У госці да выхаванцаў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі завітаў лётчык-выпрабавальнік, палкоўнік, Герой Савецкага Саюза Іван Яфімавіч Жукаў.
Іван Яфімавіч нарадзіўся ў 1934 годзе ў горадзе Уладзіміры. У 1953-м скончыў школу і Уладзімірскі аэраклуб. Праходзіў навучанне ў Арэнбургскім і Сызранскім ваенных авіяцыйных вучылішчах. З 1960 па 1963 год праходзіў службу ў горадзе Шчучыне. Залатую зорку Героя Савецкага Саюза атрымаў у 1982 годзе за подзвіг, які здзейсніў у ходзе выпрабаванняў знішчальніка МіГ-25. На вышыні 17 кіламетраў у самалёта перастала дзейнічаць кіраванне, аднак І.Я.Жукаў здолеў пасадзіць машыну на аэрадроме. Дзякуючы гэтаму, спецыялісты выявілі дэфект МіГ-25, які потым быў прадухілены на іншых самалётах гэтай лінейкі знішчальнікаў.
Навіна пра прыезд заслужанага лётчыка СССР сабрала ў палацы творчасці шматлікіх неабыякавых. На сустрэчу з Героем Савецкага Саюза прыйшлі дзеці з праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына”.
Падчас сустрэчы Іван Яфімавіч распавёў пра жыццё, ваенную службу, сяброў. Акрамя таго, не абмінуў такія вечныя тэмы, як шчасце, каханне, патрыятызм, вера, сям’я, сэнс жыцця.
Царыла цёплая і жывая атмасфера. Іван Яфімавіч падзякаваў за цёплую сустрэчу і пажадаў поспеху ў пошуку сапраўднага шчасця і любові, якія, на яго думку, з’яўляюцца самымі галоўнымі каштоўнасцямі ў жыцці.
Таццяна ТРАХІМЧЫК,
намеснік дырэктара Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.
Фота Л.Н.НЕМНА.