Мадэрнізацыя эканомікі і іншых сфер жыцця грамадства немагчыма без стварэння ўмоў для рэалізацыі навуковага патэнцыялу таленавітай моладзі, гатовай прапанаваць дзяржаве, грамадству і бізнесу арыгінальныя ідэі, перадавыя рашэнні, нестандартныя падыходы. Менавіта такіх інаватараў аб’яднала Другая ўсерасійская навукова-практычная канферэнцыя расійскіх і замежных студэнтаў, аспірантаў, маладых навукоўцаў і спецыялістаў па праблемах практычнай рэалізацыі распрацовак па прыярытэтных кірунках развіцця навукі і тэхналогій.
Арганізатарам канферэнцыі выступіла Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за 400 чалавек — студэнты, аспіранты, маладыя навукоўцы, спецыялісты і выкладчыкі ўніверсітэтаў, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў Расійскай Федэрацыі, навуковых фондаў, грамадскіх арганізацый, кіраўнікі дзяржкарпарацый. Менавіта ў такім складзе ўдзельнікі абмеркавалі важныя пытанні, звязаныя з эфектыўным укараненнем у практыку навуковых распрацовак і іх паспяховага прасоўвання ў розныя сферы эканомікі.
У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі 27 рэгіёнаў Расіі. У ліку замежных дзяржаў: Арменія, Аўстрыя, Беларусь, Вялікабрытанія, Германія, Кітай, Швецыя.
У рамках Канферэнцыі прайшлі пленарныя пасяджэнні і тэматычныя секцыі. Адным з самых цікавых мерапрыемстваў стала дзелавая гульня “Магчымасці і перспектывы навукі для дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця ААН”.
У дзелавой гульні прынялі ўдзел 11 каманд з вядучых універсітэтаў Расіі. Маладыя вучоныя паспрабавалі сфарміраваць новы погляд на магчымасці навукі ў справе дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця ААН, прадэманстраваць уменні, навыкі індывідуальнага і сумеснага прыняцця рашэнняў. Можна з поўным правам сцвярджаць, што на канферэнцыі адбылося знаёмства з будучымі лідарамі Расіі.
На мерапрыемстве маладым навукоўцам была прадстаўлена магчымасць у фармаце прэзентацый пазнаёміць удзельнікаў са сваімі праектамі, распрацоўкамі, даследаваннямі. Работы ацанілі эксперты — прадстаўнікі дзяржкарпарацыі “Растэх”, Расійскай венчурнай кампаніі, Фонду “Сколкава”. Яны абмяняліся думкамі з маладымі калегамі, далі ім прафесійныя парады і рэкамендацыі.
На стэндавай экспазіцыі маладыя вучоныя прадставілі больш як 30 навукова-практычных распрацовак, ужо укаранёных або гатовых да ўкаранення ў самых розных сферах — экалогіі, сельскай гаспадарцы, транспарце, прамысловай вытворчасці, касмічных даследаваннях, біятэхналогіях і інш.
Аўтарытэтных экспертаў і ўдзельнікаў канферэнцыі ўразіў не толькі высокі ўзровень распрацовак, але і навізна рашэнняў, арыгінальныя падыходы і эканамічная мэтазгоднасць. Напрыклад, распрацоўка аўтараў з Валгаградскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта — падводны апарат МАК-1, які крочыць сам. Ён можа выкарыстоўвацца нават для даследавання планет. Або тэхналогія для прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі, якую распрацавалі ў Паўднёвым федэральным універсітэце: яна дазваляе пры ўтылізацыі шалупіння сланечніка атрымліваць такі каштоўны вугляродзісты арганічны сарбент, як біячар. Або праект Ціхаакіянскага дзяржаўнага ўніверсітэта — “Сістэма для аўтаматызаванага складання пратаколу дарожна-транспартнага здарэння”. Яго рэалізацыя дазваляе знізіць час для афармлення ДТЗ на 75 %.
Прыцягнула ўвагу экспертаў і “Аўтаматызаваная сістэма падбору і карэкцыі харчавання спартсмена па выніках перыядычнага кантролю складу цела, функцыянальнага стану і ўзроўню аднаўлення” — праект аўтараў з Цэнтра спорту і адукацыі “Самба-70”. Вынікам распрацоўкі з’яўляецца прадукт, які на ўваходзе збірае дадзеныя пра чалавека, а на выхадзе выдае склад і колькасць харчавання, а галоўнае — арыентуецца на індывідуальную дынаміку і ўносіць карэкцыі ў ходзе работы.
Аэракасмічная лабараторыя Маскоўскага тэхналагічнага інстытута сумесна з кампаніяй “Альтоамедыка” распрацавалі лятаючы дэфібрылятар. Апарат дыстанцыйна кіруецца аператарам, ляціць і прызямляецца без старонняй дапамогі.
Нават гэты невялікі пералік распрацовак пераконвае, наколькі разнастайныя сферы, у якіх маладыя навукоўцы прымяняюць свой талент.
Абмеркаваўшы лепшы вопыт суб’ектаў інавацыйнай дзейнасці, а таксама замежны вопыт, удзельнікі Другой практычнай канферэнцыі па пытаннях рэалізацыі навуковых распрацовак прынялі рэзалюцыю, у якой абагульнілі ўсе прапановы па стварэнні адзінай сістэмы падтрымкі маладых навукоўцаў на дзяржаўным узроўні.
Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.