭЗ “Віцебск”, развіццё якой выразна дэманструе высокі патэнцыял рэгіёна ў рабоце з замежнымі інвестарамі. Сярод рэзідэнтаў свабоднай эканамічнай зоны ўжо ёсць адна шведская кампанія, і, як чакаецца, гэтае прадстаўніцтва будзе павялічвацца.

У гімназіі № 2 Віцебска госці са Швецыі і першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч пазнаёміліся з гісторыяй установы адукацыі, прэзентацыяй шведскіх свят, што ў рамках факультатыўных заняткаў традыцыйна праходзяць на яе базе, матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем і арганіза­цыяй адукацыйнага працэсу, а таксама сустрэліся з навучэнцамі, якія вывучаюць шведскую мову, і іх настаўніцай Таццянай Сініцай. Экс­курсію па гімназіі правёў яе дырэктар Канстанцін Кісялёў.

— Я вельмі здзіўлена вашымі ведамі, — звярнулася да навучэнцаў менеджар праектаў пасольст­ва Наталля Века. — Сама я ў далёкім 1996 годзе вучылася ў першай у нашай рэспубліцы групе шведскай мовы ў лінгвістычным універсітэце, потым 15 гадоў выкладала там шведскую мову і хачу сказаць, што студэнты, якія прыходзілі да мяне ва ўзросце 18—19 гадоў і вывучалі перад тым год ці два шведскую мову тройчы на тыдзень па дзве гадзіны, гаварылі намнога горш, чым вы. Гэта здорава, я ў захапленні. Вы маеце ўнікальныя магчымасці і рэсурсы, у вас ёсць усе падставы ганарыцца сваёй гімназіяй: яна адзіная ў Беларусі, дзе выкладаецца шведская мова.

Кіраўнік дыпламатычнага ведамства падарыла навучэнцам некалькі кніг шведскіх пісьменнікаў, перакладзеных на беларускую мову. Дзеці расказалі пра сябе, свае захапленні і нават выканалі песню па-шведску. Дарэчы, перакладчык у размове не спатрэбіўся: Крысціна Юханесан дасканала валодае рускай мовай.

— Мне заўсёды падабаліся замежныя мовы, — расказала гімназістам Крысціна Юханесан. — З трэцяга класа вывучала англійскую мову, з шостага можна было выбіраць французскую, нямецкую, іспанскую або італьянскую — я выбрала французскую. У нас такая сістэма адукацыі: спачатку дзевяць гадоў — школа, далей тры гады — гімназія і толькі потым — універсітэт. У гімназіі ў мяне была яшчэ лацінская мова і ў апошні год крыху рускай. Лёс распарадзіўся так, што я паступіла ва ўніверсітэт на спецыяльнасць “Руская мова і літаратура”, працавала перакладчыкам. Ці было складана ў вывучэнні рускай мовы? Ведаеце, напэўна, так, бо вельмі рэдка ўдавалася чуць, як гавораць носьбіты мовы. Калі мы вывучаем замежную мову толькі ў школе, у класе, гэтага мала, трэба займацца дадаткова, магчыма, знайсці любімую тэлеперадачу — не дубліраваную, а ў арыгінальнай версіі — і проста слухаць, як гавораць носьбіты мовы. Для мяне гэта заўсёды было важна. Зараз бяру ўрокі беларускай мовы. У вас вельмі добрае шведскае вымаўленне, вы малайцы. І правільна зрабілі, што падрыхтавалі прэзентацыю вашых свят, канечне, мы зараз зацікаўлены, каб іх наведаць. Будзем старацца, каб да вас часцей прыязджалі нашы суайчыннікі — пісьменнікі і іншыя цікавыя людзі.

Згодна з праграмай знахо­джання на Віцебшчыне, шведская дэлегацыя наведала Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.