Супрацоўніцтва са знакам якасці

- 10:52Якасць адукацыі

Ужо на працягу дзесяці гадоў з 17 па 21 кастрычніка ў Беларусі праводзіцца тыдзень нямецкай мовы. У многіх установах адукацыі праходзяць лекцыі і кінапаказы, прымеркаваныя да гэтай падзеі. Не застаўся ўбаку і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, на базе якога быў адкрыты Цэнтр нямецкай мовы, эканомікі і культуры.

“Сёлета мы адзначаем 25-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. Гэтыя гады былі плённымі ў плане развіцця не толькі эканамічных адносін, але і ў галіне адукацыі і культуры. Таму адкрыццё цэнтра такога кшталту — падарунак усім нам”, — выказаўся на цырымоніі адкрыцця цэнтра Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол ФРГ у Рэспубліцы Беларусь Петэр Дэтмар.

Дыпламата падтрымала кіраўнік інфармацыйнага бюро Германскай службы акадэмічных абменаў у Беларусі Керсцін Мюлер, якая асабліва адзначыла афармленне цэнтра. “Стварэнне такой пляцоўкі гаворыць пра зацікаўленасць моладзі ў вывучэнні Германіі. Гэта пачатак доўгага творчага шляху”, — выказалася госця.

Падобны цэнтр на базе БДЭУ ўжо не першы: ва ўніверсітэце ёсць таксама цэнтры лацінаамерыканскіх даследаванняў, персідскай мовы і іраназнаўства, міжкультурнай дзелавой камунікацыі (англійская мова) і кабінет Канфуцыя (кітайская мова). Па словах загадчыцы кафедры нямецкай мовы Валянціны Шаўцовай, усё пачыналася са стварэння студэнцкай лабараторыі “Лінгваэканаміст”, якая пасля стала буйной пляцоўкай для папулярызацыі нямецкай мовы. “Мы паспрабавалі звязаць вывучэнне моў з эканомікай і зразумелі, што можам зрабіць нешта большае. Цяпер плануем на базе цэнтра разгортваць не толькі навукова-даследчую дзейнасць, але і знаёміцца з культурай і эканомікай Германіі”, — заўважыла Валянціна Шаўцова.

Цэнтр нямецкай мовы, эканомікі і культуры стане базай, дзе будуць праводзіцца міжнародныя канферэнцыі па эканоміцы, моўныя алімпіяды і краіназнаўчыя семінары. Заняткі там будуць праходзіць як па раскладзе, так і пазаўрочна. Гэта дапаможа студэнтам самастойна вывучаць нямецкую мову і праводзіць навукова-даследчыя эксперыменты.

“Мы даўно выбралі моўны вектар і зараз працуем над яго развіццём. Трэцяя частка прафесарска-выкладчыкага складу ўніверстэта — выкладчыкі дзевяці замежных моў. Чатыры з іх — англійскую, нямецкую, іспанскую і французскую — студэнты вывучаюць у якасці першай мовы”, — паведаміў рэктар БДЭУ прафесар Уладзімір Шымаў.

“Цэнтр дасць нам шмат дадатковых магчымасцей, — гавораць студэнткі факультэта маркетынгу і лагістыкі Настасся Раткевіч, Аліна Пракопчык і Таццяна Матрашына. — Гэта і міжуніверсітэцкія конкурсы, і супрацоўніцтва са студэнтамі з іншых краін. Адзін з апошніх нашых праектаў — “Міжнародны конкурс сацыяльнай рэкламы”, па выніках якога наша каманда са сваім ролікам прайшла ў фінал. Акрамя таго, што мы з’ядноўваемся паміж сабой, пазітыўным момантам з’яўляецца падтрымка нашых выкладчыкаў. Таму заўсёды хочацца даведвацца нешта новае і ўдасканальваць свае веды”.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.